Нематэрыяльная культура. Як у Стаўбуне стралу хавалі. 21.by

Нематэрыяльная культура. Як у Стаўбуне стралу хавалі

10.06.2016 17:50 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


9 чэрвеня ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну мясцовыя жыхары ладзілі старажытны традыцыйны абрад “Ваджэньне і пахаваньне стралы”. Унікальны абрад нематэрыяльнай культуры беларусаў Пасожжа захаваўся найбольш поўна менавіта на Веткаўшчыне — у Стаўбуне, Няглюбцы, Казацкіх Балсунах.



Гуртам “на стралу”.

Бліжэй да поўдня над Стаўбуном сталі згушчацца хмары, узмацніўся вецер. Пагаршэньне надвор’я — не перашкода. З двух бакоў па доўгай вуліцы ў цэнтар вёскі пацягнуліся гурты жанок і дзяўчат у нацыянальных строях.



З песьнямі на скрыжаваньне.

Счапіўшыся ў шыхты сагнутымі ў локцях рукамі, якія у гэтым адзінстве дужа нагадваюць знакі бясконцасьці — васьмёркі, жанкі дружна сьпяваюць.

Ты ляці, страла, ды ўздоўж сяла,
ды ўздоўж сяла ў канец вуліцы,
ня ўбі, страла, добрага молайца
па тым молайцу плакаць некаму…


Сваёй еднасьцю й песьнямі гурты, рухаючыся ўздоўж вуліцы, як бы выцясьняюць перуновы стрэлы далей ад сваіх падворкаў. Бо з надыходам летняй навальнічнай пары неўтаймаваныя сілы прыроды магуць шмат бяды нарабіць — спаліць хату ці гумно, спляжыць жыта. Перападае часам ад навальніцы і самому чалавеку. Не дарма ж гурты ў песьні просяць у неба “ня біць добрага молайца”.



Супольны карагод.

У цэнтры на скрыжаваньні вуліц два сустрэчныя патокі жанок і прымкнуўшай да іх дзятвы сходзяцца, зьліваюцца ў вялікі супольны карагод — і абрадавыя песьні гучаць з новай сілай.

Камень расьце бяз кораня,
Вада бяжыць бязь поваду.



Ганна Куляшова.

Вяскоўка Ганна Куляшова, якая ці адно не паўстагодзьдзя “водзіць стралу”, зазначае, што вёска цяпер парадзела, людзей нашмат паменела. Адны састарэлі й памерлі, маладыя падаліся ў горад. Раней жа ў Стаўбуне, па сутнасьці, з кожнага двара ішлі жанчыны, маладзіцы, дзяўчаткі “вадзіць і хаваць стралу”.

Тым часам вялікая цёмная хмара накрывае вёску. Моцны лівень, але — во дзіва! — без маланак і грому, заганяе ўдзельнікаў абраду ў сельскі Дом культуры. Яны й тут водзяць карагод, сьпяваюць.


Гомельскія “талакоўцы” ў Стаўбуне.

У абрадзе бяруць удзел і дзяўчаты з гомельскай маладзёвай гісторыка-культурніцкай суполкі “Талака”.

“Мы заўсёды так робім, — тлумачыць Ліда Лешчанка. — Прыяжджаем, сьпяваем, бо многія вяскоўкі ўжо па ўзросту ня могуць “вадзіць стралу”. Вось мы й дапамагаем і адначасова вучымся”.

На традыцыйнае сьвята ўжо колькі гадоў запар прыяжджаюць і бойкія кабеты з Масквы. Кажуць, што маюць беларускія карані і пераймаюць абрад. Спрабуюць нават іншым разам ачоліць некаторыя сцэнкі, але сьпяваюць ня ў той танальнасьці.

“Мы іх ня гонім — няхай удзельнічаюць. Але яны нярэдка дужа псуюць нашы абрадавыя сьпевы”, — тлумачыць арганізатарка абраду, кіраўніца фальклёрна-этнаграфічнага гурта “Стаўбунскія вячоркі” Сьвятлана Парашчанка.

…Калі лівень збольшага аціхае, грамада высыпае на вуліцу і аднаўляе ненадоўга сьпеўны карагод на перакрыжаваньні, а затым рушыць бакавой вуліцай да жытнёвага поля. Пахмурнае неба без перастанку сее дробны дождж, і шэраг вяскоўцаў зь ліку школьнікаў і нямоглых вясковак ня ідуць у поле.

Высокае жыта, роснае ад дажджу, мочыць вяскоўцаў сваім набрынялым калосьсем па самыя пахі. Ніхто не наракае, бо зямелька зачакалася нябеснай вільгаці. Жанкі і дзяўчаты бяруцца за рукі, і ўжо тут, у мокрым жыце, распачынаюць карагод то ўлева, то ўправа — замыкаюць кола вечнасьці і плоднасьці.

Урэшце карагод спыняецца, і Сьвятлана Парашчанка агортвае рукамі пару дзесяткаў жытнёвых сьцяблін і як бы цягне іх зьнізу ўверх, прыгаворваючы:

“Гасподзь сёньня ідзе на небяса й пацягне нашае жыта за каласа. А мы яму пакладзем грошы, каб даў нам Бог ураджай харошы”.

Акурат тут пачынаецца сакральнае дзейства ўжо не ваджэньня, а пахаваньня стралы. Жанкі расходзяцца па жыце, выкопваюць у жыце невяліккую крыжападобную ямінку, кладуць туды хто манэтку, хто бліскучы гузік ці пацерку, і загортваюць.

З пахаваньнем у жытнёвым полі дробных абрадавых рэчаў ад вёскі і адводзіцца “грамавая страла”. Самы час і жаданьне загадваць.

Бабуля Ганна: “Лукашэнка яшчэ ня даў нам сваіх капеек, дык я нейкую ленінскую ці сталінскую ў зямельку паклала. Баюся, што нас хутка новымі грашыма пакрыўдзяць — абабяруць цэнамі ў крамах і на рынках. От, я й пажадала, каб жыцьцё ня горшылася, здароўе было і мір быў на зямлі”.

Некаторыя вяскоўцы зрываюць дзевяць жытнёвых каласоў, пакідаючы пры іх сьцеблі сантымэтраў на трыццаць ці сорак, вяжуць у пучок, каб пакласьці дома за абраз — як заслону, абярэг ад любых напасьцяў. І ўжо самы адданыя старажытнаму абраду на дадатак яшчэ й качаюцца ў мокрым воглым жыце — набіраюцца моцы на летнюю працу і дзеляцца адначасна з зямлёю-карміцелькай сваёй уласнаю сілай.



Анатоль ГАТОЎЧЫЦ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Унікальны абрад беларусаў Пасожжа захаваўся найбольш поўна менавіта на Веткаўшчыне — у Стаўбуне, Няглюбцы, Казацкіх Балсунах.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика