Упраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама не выдала гастрольнае пасведчанне на выступ Змітра Вайцюшкевіча, які планаваўся 22 ліпеня, паведамляе tuzin.fm. Выканаўца збіраўся зладзіць праграму на вершы Ўладзіміра Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта ў Доме Масквы. Папярэдняя згода з пляцоўкаю была дасягнутая.
Фото: tuzin.fm
Адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання звязана з тым, што дзейнасць выканаўцы, на думку першага намесніка кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віталіны Рудзікавай, падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 указа кіраўніка дзяржавы №257. У ім прадуглежана адмова ў правядзенні канцэртаў, калі яны маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрымісцкай дзейнасці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах.
— У мяне гэты дакумент выклікае поўную збянтэжанасць, - каментуе Tuzin.fm выснову Зміцер Вайцюшкевіч. — Ніводная з пералічаных падставаў не мае нічога супольнага з маёй творчасцю. У маіх спевах няма ані прапаганды вайны, ані экстрымізму. Наадварот – я імкнуся славіць Беларусь з дапамогай песень на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў. Можа буду нясціплым, але мне здаецца, што мае творы зусім не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот – лякуюць слухачоў і прыносяць толькі пазітыўныя эмоцыі, пра што магу меркаваць з сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем’ямі. Што тычыць аўтарскіх правоў, то тут таксама за ўвесь час не меў аніякіх пытанняў і нават на музыку Моўчана спяваў без наступстваў.
Маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзенні канцэрту, спявак можа аспрэчыць гэтае рашэнне. І ён дэкларуе сваю гатоўнасць: "Канешне, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш уцямна абгрунтоўвалі сваю пазыцыю. Таму я гатовы адстойваць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў".
Гэта не першая адмена канцэрта Вайцюшкевіча: з 2010 года выканаўца знаходзіцца ў негалосных "чорных спісах". У 2014 годзе назірался пэўная адліга. Пасля сустрэчы кіраўніка партала Тuzin.fm Сяргея Будкіна з міністрам культуры Барысам Святловым, Вайцюшкевіч змог прыняць удзел у канцэрце праекта "Re:Песняры". И ў сярэдзіне восені 2015 года зладзіў канцэрт у Палацы культуры імя Шарко ў Минску. Але ў лютым 2015 года адмянілі яго канцэрт ў клубе "Піраты". Тады ўся дакументацыя была падпісана, але раптоўна менавіта ў дзень імпрэзы ў клубе адключылі электраэнэргію.