Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт не даў дазвол на правядзенне літаратурных чытанняў Уладзіміру Някляеву ля помніка Янку Купалу ў Мінску. Паэт, лаўрэат шматлікіх міжнародных прэмій, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы планаваў правесці іх у дзень свайго 70-гадовага юбілею.
Мы звярнуліся да Някляева па каментар.
— У заяўцы ў Мінгарвыканкам я напісаў пра даўнюю традыцыю літаратурных чытанняў каля помніка Янку Купалу. Там чыталі свае вершы ў юбілейныя дні Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, маладыя паэты...
Традыцыя літаратурных чытанняў існуюць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. І зараз мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільню і Варшаву. А вось у родным горадзе я госць не пажаданы. Спачатку мне заміналі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць...
Я спрабаваў знайсці нейкую залу для прэзентацыі новай кнігі «Толькі вершы”, выдадзенай да юбілею. Тлумачыў, што ў кнізе насамрэч толькі вершы, больш нічога. Але залы не знайшоў. Паўсюль пасля “кансультацый з адміністрацыяй” адмовілі. Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе я некалі быў старшынёй.
— І што вы цяпер збіраецеся рабіць?
— Пасля Плошчы 2010 года, пасля збіцця, шпіталю, пасля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Аказалася - не. Такой дробязнай помстлівасці не чакаў. Гэта адкрыта выяўленая знявага. А я не дазваляў зневажаць сябе нікому і ніколі. Ні ў турме, ні на волі.
Таму я щсё рощна прыду 11 ліпеня а 19.00 у Купалаўскі сквер. Да помніка Янку Купалы, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі слухаць мяне прыдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку.
Я бачу, як людзі сталі забывацца на паэзію, на ўсё, што ў чалавеку высокае. Сталі жыць, унурыўшыся ў зямлю. Не толькі ў Мінску - ва ўсёй нашай краіне пануе пошасць. Як магу, я гэтай пошасці, падаўленню годнасці ў чалавеку супрацьстаю і буду супрацьстаяць. Як супрацьстаялі ёй у свой час мае вялікія папярэднікі.
Атрымаць аператыўна каментары ад Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама датычна гэтай сітуацыі інтэрнэт-газеце Naviny.by не ўдалося.
Мікалай Чаргінец, кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі, чыйму літаратурнаму фонду належыць сталічны Дом літаратараў, зараз у лякарні, і кажа, што не ў курсе справы. Але ў размове з карэспандэнтам Naviny.by ён паабяцаў разабрацца з сітуацыяй адносна адмовы Някляеву ў памяшканні.
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч, літаратуразнаўца і аўтар кнігі крытыка-біяграфічных нарысаў “Вандроўнік”, прысвечаных творчасці Някляева, якая выйшла напярэдадні юбілею паэта, гаворыць, што ад забароны Ўладзіміру Някляеву адзначыць свой юбілей публічнымі чытаннямі церпіць уся беларуская літаратурная супольнасць і нават дзяржава. “Уладзімір Пракопавіч — выдатны паэт, у яго круглая дата. Чаму б не даць людзям магчымасць прыйсці і паслухаць яго? Калі для гэтага няма магчымасці, то страчваюць усе”, — падкрэсліў Чарнякевіч.
Той факт, што сталічныя ўлады адмовіліся дазволіць Някляеву выступіць ля помніка Янку Купалу, сведчыць пра тое, што “ў дачыненні да Ўладзіміра Пракопавіча як да паэта працягваецца такая ж палітыка, як да Някляева-палітыка. То бок, улада не раздзяляе гэтыя два паняткі — паэт і палітык. Някляеў застаецца персонай нон-грата для гарвыканкама, таму яму будуць адмаўляць і ў літаратурных чытаннях, і ў мітынгах ды пікетах”, — мяркуе Чарнякевіч.