Калі на рацэ былі прыстань і лодачная станцыя. Унікальная панарама Задзвіння 50 гадоў таму. 21.by

Калі на рацэ былі прыстань і лодачная станцыя. Унікальная панарама Задзвіння 50 гадоў таму

16.11.2016 10:24 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шэсць фотаздымкаў, зробленых жыхаром Віцебска Леанідам Хліманавым не раней за 1965 год, ствараюць унікальную панараму тагачаснага Задзвіння — ад Кіраўскага моста да піўзавода з вышыні Успенскай горкі.


Сучасны здымак: Антон Сцепанішчаў. Аўтар здымка Задзвіння 1960-х гадоў - Леанід Хліманаў

Адразу кідаюцца ў вочы не зарослыя дрэвамі і кустоўем берагі Дзвіны. Гэта вынік гаспадарчай дзейнасці, што вялася на працягу ўсяго часу, пакуль рака заставалася галоўнай транспартнай артэрыяй і карміліцай. Яшчэ ў 1980-я гады тут часам можна было бачыць прышвартаваныя да берагоў плыты, дастаўленыя з вярхоўяў ракі. Яны чакалі сваёй чаргі на перапрацоўку на цяперашнім «Віцебскдрэве». А раней плыты спецыяльна складзіравалі ў цэнтры горада, каб прадаць на дровы і іншыя патрэбы жыхарам і прадпрыемствам.

Напрыклад, у кнізе Мікалая Нікіфароўскага «Странички из недавней старины города Витебска» адзначаецца, што ў ХІХ ст. з пачаткам навігацыі падобныя «біржы» былі ў вусці Слізкага ручая (канец сучаснай вуліцы Чэхава), Віцьбы, Ручая (паміж вуліцай Калініна і Дабравешчанскай царквой). Да з’яўлення параходаў і чыгункі нямала пратапталі сцяжынак уздоўж берагоў бурлакі, якія цягнулі з Рыгі супраць плыні лайбы з селядцом, гарбатай, кавай, лімонамі, апельсінамі і іншымі дарамі далёкіх краёў.

Цёзкі Дзвіны

Сучасная вуліца Кірава з’явілася ў 1947−1958 гадах і зараз уключана ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Будынкі выкананы ў стылі сталінскага ампіру, характэрнага для таго часу. Вуліца мае шырыню 66 метраў - амаль у шэсць разоў больш, чым яе даваенная папярэдніца.

Летам 1959-га ўзвялі корпус (1) гасцініцы «Дзвіна». Яго далучылі да асноўнага будынка (2), які стаіць на рагу вуліц Кірава і Ільінскага. Пры гатэлі працуе аднайменны рэстаран, дзе ў свой час для гасцей граў папулярны ў горадзе вакальна-інструментальны ансамбль «Дзвіна» пад кіраўніцтвам Яўгена Лур’е. У 1988 годзе калектыў удзельнічаў у І Фестывалі польскай песні ў Віцебску (папярэдніку «Славянскага базару») і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Цяпер гасцініца належыць медыцынскаму ўніверсітэту і разлічана на бюджэтны варыянт адпачынку. Але вокны гатэля глядзяць у цэнтр горада, што дорага каштуе.

У пачатку 1970-х на ўзбярэжжы на вуліцы Ільінскага пачалосі будаваць комплекс жылых дамоў (3, 4, 5, 6). Амаль усе старыя будынкі, у якіх размяшчаліся розныя канторы і жылыя баракі, пайшлі пад знос. Дамы закрылі сабой СШ № 21 (7). Ацалеў толькі былы РДК Віцебскага раёна (8) і суседні з ім невялікі будынак, дзе на першым паверсе размешчана кулінарыя, а на другім — кватэры. Да 1958 года ў РДК знаходзіўся тэатр імя Якуба Коласа, а яшчэ раней — клуб металістаў.

Білет да Цёплага лесу

Дзвіна была галоўнай транспартнай артэрыяй і летам, і зімой. Мікалай Нікіфароўскі згадвае, што па лёдзе ў Віцебск з вёсак везлі дровы, сена, будаўнічы матэрыял. Вольныя ад летняй працы сяляне прыходзілі на заробкі трапаць лён і пяньку.

Рэгулярнае параходнае судаходства ў Віцебску пачалося напрыканцы ХІХ ст., калі ад прыстані (9) адправіўся першы рэйс на Веліж (зараз Смаленская вобласць). Потым параходы пачалі хадзіць да Дзвінска (цяпер латвійскі Даўгаўпілс), які таксама ўваходзіў у склад Віцебскай губерні. З развіццём судаходства вакол прыстані будавалі гасцініцы і гандлёвыя лаўкі. Магчыма, усе будынкі, знесеныя ў 1970-х, калісьці ўзводзілі для абслугоўвання пасажыраў.

Пра адзін з параходаў, якому не шанцавала з назвамі, захавалася цікавая гісторыя. Да рэвалюцыі паміж Віцебскам і Веліжам курсіраваў «Дзвінск», ім валодаў жыхар гэтага горада. Пасля таго як населены пункт адышоў да Латвіі, судна засталося ў бальшавікоў. Параход перайменавалі ў гонар ягонага старога капітана — «Іосіф Бараноўскі». Пазней, калі таго арыштавалі за невыкананне плана перавозкі пасажыраў, судна назвалі «Сцяклоў» — па прозвішчы рэвалюцыянера.

Аднак Сцяклова рэпрэсіравалі, і судна атрымала імя наркама НКУС Яжова: ён быў салдатам мясцовага гарнізона і спрычыніўся да рэвалюцыйных падзей у Віцебску. Пасля расстрэлу Мікалая Яжова параход назвалі «Бальшавік». Кажуць, што пад такой назвай ён служыў да 1950-х.

У 1965-м парк суднаў папоўніў прагулачны цеплаход «Мінай Шмыроў» (10). Легендарны партызанскі камандзір памёр годам раней, таму вырашылі такім чынам увекавечыць яго імя.

Да станцыі Цёплы лес каля Лужасна хадзіла пасажырская баржа (11), якой кіраваў кацер. Там размяшчаліся чатыры піянерскія лагеры, і бацькам было зручна наведваць дзяцей. Жадаючыя адпачыць на прыродзе ехалі да парку Мазурына, білет каштаваў 5 капеек.

Пазней з’явіліся «Зарніцы» — рачныя аўтобусы на паветранай падушцы. Яны маглі перавозіць 45 чалавек на максімальнай хуткасці 33 км/г. Для аматараў самастойных водных прагулак дзейнічала лодачная станцыя (13). На маламерных судах можна было пакатацца ў бліжэйшай акваторыі.

Прыстань «Віцебск» праслужыла амаль сто гадоў, яе гісторыя завершылася ў 1980-х, калі рачны транспарт не вытрымаў канкурэнцыі з аўтамабільным і чыгуначным.

Піва ды махорка

Прадукцыя двух віцебскіх прадпрыемстваў згадваецца ў творах Уладзіміра Маякоўскага і Аркадзя Куляшова.

Першым адзначыўся піўзавод (12). У 1875 годзе яго па нямецкай тэхналогіі пабудаваў купец Левінсон. Прадпрыемства назвалі «Баварыя». У 1913-м гаспадар з кампаньёнамі стварыў акцыянернае таварыства «Левенбрэй» — назву ўзялі ў вядомага тады вытворцы піва з Мюнхена. У 1920-м новыя ўлады нацыяналізавалі прадпрыемства і перайменавалі ў гонар памерлага дзеяча германскага і міжнароднага рабочага руху Аўгуста Бебеля.

У сакавіку 1927-га Віцебск наведаў знакаміты пралетарскі паэт Уладзімір Маякоўскі. У Белдзяржтэатры ён прачытаў лекцыю «Лицо левой литературы», сустрэўся з калектывам газеты «Заря Запада» (пазней «Віцебскі рабочы») і маладымі творцамі, наведаў майстэрню Юдаля Пэна.

Падчас прагулкі па горадзе на вуліцы Гогалеўскай (зараз частка вуліцы Леніна ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі) заўважыў шыльду «Ракі і піва завода імя Бебеля». Надпіс настолькі ўразіў паэта, што нібыта ў той жа вечар ён напісаў сатырычны верш «Піва і сацыялізм», які першапачаткова меў назву «Віцебскія думкі»:

…"Раки

и пиво

завода имени Бебеля".

