Маэстра, музыку!
11.09.2013
—
Новости Культуры
|
Белдзяржфілармонія адкрыла новы канцэртны сезон Адкрыццё 76-га сезона адбылося ўчора ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Па традыцыі першы канцэрт даў адзін з вядучых філарманічных калектываў — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Прагучалі шэдэўры сусветнай класікі — Сімфонія № 41 «Юпітэр» В.А. Моцарта, адзін з «цудаў сімфанічнай музыкі», як назваў яе Чайкоўскі, а таксама канцэрт Й. Брамса для скрыпкі з аркестрам, у якім саліраваў музыкант з Францыі Аліўе Шарлье. Сёлетні год для славутага калектыву асаблівы, аркестр адзначае 85-годдзе. Юбілейныя ўрачыстасці і канцэрт-віншаванне запланаваны на 26 верасня. Разам з тым музыкантамі падрыхтаваны і шэраг іншых праграм, у ліку якіх канцэрты да 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, 100-годдзя Анатоля Багатырова, 85-годдзя Яўгена Глебава, выступленні з беларускімі і замежнымі салістамі. — Мы спадзяёмся, што новы сезон будзе цікавым для публікі. Напрыклад, задумалі два цыклы. Першы прысвечаны Моцарту, яго музыку прапануем амаль ва ўсіх сваіх праграмах. Другі цыкл называецца «Усе сімфоніі Чайкоўскага». На мой погляд, таксама сімпатычная «прыманка» для публікі. Дарэчы, у час адкрыцця фестывалю «Беларуская музычная восень» мы дазволім сабе аб’яднаць у адным канцэрце музыку Чайкоўскага і творы сучасных беларускіх кампазітараў, — інтрыгуе маэстра Анісімаў, вядомы аматар творчых эксперыментаў. Многа цікавых праектаў і ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Без увагі меламанаў, безумоўна, не застануцца сумесны творчы вечар кампазітараў Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка, вечары памяці Віктара Вуячыча і Якава Навуменкі, праграма, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у аснове якой знакаміты цыкл Уладзіміра Мулявіна «Праз усю вайну», сольны канцэрт выдатнага беларускага баяніста-віртуоза Уладзіслава Плігаўкі. У новым сезоне ўпершыню пасля рэстаўрацыі можна пачуць арган Белдзяржфілармоніі. Абноўлены інструмент, між іншым, адзін з самых вялікіх у Еўропе, цяпер не толькі чысцей гучыць, іграць на ім стала больш зручна для выканаўцы. Напрыклад, раней у час канцэрта пераключаць рэгістры (іх у аргане больш за сотню, іншы раз даводзіцца ўключаць-выключаць па дваццаць адначасова) арганісту дапамагаў асістэнт. Зараз гэта можа рабіць сам музыкант усяго толькі націскам на адпаведную кнопку. І гэта толькі адна са шматлікіх магчымасцей інструмента, якія забяспечваюць выкарыстаныя сучасныя тэхналогіі. Каля 850 мільёнаў рублёў было выдаткавана дзяржавай на рамонт аргана. Вынікі абнаўлення меламаны змогуць ацаніць ужо 13 верасня — арганны сезон на беларускай сцэне адкрые вядомы французскі музыкант Фабрыс Пітруа. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Белдзяржфілармонія адкрыла ўчора новы канцэртны сезон
|
|