Ultra-music адсвяткуе 10-годдзе вясёлай аттапыркай. 21.by

Ultra-music адсвяткуе 10-годдзе вясёлай аттапыркай

30.10.2013 13:34 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Незалежны музычны праект Ultra-music адзначае сваё першае дзесяцігоддзе. Пачынаўся сайт пра актуальную беларускую музыку як прыватная інтэрнэт-старонка меламана Вячаслава Радзівонава. Аднойчы хлопец зразумеў, што можна выходзіць на больш сур’ёзны ўзровень, прыцягваць да працы рэдактараў і журналістаў. На сайце Ultra-Music пачалi друкавацца свежыя музычныя навіны, рэпартажы з цікавых канцэртаў, агляды і рэцэнзіі. Акрамя гэтага, сайт стаў выдатнай пляцоўкай для прэзентацыі творчасці маладых музыкаў.

З нагоды свайго першага значнага юбілея праект зладзіць канцэрт “УМопомрачение”, які адбудзецца 2 лістапада ў мінскім клубе Re:Public. Юбіляра павіншуюць гурты Nizkiz, “Куклы”, Clover Club і зубры беларускага року Neuro Dubel. Напярэдадні святкавання карэспандэнт Naviny.by сустрэлася з кіраўніком праекта Вячаславам Радзівонавым.


Вырашылі не адмаўляцца ад прыгожай даты

Нягледзячы на тое, што праблем хапае, мы з добрым настроем сустракаем 10-годдзе. Складанасці мы вырашаем, таму яны настрой не псуюць. Дзесяцігоддзе – гэта хутчэй умоўная дата, бо актыўна праект працуе толькі апошнія 3-4 гады, раней гэта была мая home-page, на якой я пісаў пра музыку. Але ж дата такая прыгожая, што мы вырашылі не адмаўляцца ад яе і адзначыць.


Тады я зразумеў, што трэба шукаць каманду

Я падумаў, што з маёй старонкі можа атрымацца паўнавартасны музычны рэсурс пасля таго, як па выніках 2008 году самастойна зрабіў прэмію для беларускіх музыкаў. Быў вельмі моцны фідбэк, мне гаварылі, што трэба далей працаваць, развівацца, набіраць людзей ў каманду. Тады я зразумеў, што сапраўды трэба шукаць тых, хто будзе працаваць разам са мной.


Усё пачалося пасля Rammstein

Я дачакаўся канцэрту Rammstein у Мінску. Натуральна, на гэты гурт прыйшло вельмі шмат людзей. Я зрабіў фотарэпартаж з канцэрта, апублікаваў фоткі на старонцы. У той жа дзень, ведаючы, што на сайт прыйдзе нямала наведнікаў паглядзець фота, размясціў абвестку аб тым, што шукаю людзей, якія хочуць здымаць на канцэртах, пісаць пра музыку і музыкаў. Адгукнулася вельмі шмат жадаючых, адзін чалавек з якіх і зараз разам з намі. Пасля гэтага мы пачалі больш шчыльна супрацоўнічаць з людзьмі, размаўляць з імі, прыдумляць новыя ідэі.


Незалежныя музычныя прэміі даюць рэальны вынік

Я не лічу, што з’яўленне апошнім часам вялікай колькасцці незалежных музычных прэмій гэта кепска. Яны ўсе адрозніваюцца адна ад адной. Да таго ж, яны разам могуць даць някепскі плён: чым большая колькасць такіх прэмій адзначыць адзін і той жа гурт, тым большая значнасць гэтых музыкаў. Калі меркаванні розных экспертаў сыходзяцца, гэта аб нечым гаворыць. На якасць музыкі прэміі, канешне, паўплываць не могуць, але яны спрыяюць таму, каб сучаснай беларускай музыкай пачала цікавіцца большая колькасць людзей. Гэта я лічу вельмі значным вынікам для нас.


Нашы аўтары працуюць без ганарараў

Пошук людзей для нашага праекту – найбольшая праблема, бо рэдакцыя сайту віртуальная: у нас няма офісу, няма ганарараў. Усе людзі, якія пішуць для нас, робяць гэта з любові да музыкі і для ўласнага задавальнення. Тыя людзі, з якімі мы ўжо не першы год, сталі значна якасней пісаць, у іх нараджаюцца цікавыя ідэі.


Многія думаюць, што пісаць пра музыку лёгка

Мы і зараз шукаем людзей для працы, але апошнім часам амаль безвынікова. Заўсёды ёсць 10-15 чалавек, якія адгукаюцца, але пасля гэтага проста знікаюць. Усе чамусьці думаюць, што пісаць пра музыку – класна, весела і лёгка. Але калі пачынаюць нешта рабіць, то часта не атрымліваецца. Многія сутыкаюцца з першымі цяжкасцямі і адразу знікаюць з канцамі: не адказваюць на лісты, не спрабуюць узяцца за нейкую іншую тэму...


Галоўнае, каб гарэлі вочы

Апошнім часам для нас часта пішуць знаёмыя нашых сталых аўтараў. Бывае так, што аўтарам становіцца чалавек, у якім ты б ніколі не заўважыў здольнасці пісаць пра музыку. А ён пачынае, вучыцца, удасканальваецца і выдае класныя тэксты! Не заўжды ўсё атрымліваецца, але мы разам спраўляемся. Калі ў чалавека гараць вочы – гэта самае галоўнае!


Наша задача – пачаць зарабляць

На цяперашні момант наша асноўная задача – пачаць зарабляць. Мы будзем прадаваць рэкламу. Шукаць спонсара... Такой магчымасці ў Беларусі я не бачу, бо праект цалкам незалежны, ён пра сферу дзейнасці, на якой цяжка зарабіць. Калі б мы з тым жа імпэтам пісалі пра аўтамабілі, нерухомасць ці пра ахову здароў’я, мы б ужо даўно зараблялі. У беларускай музыцы грошай круціцца мала, таму я не думаю, што мы знойдзем спонсара, які б захацеў укладацца ў гэта.


Думкі кінуць усё з’яўляюцца кожныя паўгады

Бо насамрэч вельмі стамляешся. Бывае і апатыя, і нежаданне працаваць, але гэта праходзіць і ты зноў запальваешся, знаходзіш сілы, каб рабіць ўсё гэта дзеля ўласнага задавальнення. А калі побач з табой іншыя такія ж людзі, то ўсё не дарма. Хутчэй нават мой дух уздымаюць, чым я чыйсьці (смяецца), бо для мяне гэта праца, якая займае весь мой вольны час.


Найперш – беларуская музыка

Для нас важна найперш пісаць пра беларускую музыку. Мы імкнемся, каб людзі, якія прыйдуць на сайт паглядзець фотарэпартаж з канцэрта Scorpions, заадно паслухалі і новую песню гурта Clover Club, напрыклад. Чым больш мы заахвоцім людзей, тым лепш і для нас, і для музыкантаў: яны больш канцэртаў адыграюць, а нам будзе аб чым пісаць. Усё ўзаемна.


Мы стараемся не сябраваць з музыкамі

Я лічу, што не варта сябраваць з музыкамі, бо гэта адбіваецца на якасці артыкулаў. Калі ты з кімсьці сябруеш, складана напісаць негатыўны водгук нават тады, калі чалавек яго заслугоўвае. Мы імкнемся мець і падтрымліваць добрыя адносіны з музыкантамі, але пры гэтым трымаць дыстанцыю, каб быць больш аб’ектыўнымі і свабоднымі ў сваіх ацэнках.


Гурт Clover Club – наш гонар

Але ёсць гурты, якія мы некалі заўважылі і цягнем іх за сабой. Напрыклад, той жа Clover Club. Мы дапамаглі зладзіць ім першы клубны выступ, першы раз паклікалі на сваю музычную прэмію. І зараз мы з прыемнасцю назіраем, як калектыў расце, бярэ намінацыі на незалежных прэміях. Гэта наш гонар. У свой час на нашай прэміі адбыўся першы мінскі канцэрт Akute… Калі нам вельмі падабаецца гурт, мы будзем яго падтрымліваць і часцей пра яго пісаць.


Хай атрымаецца вясёлая аттапырка

Калі мы думалі, якім чынам адзначыць наша 10-годдзе, мы вырашылі паклікаць цікавыя гурты і зладзіць вялікі канцэрт. У нас няма нейкай ідэі, суперканцэпцыі святкавання. Мы проста хочам патанчыць, каб людзі прыйшлі адпачыць і паслухаць добрую, розную музыку. Хай атрымаецца вясёлая аттапырка (смяецца).


“Дзюбеля” пакажуць сапраўдны клас

Мы падабралі вельмі розныя каманды. Гэта лірычны Clover Club з моцнай жаноцкай энэргетыкай, “Куклы” ужо пяць год не выступалі, таму гэта таксама падзея, гурт Nizkiz стаў для нас сапраўдным адкрыццём году, каманда ў вельмі добрай форме, а Neuro Dubel — сапраўдная значная постаць ў беларускім року. Думаю, яны пакажу усё, на што здольныя.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачынаўся сайт пра актуальную беларускую музыку як прыватная інтэрнэт-старонка меламана Вячаслава Радзівонава…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика