Застанецца голас: прэзентаваная аўдыёкніга Генадзя Бураўкіна. 21.by

Застанецца голас: прэзентаваная аўдыёкніга Генадзя Бураўкіна

03.06.2015 17:44 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У сталічнай галерэі "Ў" прайшла прэзентацыя аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна, што пабачыла свет у межах серыі "Голас паэта", паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Фото: www.lit-bel.org

Аўдыёкнігу Генадзя Бураўкіна ў серыі "Голас паэта" нельга набыць. Дыск можна атрымаць у падарунак, замовіўшы на сайце Prastora.by кнігі Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, выданні серыі "Кнігарня пісьменніка".

Вечарына-прэзентацыя стала добрай нагодай для сяброў, калег, паплечнікаў, сваякоў паэта яшчэ раз успомніць, якім быў Генадзь Мікалаевіч. Выступоўцы распавядалі пра сваё знаёмства з творцам, прыгадвалі адметныя моманты, смешныя, сумныя, нечаканыя. Але галоўнае - падчас імпрэзы гучалі вершы паэта ў яго ўласным прачытанні, гучаў ягоны голас.

Асаблівую атмасферу стваралі таксама слайд-шоў з фотаздымкамі Генадзя Бураўкіна, зробленымі ў розныя гады, песні на вершы творцы ў выкананні Таццяны Матафонавай і яе сына Адася, а таксама вершы, якія раз-пораз дэкламавалі выступоўцы.


Фота: www.lit-bel.org

Барыс Пятровіч, Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, у сваім уступным слове зазначыў:

- Мне згадваецца, як мы разам ездзілі па Беларусі з прэзентацыямі часопіса "Дзеяслоў". Гэта былі сустрэчы ў школах, універсітэтах. Як яго чакалі, збіраліся поўныя залы гледачоў, якія хацелі пачуць голас Генадзя Мікалаевіча, калі даведваліся, што да іх прыедзе аўтар бессмяротнай "Калыханкі". Як таленавіта ён чытаў свае вершы! Як прыгожа яны гучалі тады і гучаць цяпер на дыску менавіта ў аўтарскім выкананні.

Пра Генадзя Мікалаевіча згадвалі не толькі як пра паэта. Але і як рэдактара, грамадскага і палітычнага дзеяча, рэфарматара і кіраўніка Беларускага тэлебачання, бацьку, надзвычай мудрага чалавека, з якім заўсёды можна было параіцца, атрымаць дапамогу.

Паэт, празаік Уладзімір Някляеў прыгадаў:

- Ён умеў кахаць, сябраваць. Я бачыў Бураўкіна розным: вясёлым на застоллях, яго гумар быў проста бліскучы, суровым, злым… Але ніколі не бачыў яго абыякавым. Маштабныя людзі не бываюць абыякавымі, і справы, якімі займаўся Генадзь Мікалаевіч, сапраўды здзіўлялі размахам.

На прэзентацыю аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна завітала таксама яго калега па Беларускім тэлебачанні, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Яна прыгадала:


Зінаіда Бандарэнка. Фото: www.lit-bel.org

- За тыя гады, калі працаваў Генадзь Мікалаевіч, ён зрабіў з "саўковага" тэлебачання наша, беларускае, па-сапраўднаму роднае. Шмат што змянілася з яго прыходам. На тэлебачанне прыйшлі творчыя людзі, перасталі прымаць людзей па знаёмстве, ён увёў конкурсную сістэму адбору дыктараў. Чалавек мудры, інтэлігентны, Генадзь Мікалаевіч умеў размаўляць з людзьмі, на яго ніхто ніколі не крыўдзіўся, нават калі ён рабіў заўвагі і вымовы за парушэнне дысцыпліны. Ён усіх любіў, і яго любілі ўсе.

Празаік Віктар Казько прыгадаў два выпадкі, калі Генадзь Мікалаевіч ратаваў яго імя і творы. Адзін з іх быў звязаны з ананімным даносам на творцу, тады Бураўкін меў размову з самім Пятром Машэравым. Другі выпадак здарыўся перад публікацыяй аповесці "Цвіце на Палессі груша" ў часопісе "Дружба народов". Рэдактар Таццяна Смалянская, баючыся за сваё месца ў часопісе, хацела моцна скараціць аповесць. Аднак доўгая гутарка Бураўкіна з галоўным цэнзарам дапамагла публікацыі твора ў першапачатковым выглядзе.

На вечарыне прысутнічалі сваякі Генадзя Бураўкіна, яго жонка, сястра, унукі. Заключнае слова ўзяў сын Генадзя Бураўкіна Аляксей Генадзьевіч. Ён выказаў словы ўдзячнасці тым, хто меў дачыненне да стварэння аўдыёкнігі ў серыі "Голас паэта", а таксама падзяліўся ўласнымі думкамі наконт значнасці гэтага праекта:


Аляксей Бураўкін. Фота: www.lit-bel.org

- Голас - гэта такая ж адзнака, увасабленне духу чалавека, як і твар, постаць. Голас Генадзя Мікалаевіча заставаўся шчырым, адкрытым. З часам у ім з'яўлялася больш мудрасці. Ён не быў хітрым, сіпатым. Па-другое, каб спасцігнуць сапраўдную паэзію, трэба чуць голас аўтара, калі паэт чытае свае вершы, ён гэта робіць не так, як рабіў бы акцёр. Можа, атрымліваецца не так прыгожа, аднак з акцэнтамі і нюансамі, якія абавязковыя, калі хочаш зразумець усю глыбіню радкоў.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўдыёкнігу нельга набыць. Яе можна атрымаць у падарунак, замовіўшы на сайце кнігі Генадзя Бураўкіна.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика