Ружанскі палац і Бярозаўскі кляштар: што адбываецца са спадчынай Сапегаў
12.05.2015 17:18
—
Новости Культуры
|
Ружанскі палац Сапегаў рупліва аднаўляюць, а ў кляштары картузаў у Бярозе адрэстаўравалі толькі браму. Карэспандэнт "Радыё Свабода" на ўласныя вочы пабачыў, як дбаюць пра спадчыну Сапегаў.
Ружанскі палац Сапегаў і Бярозаўскі кляштар картузаў - адны з найбуйнейшых помнікаў архітэктуры на Берасьцейшчыне. Стварэньне абодвух фінансавалі Сапегі - магутны род Вялікага Княства Літоўскага. У Ружанскім палацы была рэзыдэнцыя роду, а ў кляштары картузаў знаходзіцца вялікі нэкропаль Сапегаў. У Ружанскім палацы будуць тэатар і манэж, але рэстаўрацыя зацягнецца на гады Браму Ружанскага палаца аднавілі ў 2008-2011 гадах. Цяпер там музэй, а рэстаўратары перайшлі да аднаўленьня Ўсходняга флігеля, сьцены якога былі настолькі падточаныя, што, будаўнікі кажуць, маглі ў любы час абваліцца. Ружанскі палац мае замкавыя рысы, распавёў Радыё Свабода дырэктар музэю-палаца Сапегаў Руслан Кніга. Таму ў 2012 годзе аб'ект уключылі ў рэспубліканскую праграму "Замкі Беларусі". Згодна з гэтай праграмай штогод на рэстаўрацыю ідзе 1,2 мільярда рублёў зь мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў. "У мінулым годзе нават далі болей, 1,6 мільярда. Цяпер ідзе аднаўленьне Ўсходняга флігеля - умацаваньне канструкцыі, цагляная кладка, гідраізаляцыя падмурку. На дадзены момант гатоўнасьць аб'екта - каля 20 працэнтаў", - распавядае Руслан Кніга. Дырэктар музэю кажа, што ва Ўсходнім флігелі мяркуецца аднавіць тэатар XVIII стагодзьдзя на ўзор аналягічнага, які ёсьць у Чэхіі ў горадзе Чэскі-Крумлаў: "Там унікальная машынэрыя сцэны, якая дазваляе ў часе адной пастаноўкі з дапамогай адмысловых драўляных мэханізмаў некалькі разоў мяняць загадзя падрыхтаваныя дэкарацыі", - тлумачыць Руслан Кніга. У другой частцы флігеля, распавёў дырэктар, будзе адноўлены манэж: "Але коні там стаяць ня будуць, а будуць ладзіцца розныя імпрэзы". Палац Сапегаў стаў месцам паломніцтва для вясельляў з навакольных гарадоў. Руслан Кніга распавёў, што ў музэі нават ладзяць урачыстае заключэньне шлюбу. Летась гэтай паслугай скарысталіся 50 пар. "А турыстаў да нас штогод прыяжджае каля 20 тысяч чалавек. 35 працэнтаў зь іх - замежнікі", - распавядае суразмоўца. Па словах дырэктара, на аднаўленьне астатняй часткі палаца спатрэбіцца шмат гадоў. Заходні флігель давядзецца аднаўляць ад пачатку, бо ён зусім зьнішчаны. Таксама велізарныя ўкладаньні спатрэбяцца на аднаўленьне падземнай часткі палаца, якая складаецца зь некалькіх паверхаў. "Справа ў тым, што галоўны, Паўночны, корпус палаца - надзвычай унікальны. Ён захаваў яшчэ замкавыя рысы. Калі ў 1598 годзе Леў Сапега выкупіў гэтыя землі, ён запрасіў сюды, верагодна, італьянскага архітэктара. Былі пабудаваныя 4 паверхі падземных памяшканьняў, а зьверху - рэнэсансавы замак з часткова абарончымі функцыямі. У сутарэньнях захоўваўся правіянт, бо час быў няпросты. З бакоў замка было балота. У ХVII стагодзьдзі замак разбурылі і потым перабудавалі ў выглядзе палаца. Сутарэньні, якія засталіся яшчэ з часоў замка, - унікальныя. Але, на жаль, у ХХ стагодзьдзі там былі абвалы, таму цяпер зь вялікай цяжкасьцю можна трапіць на другі і часткова трэці падземныя паверхі. Да 2011 году, калі тут зьявіўся музэй, гэтыя сутарэньні былі ў дрэнным стане, дзесяцігодзьдзямі мясцовае насельніцтва скідала туды сьмецьце. Дзякуючы валянтэрскаму лягеру па лініі ЮНЭСКО ў сутарэньнях зрабілі адносны парадак. У 2012-2013 годзе з 2-3 паверхаў сутарэньняў мы штогод вывозілі па 12-13 прычэпаў сьмецьця. Нават старую лядоўню з трэцяга паверху выцягнулі".
Кляштар картузаў у Бярозе: аднаўляць ці кансэрваваць?Ня менш унікальны архітэктурны комплекс - кляштар картузаў у Бярозе. Яго пабудову ў другой палове XVII стагодзьдзя фундаваў Казімер Леў Сапега, сын вядомага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Абрысы гэтай брамы - на сёньняшнім гербе Бярозы. Бярозаўскі гісторык, краязнаўца Алесь Кенда кажа, што адрэстаўраваць кляштар цалкам будзе надзвычай праблематычна: "Хацелася б, вядома, яго ўбачыць у тым выглядзе, у якім ён быў. Але ў нашых умовах мне падаецца гэта ўсё больш безнадзейным. Пагатоў, там ёсьць свае нюансы - цяпер на былой тэрыторыі кляштара вельмі шмат прыватных пабудоваў. А па-другое, мне спадабаліся словы польскай дасьледчыцы кляштару Дароты Пірамідовіч, якая сказала, што ў пляне мастацтвазнаўства рэшткі кляштару ўяўляюць большую каштоўнасьць, чым адрэстаўраваны ансамбль. Бо зьнікаюць усе аўтэнтычныя элемэнты, якія пакуль ёсьць. Таму, магчыма, для гісторыі лепей закансэрваваць тыя парэшткі, якія засталіся. Нават на прыкладзе брамы можна казаць, што аднаўленьне адбываецца не на 100 працэнтаў. Там, напрыклад, быў яшчэ лацінскі надпіс, якога цяпер няма. Дый многія іншыя ранейшыя элемэнты немагчыма аднавіць абсалютна дакладна", - мяркуе Алесь Кенда. Гісторык кажа, што тэрыторыя кляштару вымагае яшчэ і археалягічных росшукаў, бо яшчэ ня цалкам дасьледаваная. "Тут патрэбны тонкі і далікатны падыход да аб'екта. Трэба ствараць адмысловую камісію, а не вырашаць усё на ўзроўні райвыканкамаў. Як на мой суб'ектыўны погляд, адноўленая брама сярод разбураных парэшткаў глядзіцца неяк дзікавата. Магчыма, паўтаруся, лепей было б заняцца кансэрвацыяй", - мяркуе Алесь Кенда. Цяпер парэшткі Бярозаўскага кляштару - адзіны ва Ўсходняй Эўропе помнік архітэктурнай спадчыны ордэна картузаў, найбольш закрытага ордэна каталіцкай царквы, кажа Алесь Кенда.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ружанскі палац Сапегаў рупліва аднаўляюць, а ў кляштары картузаў у Бярозе адрэстаўравалі толькі браму. |
|