«Сапраўднымі паэтамі заўсёды становяцца адзінкі». 21.by

«Сапраўднымі паэтамі заўсёды становяцца адзінкі»

17.11.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міхась Башлакоў — пра новы зборнік твораў маладых літаратараў Беларусі

Першы крок у літаратуру маладому таленавітаму чалавеку зрабіць заўсёды складана. Дзякуючы заказу і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь 166 аўтараў, якія пішуць на беларускай і рускай мовах, змаглі заявіць пра сябе. У верасні гэтага года ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва» пабачыла свет кніга паэзіі маладых літаратараў Беларусі «Мы — маладыя», якую склалі іх лепшыя вершы. Сярод аўтараў — як ужо больш-менш вопытныя, чые імёны часта сустракаюцца на старонках перыядычнага друку, так і ў большасці сваёй тыя, хто прыйшоў да чытача ўпершыню… Пра складаную і, тым не менш, цікавую працу над выданнем расказаў рэдактар-укладальнік кнігі, вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась БАШЛАКОЎ (на здымку).

— Міхась Захаравіч, новая кніга — вынік вашай планамернай шматгадовай працы. Як нарадзілася ідэя стварэння ўнікальнага зборніка?

— Ідэя падрыхтаваць і выдаць кнігу паэзіі маладых літаратараў Беларусі нарадзілася гадоў пяць таму. Я працаваў тады ў Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі і вёў у Мінску некалькі літаратурных студый, якія наведвалі людзі рознага ўзросту, але ў асноўным школьнікі і студэнты. Самыя здольныя маладыя літаратары прымалі актыўны ўдзел у вечарах паэзіі і ў Мінскіх паэтычных чытаннях, што я пастаянна ладзіў у Цэнтральнай публічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Пайшла пагалоска і пра студыі, і пра вечары, і пра зборнік, які я намерваўся зрабіць і выдаць. Да мяне пацягнулася творчая моладзь. І не толькі мінчане. З усіх куткоў Беларусі на маё імя сталі дасылаць свае вершы тыя, хто спрабаваў нешта пісаць. Вось такім чынам і пачала паціху ажыццяўляцца ідэя. Не скажу, што гэта была лёгкая справа. Акрамя соцень і соцень вершаў, даволі розных па сваім мастацкім узроўні, я ўважліва перагледзеў усе перыядычныя літаратурныя выданні за апошнія дзесяць гадоў, а таксама амаль усе зборнікі вершаў маладых аўтараў. Карацей кажучы, усё, што трапляла мне ў поле зроку, уважліва чыталася, аналізавалася. Дарэчы, на стадыі фарміравання рукапісу вялікую дапамогу мне аказаў мой сябра, вядомы беларускі паэт і перакладчык, кандыдат філалагічных навук Мікола Шабовіч, які выкладае ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Ён прыносіў да мяне вершы сваіх студэнтаў, а таксама былых выпускнікоў — удзельнікаў універсітэцкага літаб’яднання «Крокі». І менавіта дзякуючы руплівасці Міколы Шабовіча ў гэтую кнігу трапілі творы амаль шасцідзесяці ягоных выхаванцаў. І я вельмі ўдзячны яму за гэта. А ўвогуле на падрыхтоўку рукапісу кнігі (збор матэрыялаў, адбор вершаў, укладанне і рэдагаванне) пайшло ажно два з паловай гады…

— У любой справе на шляху да поспеху трапляюцца так званыя падводныя камяні…

— Чаго-чаго, а камянёў любых памераў і на любым шляху хапае ў нашым жыцці… Адна справа — зрабіць рукапіс, і зусім другая — выпусціць у свет кнігу. І выпусціць не за кошт маладых, як прапаноўвалі некаторыя выдаўцы… Вясной 2010 года я перадаў рукапіс у РВУ «Літаратура і мастацтва». І вось нядаўна кніга нарэшце выйшла з друку. Праўда, думаю, што тэрмін два з паловай гады для выдання кнігі маладых велікаваты, бо за той час, пакуль рукапіс рыхтаваўся, а затым «пыліўся» на выдавецкай паліцы, 23 удзельнікі гэтага праекта паспелі выдаць свае ўласныя кнігі, а 9 літаратараў нават былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Але галоўнае, што кніга выйшла, кніга ёсць і, як мне здаецца, кніга атрымалася…

— Чым кіраваліся пры адборы аўтараў, на якія заслугі звярталі ўвагу?

— Кіраваўся толькі якасцю твораў. Незалежна ад таго, малады літаратар шмат друкуецца ці не надрукаваў яшчэ ніводнага радка. У некаторых аўтараў, нягледзячы на наяўнасць ужо выдадзеных уласных зборнікаў, я не змог нічога адабраць для гэтай кнігі. І не таму, што я такі строгі і патрабавальны… А, відаць, хутчэй таму, што даволі часта кнігі, якія выдаюцца за свой кошт у прыватных выдавецтвах, не толькі не адпавядаюць пэўнаму мастацкаму ўзроўню, а нават самым элементарным нормам… Увогуле, сапраўдная паэзія — гэта вялікая адказнасць. Адказнасць перад чытачом. І адказнасць перад часам — самым строгім, бескампрамісным і самым справядлівым суддзёй. Ёсць Паэзія і ёсць імітацыя паэзіі. Можна пісаць вершы, друкаваць іх у газетах і часопісах, выдаваць кнігі, быць, нарэшце, членам Саюза пісьменнікаў — і не быць паэтам… Зразумела, што не ўсе аўтары, чые творы пададзены ў гэтай кнізе, стануць паэтамі. Гэта проста нерэальна. Ды і мэты такой ніхто не ставіў. Мая задача была дапамагчы маладым людзям паверыць у свае здольнасці, свае сілы, прычапіць ім, як кажуць, крылы. Таму ў зборніку сустракаюцца аўтары і творы, розныя па сваім узроўні. І гэта нармальна. Але тое, што ў кнізе ёсць нямала даволі моцных аўтараў, бясспрэчна. І я вельмі рады за іх. Важна, каб яны не спыніліся на паўдарозе. Бо, каб быць паэтам у наш складаны, бездухоўны і безгустоўны час, трэба мець мужнасць, сілу волі і быць, калі хочаце, апантаным… Пры такім культурным узроўні нашага грамадства, пры пэўнай абыякавасці да мастацкага слова многіх нашых чыноўнікаў, пры капеечных ганарарах быць паэтам, а гэта значыць быць у жыцці шчырым, сумленным, праўдзівым, бескампрамісным, быць бяссрэбранікам, не кожнаму дадзена. Не кожны гатовы да выпрабаванняў, што чакаюць яго на гэтым няпростым шляху. Таму паэтамі, сапраўднымі паэтамі, а не звычайнымі вершатворцамі, заўсёды становяцца адзінкі…

— Зборнік маладых літаратараў убачыў свет. Ці ўсё атрымалася, што было запланавана?

— Задумвалася і была падрыхтавана кніга некалькі іншая, можна сказаць, унікальная. Акрамя вершаў маладых літаратараў, я адабраў па сем лепшых вершаў 39 добра вядомых, прафесійных паэтаў Беларусі і размясціў іх пад рубрыкай «Семінар паэзіі. Урокі майстэрства». Калі ласка, чытайце лепшыя вершы маладых і вершы лепшых сучасных паэтаў Беларусі. Як бы дзве кнігі ў адной… У далёкі ўжо савецкі час Саюз пісьменнікаў Беларусі штогод ладзіў Рэспубліканскі семінар маладых пісьменнікаў, які праходзіў спачатку ў Доме творчасці ў Каралішчавічах, а затым — на Іслачы, і доўжыўся ён звычайна цэлы тыдзень. На семінары маладыя літаратары маглі сустрэцца з самымі вядомымі паэтамі і празаікамі, драматургамі і крытыкамі, маглі параўнаць і ўзважыць сваё слова са словам старэйшых пісьменнікаў… Вось такі ж семінар, толькі на паперы, я і падрыхтаваў. Але, на вялікі жаль, не атрымалася. Шкада, што не падтрымалі гэтую маю ідэю.

— На сённяшні дзень маладому таленту даволі складана прабіцца на літаратурную ніву. Прааналізуйце, калі ласка, сучасную сітуацыю і дайце сваю ацэнку.

— Не думаю, што гэта так. Раней было намнога складаней, чым цяпер, надрукавацца і выдаць кнігу. Раней, калі цябе не друкуюць, то ўсё — баста… А цяпер ты можаш сабраць грошы і ў любым прыватным выдавецтве выдаць сваю кнігу за ўласны кошт. У гады маёй маладосці гэта было проста немагчыма, каб выдаць сваю кнігу незалежна ад розных абставін і розных асоб… Напрыклад, мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі даволі позна, у 37 гадоў. І ў гэтым была не мая віна… А цяпер уступіць у яго няма вялікіх праблем. Так што справа якраз, відаць, у іншым. Проста адданых паэзіі становіцца ўсё менш. Кнігі маладых у дзяржвыдавецтвах амаль не выходзяць. А калі і выходзяць, то ганарар вельмі нізкі, ні ў якое параўнанне з савецкім часам… Скажыце, які дурань будзе працаваць, ды яшчэ за свае грошы, проста так, за ідэю? Гэта сярод нас, старэйшага пакалення, былі і ёсць «дурні»… А вось сярод маладых такіх ідэйных «дурняў» амаль няма… Праблему маладых, а гэта значыць будучыні беларускай літаратуры, трэба вырашаць. І на дзяржаўным узроўні. Інакш застанемся без літаратуры — сапраўднай, высокамастацкай, прафесійнай, а галоўнае — нацыянальнай. Не будзе беларускай літаратуры, культуры, беларускай мовы — не будзе нацыі, а значыць, і дзяржавы. Гэта аксіёма.

— Зборнік «Мы — маладыя» выйшаў даволі значным тыражом — 2000 экзэмпляраў. Для маладых творцаў, відаць, сапраўдны поспех?

— Я вельмі ўдзячны Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь за падтрымку выдання гэтай кнігі. Тыраж яе сапраўды па цяперашніх мерках неблагі. Увесь ён паступае ў публічныя бібліятэкі Беларусі. На жаль, кніга не ідзе ў продаж. Шкадую пра гэта, бо, думаю, на паліцах кнігарань яна не заляжалася б.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міхась Башлакоў — пра новы зборнік твораў маладых літаратараў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика