Рэдкая прафесія маладога хлопца: "Я стаў парушальнікам традыцыі і заняўся жаночай справай". 21.by

Рэдкая прафесія маладога хлопца: "Я стаў парушальнікам традыцыі і заняўся жаночай справай"

24.02.2014 16:28 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Скончыўшы філалагічны факультэт, хлопец стаў… майстрам па ткацтву. Зараз да яго едуць вучыцца ткаць беларускія ўзоры нават з Расіі. TUT.BY паразмаўляў з маладым гомельцам Пятром Цалкам пра самую прызнаную беларускую мастацкую традыцыю.



"Я прыцягнуў ткацкі станок ва ўніверсітэцкі інтэрнат…"

24-гадовы гомелец Пятро Цалка зацікавіўся ткацкім рамяством пад час універсітэцкай фальклорнай практыкі. Просты вясковы хлопец з Лельчыцкага раёна, які да 18 год безвылазна пражыў у самай глыбінцы Палесся, вельмі здзівіўся таму факту, што, стаўшы студэнтам філфака Гомельскага дзяржуніверсітэта, яму прыйдзецца вывучаць тое жыццё, якім ён жыў на сваёй малой радзіме, як вялікую навуку.



- На парах па фалькларыстыцы выкладчыца апавядала пра звычайныя для мяне рэчы як пра нешта навуковае. Тое, аб чым яна казала, было часткай майго жыцця: мая вёска жыла па старых звычаях, забабонах. Канешне, не ўсё было ў такім прыгожым чыстым варыянце, як падаецца ў кнігах, не ўсе абрады адбываліся, але багата чаго сапраўднага, традыцыйнага можна было пабачыць і пачуць.

Гэта хлопца зацікавіла, і ён "кінуўся з галавой" у экспедыцыйныя вандроўкі па вёсках і раёнах Гомеля.

- Напачатку мне казалі, што ўсё ўжо аб'езджана, усё вывучана, усё запісана. Але са свайго вопыту я зразумеў, што нават калі ў адной бабулі, але ў розны час пабываеш, яна будзе апавядаць нешта новае.



Таксама Пятро зразумеў, калі яму яшчэ пашанцавала запісаць нейкі абрад альбо песню, то той, хто прыйдзе ў вёску праз некалькі год, хутчэй за ўсё гэтага не сустрэне. Менавіта таму хлопец заняўся не проста зборам фальклору, а вывучэннем і трансляцыяй традыцый.

Пад час экспедыцый Пятро пранікся адной з самых адметных беларускіх традыцый - ткацтвам: у кожнай вёсцы амаль у кожнай хаце ён бачыў тканыя ручнікі, вышытае тканым узорам адзенне, ад кожнай гаспадыні можна было пачуць пра традыцыі ткацтва ў яе сям'і. Пасля адной з такіх паездак, хлопец прыцягнуў ва ўніверсітэцкі інтэрнат кросны і пачаў засвойваць ткацкае рамяство. Для такой справы загадчыца інтэрнату нават адвяла для студэнта асобны пакойчык. Станок Пятро знайшоў на гарышчы хаты ў сваякоў - ён быў разабраны. Таму зацікаўлены ткацкай справай малады чалавек пры дапамозе ці не ўсяго інтэрнату сабраў яго метадам "тыку" па знойдзеных запісах і сабраных аповедах.



- Першы свой ручнік, нават правільней сказаць, кавалак ручніка, я зрабіў таксама метадам "тыку". Прамога кансультанта ў мяне не было. Але шмат інфармацыі па ткацтву атрымалася сабраць пад час экспедыцый. Карыстаўся існуючымі кнігамі па рамяству, штосьці падказвала мая бабуля. Так, пакрысе я і засвоіў ткацтва. Пасля ўжо з дапамогай некаторых майстроў навучыўся розным тэхнікам ткацкай справы. А на апошнім курсе ўніверсітэта мне самому паступіла прапанова працаваць у гомельскім філіяле Веткаўскага музея майстрам па ткацтву. У нас ёсць праблема з людзьмі, якія валодаюць гэтым рэдкім уменнем. А жанчына, якая была майстрам да мяне, сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак. Канешне, я пагадзіўся на такую прапанову - працаваць там, дзе мае веды будуць павялічвацца. Зараз я займаю пасаду загадчыка філіялу.



"Заняткі па ткацтву наведваў хлопец з Мурманску…"

Навучыўшыся ткаць, Пятро вырашыў перадаваць свае веды ўсім ахвотным. Пад час экскурсіі па музею наведвальнікам прапаноўваюць сесці за кросны і ўласна дакрануцца да той адметнай традыцыі, якая была часткай жыцця нашых продкаў. Для таго, каму аднаго раза будзе недастаткова і хто мае намер займець у сваёй хаце ўласна вышыты ручнік, Пятро і ягоная вучаніца Зося, якая таксама працуе майстрам у музеі, вядуць курсы па ткацтву. Кошт за адну гадзіну заняткаў - як уваходны білет: сімвалічныя 4 тысячы рублёў для дзяцей і 20 тысячаў рублёў для дарослых.





- Пад час экспедыцый я зразумеў, што ткацтва - гэта не проста тэхналогія, не аўтаматычная праца. Гэта цэлы мікракосмас значэнняў, сэнсаў, гэта душа беларуса і філасофія ягонага жыцця. На ручніку няма выдпадковых узораў, усе яны размаўляюць паміж сабой. Таму, калі я тку сам, ці калі навучаю людзей, я не займаюся чыста тэхналагічным працэсам. Я аддаю перавагу сімволіцы. Вучу ткаць не проста нейкі ромбік, ці ромбік з кручочкам, а тлумачу кожны арнамент: тут "верабей" пачаўся, тут "глушка", а вось тут "крывуля" пайшла… І гэта вельмі важна: ты пачынаеш не проста лічыць ніткі, а думаць вобразамі, як гэта рабілі нашыя продкі. Толькі ў такім выпадку нараджаецца сапраўдны ручнік, а не нейкая ўтылітарная рэч, якую можна купіць у любой краме.





На такія курсы да Пятра прыходзяць і дзеці, і дарослыя. Прычым некаторыя вучні едуць да майстра нават з Расіі.

- Заняткі па ткацтву наведваў хлопец з Мурманску. Ён з бацькам прыехаў у Гомель да сяброў і аднойчы завітаў да нас у музей. Яму так спадабалася, што ён кожны дзень амаль усё лета прыходзіў ткаць. Быў на курсах і хлопец з Браншчыны - зараз ён займаецца ткацтвам на сваёй радзіме. Таксама прыязджалі дзве жанчыны з Краснадара і Самары. Яны праз сацыяльныя сеткі даведаліся пра тое, што я магу навучыць ткаць, і адмыслова для гэтага прыехалі на тыдзень у Гомель. Мы пяць дзён па восем гадзін займаліся ткацтвам. Яны адзначылі, што ў іх мясцовасці традыцыя ткацтва не захавалася, і яны не могуць, як мы, прыехаць на вёску і знайсці бабулю, якая жыва распавядзе пра свае ручнікі і нават пакажа, як зрабіць такія ж.



"Слуцкія паясы" памылкова лічыць узорамі беларускага ткацтва…"

Можа падацца, што Пятро займаецца не зусім мужчынскай справай. Так і ёсць. Хоць і вядома, што знакамітыя "Слуцкія паясы" ткалі выключна мужчыны, але, на думку Пятра, памылкова іх лічыць узорамі беларускага ткацтва.



- "Слуцкія паясы" - гэта еўрапейская мануфактурная традыцыя. Такія ж паясы рабілі і ў французскім Ліёне. У беларускай жа традыцыі функцыя ткацтва належала жанчынам. Гэта звязана з тым, што ў нашай культуры жанчына выконвала выключную ролю нейкага правадніка паміж Богам ці вышэйшымі сіламі і чалавекам. Здольнасць жанчыны нараджаць, а гэта значыць ствараць па прататыпу бога, вышэйшых сіл, сведчыла пра боскі пачатак жанчыны, што і дазваляла ёй ткаць - гэта значыць ствараць узорны тэкст і звяртацца да бога ці багоў.





- Вы можаце сказаць, што я займаюся жаночай справай і нейкім чынам парушаю традыцыі. Але з другога боку, у мяне баліць душа і сэрца за дыямант беларускае культуры, які можа знікнуць, сысці ў нябыт. А я магу нешта зрабіць, каб гэтага не здарылася. У рэшце рэшт, ніхто не замінае мне быць транслятарам. І я лічу сваім абавязкам навучыць людзей тэхналогіі і сімволіцы ткацтва. І гэта для мяне вельмі важна ў жыцці.

"Мы збіраемся эксперыментальна ўвесці вывучэнне ткацтва з пачатковых класаў…"

З ініцыятывы Пятра мінулай восенню у Гомелі быў арганізваны першы фестываль ткацтва "Кросенцы". У наступным годзе чакаецца працяг. Пятра цешыць тое, што ягоныя веды запатрабаваныя. З ім раяцца пра рэканструкцыю нейкага абрада, каб гэта было па-сапраўднаму, а не "а-ля", каб гэта не выглядала смешна. З лекцыямі пра ткацтва, арнаменты ды традыцыйную культуру ўвогуле яго запрашаюць ў школы. Зараз хлопец распрацоўвае пэўную праграму, якую можна было б уключыць у адукацыйны працэс.

- Мы збіраемся эксперыментальна ўвесці вывучэнне ткацтва з пачатковых класаў у адну са школ горада. Надалей хацелася, каб навучанне ткацтву было ўключана ў абавязковую праграму на ўроках працы, дзе дзяўчыны вучацца шыць і вязаць. І яшчэ распрацоўваем адну праграму для адукацыйнага працэсу - вывучэнне традыцыйнай беларускай культуры, каб дзеці, падлеткі разумелі, наколькі магутная культура беларусаў. Такім чынам атрымаецца выхаваць павагу да сваіх традыцый. Акрамя гэтага, мы рыхтуем выданне па ткацтву. Тыя кнігі, што ёсць зараз альбо празмерна складаныя, навуковыя, альбо занадта спрошчаныя. Хочацца знайсці нейкую сярэдзіну, каб звычайны чалавек, зацікаўлены, змог зразумець сутнасць беларускага ткацтва.



 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
TUT.BY паразмаўляў з маладым гомельцам Пятром Цалка пра самую прызнаную беларускую мастацкую традыцыю.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика