ВІЛЕЙКА. “Лазовыя карункі” сабралі майстроў ад 9 да 79 год (абноўлена). 21.by

ВІЛЕЙКА. “Лазовыя карункі” сабралі майстроў ад 9 да 79 год (абноўлена)

27.05.2014 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Майстры дзеляцца сакрэтамі. Фота Алеся Высоцкага

– А што гэта там на плошчы робіцца? – пытала адна віляйчанка у другой.

– Кірмаш, вырабы з лазы прывезлі. Такая прыгажосць! 

Гэткі водгук пачуў пра шостае рэгіянальнае свята-конкурс майстроў лозапляцення “Лазовыя карункі”, які прайшоў ў Вілейцы ў суботу. Сабраліся тут майстры з Мінскай вобласці.

– Добра ведаю, як гэта свята пачыналася, – прыгадваў старшыня журы доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. – У адным раёне, у другім спрабавалі праводзіць, аднак ніхто не асмельваўся ўзяць на сябе пастаяннае правядзенне  гэтых святаў. А Вілейшчына асмелілася. І свята стала раённым брэндам.

Пасля ўрачыстага адкрыцця майстрам адвялі тры гадзіны на стварэнне конкурснага вырабу. Сярод удзельнікаў былі і вопытныя майстры, і зусім юныя.

Ульяне Бялько з Маладзечна толькі дзевяць год – а яна ўжо ў другі раз удзельнічае ў падобнымі конкурсе.

– Мне тады шэсць год было, – успамінае. – З бабуляй плялі донца.

 – Сёння што робіш на конкурс?

– Беларускі кошык. Мяне бабуля Ніна ўсяму навучыла. Пляценне з лазы мне цікава тым, што гэта вельмі даўні занятак. Раней трэба было хадзіць у лес па ягады і грыбы, значыць – з лазы кашолкі сплесці.

–  Нас дзесяць чалавек з калектыву “Вербачка” маладзечанскага Палаца культуры прыехала, шэсць з іх у конкурсе ўдзельнічаюць, – гэта ужо дапаўняе бабуля Ульяны – Ніна Шайко. –  А дагэтуль тры дні былі са сваімі вырабамі на адкрыцці чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Асабліва нашы кошыкі, падносы турыстаў цікавілі, ды і ўсё плеценае.

 

Ад лазы да ліпы

Прадстаўніца Вілейшчыны Марыя Бурко здзівіла ўсіх не  вырабамі з лазы –  яна пляла лапці з ліпавага лыка.

– Першыя лапці можа ў гадоў дзевяць зрабіла, сусед навучыў. А зараз мне 79. Не забылася, як робяцца.

Яна і ўнука да гэтай справы прывучыла. Побач з ёй стараўся Аляксандр Сюдак.

– А ці абуваеш калі лапці? – пытаю.

– Не, я толькі пляту. А бабуля –  бывае.

– Лапці – гэта ўжо брэнд наша дома майстроў, – уступае ў размову дырэктар Каловіцкага дома майстроў Тамара Бурко.  – Увогуле ад нас у конкурсе пяць чалавек удзельнічаюць. Нашы майстры ездзілі на чатыры з шасці падобныя святы, і заўсёды з узнагародамі вярталіся.

І калі маладзечанцаў і віляйчан было шмат, то Валожыншчыну на конкурсе прадстаўляў адзін майстар – Аляксандр Кацура:

– На ўсіх гэткіх святах быў, апроч першага.

– За што падабаецца лаза?

– Не ведаю. Падабаецца – і ўсе. Я сам электрык па спецыяльнасці,а ў вольны час гэтай справай займаюся. Ужо дзесяць год.

Чым такія мерапрыемствы карысныя?

– Гэта проста цікава. І кантакты з іншымі майстрамі  наладжваеш. У кожнага сваё штосьці ёсць, свая іскрыначка – тут можна падзяліцца.

 

Тры лаўрэаты з рэгіёна

Увесь час, пакуль майстры працавалі, са сцэны гучалі песні – выступалі артысты з Вілейшчыны. А віляйчане тым часам выбіралі сабе сувеніры па гусце: апроч шматлікіх вырабаў з лазы, былі яшчэ з гліны, дрэва, саломкі.  

– Мне падабаецца ў Вілейку прыязджаць, тут добра вырабы разбіраюць, – дзяліўся з пакупнікамі адзін з майстроў.

На заканчэнні свята адбылося ўзнагароджанне. Галоўныя ўзнагароды – дыпломы лаўрэатаў – з прадстаўнікоў нашага рэгіёна атрымалі Генадзь Унукаў (Маладзечна), Аляксандр Кацура (Валожын), Уладзімір Фаменка (Вілейка). Іншых таксама адзначылі ў розных намінацыях. Напрыклад, самых юных удзельнікаў свята Ульяну Бялько, Аляксандра Сюдака ўзнагародзілі ў намінацыі “За творчы дэбют”.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
– А што гэта там на плошчы робіцца? – пытала адна віляйчанка у другой.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика