У Траецкім прадмесці адчынілася кнігарня "Галіяфы" - у другі раз ў новым фармаце
04.12.2015 11:44
—
Новости Культуры
|
З трэцяга снежня у Траецкім прадмесці (Старавіленская, 6) адчыніла дзверы кнігарня выдавецтва «Галіяфы». Арганізатары імкнуцца разварушыць музейны дух прадмесця і з дапамогай літаратуры і мастацтва надаць яму жвавасці. Акрамя духоўнай ежы, у кнігарні можна набыць каву навынас.
Гэтыя паўтара гады выдавецтва працягвала выпускаць кнігі, потым знайшлося памяшканне на месцы былога турыстычнага агенцтва і арганізатары вырашылі зноў вярнуцца да былой дзейнасці. У новай кнігарні «Галіяфы» будуць прадаваць не толькі кнігі, але і карціны, і сувеніры, якую грэх не выстаўляць на продаж у самым папулярным турыстычным месцы Мінска. Акрамя таго, будуць праходзіць прэзентацыі і семінары, кажа дырэктар кнігарні, пісьменнік і сцэнарыст Ягор Фёдараў. — Нашая задача — рабіць гэта прэстыжнае і дарагое месца ў Мінску вядомым як культурны цэнтр. Інакш мы проста не выжывем, — кажа ён. — Мы хочам захаваць лепшае, што ёсць у Траецкім прадмесці, таму што тут ёсць дух Менска. У той жа час мы хочам разварушыць гэты дух, каб адчувалася, што тут ёсць жывое мастацтва і літаратура, а не толькі музеі і антыкварыят. Траецкаму не хапае жвавасці, — лічыць дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў. Кнігарня «Галіяфы» — гэта брэнд, але арганізатары імкнуцца зрабіць гібрыд галерэі, кнігарні і літаратурнай кавярні. — Гэта будзе месца, дзе не толькі можна набыць кніжку, але і прыйсці і пагартаць яе, пачытаць, пасядзець за столікам з сябрам, паслухаць літаратара, сустрэцца з крытыкам ці мастаком. Гэта месца для творчых сустрэч, — адзначае Вішнёў. Акрамя таго, у кнігарні можна будзе набыць каву навынас. З галерэяй кнігарню звяжуць выставы карцін, якія можна будзе набыць. Зміцер Вішнёў тлумачыць, што ён арыентуецца на мастакоў «з прэтэнзіяй»: — Гэта будуць не проста кветкі ці хаткі, мы арыентуемся на канцэптуальных мастакоў і авангардыстаў. Сярод іх — Жанна Капуснікава, Алесь Родзін, Уладзімір Акулаў, Андрэй Пяткевіч і Сяргей Саламацін. Перашую выставу складуць працы Ярылы Пшанічнага, які сёлета памёр. Падрыхтоўка да адкрыцця. Адкрыццё кнігарні «Галіяфы». Чалавек-смецце. Дырэктак кнігарні Ягор Фёдараў З 7 снежня ўзнаўляе сваю дзейнасць літаратурнае аб'яднанне «Вобла», якое будзе весці Ігар Жаўткоў. 8 снежня пачынаецца тыдзень «Бум-Бам-Літа», распавядае пра бліжэйшыя планы Зміцер Вішнёў і дадае, што ў кнігарні штодня будзе адбывацца нейкае мерапрыемства. Пройдуць прэзентацыі некалькіх кніг, якія выйшлі сёлета: творы Міхася Зізюка, Альгерда Бахарэвіча, аповесць Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля». Вішнёў кажа, што такім чынам яны спадзяюцца ажывіць Траецкае прадмесце, разбурыць музейную закансерваваную атмасферу і зрабіць яе творчай і жывой. — З аднаго боку крызіс не спрыяе бізнесу, а з другога — сёння стартаваць шмат лепей, чым з першай кнігарняй. Поспех будзе залежыць ад таго, як мы спрацуем камандай. Але мы утапісты-рамантыкі і спадзяемся, што здолеем падтрымліваць гэты праект. Зразумела, на адных кнігах мы не пражывем, нягледзячы на зніжку для нас з боку арандатараў, — кажа Вішнёў. Такую зніжку ён тлумачыць тым, што зараз вельмі вялікі выбар памяшканняў у цэнтры горада. «Вельмі шмат набудавалі, вельмі шмат абанкруцілася ці з'ехала». Зміцер Вішнёў звяртае ўвагу, што кнігарня ўзнікла на базе выдавецтва, якому больш за восем гадоў і якое мае свае традыцыі і сяброў. Ён мяркуе, што выдавецтва на нейкі час зможа стаць "падушкай бяспекі", калі раптам кнігарні будзе зусім кепска, і наадварот. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арганізатары імкнуцца разварушыць музейны, як яны лічаць, дух прадмесця і з дапамогай літаратуры і мастацтва надаць яму жвавасці. Акрамя духоўнай ежы, у кнігарне... |
|