22-гадовы спявак і баяніст Віталь Варанко, навучэнец 4-га курса Беларускай акадэміі музыкі, для конкурсу «Заспявай BY» паклаў на музыку верш “Вяртайся” Віталя Рыжкова. Лепшым яго выбрала журы, у склад якога ўваходзілі папулярныя беларускія музыканты.
Акрамя каштоўнага прыза пераможца атрымаў магчымасць разам з запрошанымі музыкамі запісаць сваю песню на мінскай студыі “Селах” пры дапамозе ўкраінскага саўнд-прадзюсара Улада Яруна.
Віталь Варанко — лаўрэат шматлікіх конкурсаў у Расіі, Украіны і краінах на захад ад Беларусі. Баяніст-віртуоз, спявак і кампазітар эксперыментуе з класікай, джазам, лаціна, поп- і рок-музыкай.
Песню “Вяртайся” ён напісаў адмыслова для «Заспявай.by». Паводле яго слоў, паміж канцэртамі ў Польшчы ён прыехаў у Беларусь і літаральна на кухні стварыў яе за пяць хвілін: “Я складаў песню так, як заўжды гэта раблю: узяў баян, да мяне прыйшла ідэя і вось гатова”.
“Мне вельмі падабаецца беларуская паэзія, — адзначае спявак. — Я перачытаў усе вершы, якія былі на сайце “Літрадыё”. І мне бліжэй за ўсіх быў верш Віталя Рыжкова “Вяртайся”.
Віталь Варанко адзначыў, што ў яго з аўтарам розныя ўяўленні і адчуванні адносна вершы. Трэк атрымаўся, на думку спевака, “такі танцавальны, з акардэонам і баянам”.
Увогуле, конкурсная песня натхніла Віталя на тое, каб сур’ёзна разглядаць беларускую мову для сваёй музычнай справы: “Я зараз працую над тым, каб палепшыць свае моўныя магчымасці, падвысіць іх да літаратурнага ўзроўню. Праўда, на гэта спатрэбіцца пэўны час”.
Да беларускай сучаснай і класічнай літаратуры ў Віталя вельмі цёплыя пачуцці, ён ліча, што гэта высокае мастацтва, якое павінен вывучаць кожны беларус: “Калі ты не ведаеш ні літаратуры, ні гісторыі, як можна ўвогуле любіць і паважаць нават сябе. Гэта ідзе такое самаразвіццё. Калі ты жывешь у гэтай краіне, варта ведаць асноўную частку літаратуры”.
На свае кампазіцыі Віталь піша вершы, але пакуль ён не задаволены ўзроўнем. Каб усё атрымалася максімальна добра, Віталь звяртаецца па дапамогу да моўных знаўцаў.
“Я пішу тэкст, а пасля яддаю яго на рэдактуру. Вось да прыкладу песню на польскае шоў “Голас” (дзе Віталь проста прывёў журы ў захапленнне. — М.Г.) я пераклаў на беларускую. Праўда, тэкст я аддаў прафесіяналу, каб ён праверыў памылкі. Але там ўсё амаль засталося без зменаў”.
Такім жа энергічным і пазітыўным абяцае быць першы дыск выканаўца, над якім ён працуе разам з прадзюсарам Уладзімірам Кубышкіным. Кружэлку мы зможам паслухаць, напэўна, ужо гэтай восенню.
“Там будуць песні і на беларускай мове, і на рускай, а таксама і на польскай”, — паведаміў музыкант. Але ў яго планах яшчэ і перакласці ўсе песні, каб яны загучалі на роднай мове: “Гэта будзе не новы дыск, а дублікат”.
Альбом будзе зараджаць людзей пазітывам, абяцае Віталь Варанко. Але ні з назвай, ні з кампазіцыяй, на якую здымуць кліп, пакуль што нічога не вырашана. Але дакладна, “Вяртайся” будзе адной з галоўных песен.
“З саўндпрадзюсарам з Украіны мы стварылі вельмі якасны еўрапейскі прадукт. Гэта не атрымалася зусім іншая песня. Галоўнае, ад першапачатковага майго ўяўлення пра яе засталася ідэя”, — адзначае музыка.
Адзін толькі баян музыка запісваў у студыі тры гадзіны. Бо менавіта гэты інструмент стаў “фішкай” кампазіцыі.
Сам конкурс “Заспявай.by” Віталь параўнаў з подыхам свежых ідэй для далейшага развіцця: “Мне, як творчаму чалавеку, вельмі дапамог конкурс рэалізаваць нейкія ідэі. Я даўно хацеў спяваць па-беларуску, але не было слушнага выпадку. А цяпер настаў той момант, калі час спяваць на мове. Бо я вельмім люблю тую краіну, дзе нарадзіўся”.
Па яго меркаванню, у нашай краіне зараз ёсць пэўны голад на якасную беларускамоўную музыку.
“Тыя, хто гадоў пяць таму “стрэлілі”, карыстаюцца папулярнасцю дагэтуль. А апошнім часам я не чуў беларускамоўных крутых праектаў”, — разважае Віталь.