Хорошая шутка…

…и уже не говорят…

«на-зю-зю-кался»,

а говорят —

«на-бе-бе-лился»…

У вершы паэт з іроніяй прапануе назваць гарэлку імем Энгельса, а бліны — у гонар Ласаля, маўляў, Маркс быў бы задаволены. (Фердынанд Ласаль — нямецкі філосаф, эканаміст і палітычны дзеяч, паплечнік Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. — Заўвага аўтара).

З 2004 года выпускам піва займаецца беларуска-нямецкае сумеснае прадпрыемства «Дзвінскі бровар».

Віцебская махорачная фабрыка існавала на вуліцы Пакроўскай з 1883 па 1974 год. Дагэтуль яе прадукцыя захоўваецца ў памяці старэйшага пакалення. Прычым не толькі курцоў, але і гаспадынь, якія з дапамогай махоркі змагаліся з моллю. Трубы прадпрыемства (14) мы бачым на панараме 1965-га.

Да вайны фабрыка на працягу васьмі гадоў трымала пераходны Чырвоны Сцяг як лідар махорачнай вытворчасці. У пачатку вайны прадпрыемства эвакуіравалі ў Саратаўскую вобласць, там працягвалі выпуск прадукцыі. Віцебскую махорку салдаты курылі на ўсіх франтах.

У 1942 годзе беларускі паэт Аркадзь Куляшоў напісаў верш "Віцебская махорка", які пачынаецца з такіх радкоў:

Здан горад Віцебск. З весткай горкай

Ішлі мы ўздоўж яго Дзвіны.

Здан Віцебск.

Мы яго махорку

Яшчэ курылі да вайны.

Пасля закрыцця махорачнай фабрыкі на яе базе стварылі картанажна-паліграфічны камбінат, які выпускае ўпаковачныя вырабы.

Тэатральныя біноклі

Калі махорачная фабрыка вярнулася з эвакуацыі, то акулярную пакінулі ў Пермскім краі. Цяпер гэта Суксунскі оптыка-механічны завод, які нядаўна адзначыў 75-гадовы юбілей. У роліку, размешчаным на ягоным сайце, генеральны дырэктар прадпрыемства Павел Трацьякоў адзначае, што ў 1941 годзе пачыналі з вытворчасці акуляраў для лётчыкаў і танкістаў. Зараз жа выпускаюць больш за 400 відаў сродкаў індывідуальнай абароны для ўсіх галін вытворчасці.

Акулярную фабрыку ў Віцебску заснавалі ў 1892 годзе. Пасля нацыяналізацыі ў 1918-м яна атрымала назву Віцебская дзяржаўная акулярная фабрыка імя Розы Люксембург. Выпускала акуляры, фізічныя, аптычныя і хірургічныя інструменты, павелічальнае шкло. Была ў СССР манапалістам па вытворчасці ахоўных акуляраў і масак для рабочых цяжкай, горнай і хімічнай прамысловасці. У 1936-м тут наладзілі выпуск тэатральных бінокляў. Напярэдадні вайны ў асноўным выпускалі акуляры для лётчыкаў і танкістаў.

У 1948-м у адноўленых карпусах акулярнай фабрыкі размясціўся Віцебскі завод электравымяральных прыбораў (15).

Здымкі Леаніда Хліманава для стварэння панарамы прадставіла былы адказны сакратар абласной газеты "Народнае слова" Лідзія Піменава. Яна распавяла, што ў 1966-1968 гадах, пасля школы і да паступлення на журфак БДУ, працавала ў зборачным цэху завода электравымяральных прыбораў. Прыйшла сюды па рэкамендацыі бацькі Савелія Васільевіча, капітана Ваенна-паветраных сіл. Пасля хрушчоўскага скарачэння арміі ён уладкаваўся на ВЗЭП. Завод займаўся выпускам радыёдэталяў і электрапрыбораў для авіяцыі. Тагачасным дырэктарам быў Барыс Фёдаравіч Фенялонаў.

Зараз ВЗЭП уваходзіць у холдынг «Аўтакампаненты».

 
Теги: Витебск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шэсць фотаздымкаў, зробленых жыхаром Віцебска Леанідам Хліманавым не раней за 1965 год, ствараюць унікальную панараму тагачаснага Задзвіння - ад Кіраўскага моста да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика