Праўнучка Ігната Дамейкі - міністру Макею: "Хачу ехаць у Беларусь цягніком, спадзяюся атрымаць візу". 21.by

Праўнучка Ігната Дамейкі - міністру Макею: "Хачу ехаць у Беларусь цягніком, спадзяюся атрымаць візу"

27.01.2017 14:20 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мінулым тыдні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы: «Напрыклад, я лічу, што абсалютна неправільна, калі Ігната Дамейку ў Чылі і Тадэвуша Касцюшку ў ЗША ўспрымаюць як прадстаўнікоў іншай дзяржавы». Выданне «Радыё Свабода» знайшло праўнучку Ігната Дамейкі, Паc Дамейку, і дазналася, што зрабіла беларуская дзяржава, каб не дазволіць іншым скрасці спадчыну Дамейкі.


Пас Дамейка з дачкой і ўнучкай. Усе фота ў артыкуле - з сайта svaboda.org

Ігнат Дамейка (31 ліпеня 1802, Вялікая Мядзвядка, Гродзенская вобласць — 23 студзеня 1889, Санцьяга, Чылі) — філамат, удзельнік паўстання 1830−1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследнік, геолаг, мінеролаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэту, Нацыянальны герой Чылі.

Дамейка займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Літвы. 2002 год у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вулканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінерал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая планета 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.

У лісце Адаму Міцкевічу з Чылі Дамейка напісаў: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру ліцвінам…»

Знайсці Паc Дамейку было нескладана. Для гэтага дастаткова ўпісаць у пошукавую сістэму па-англійску два словы «сваякі Дамейкі». Праз некалькі секунд мы набіраем нумар у Сіднэй і размаўляем з унучкай сусветна вядомага навукоўца, народжанага на Карэліччыне.


Пас Дамейка з унукамі

Спадарыня Паc, гэта вялікі гонар з вамі размаўляць. Ваш прадзед з Беларусі уцякаў у Чылі, а як вы апынуліся ў Аўстраліі?

Дамейка: Я нарадзілася ў Аргентыне. Мой бацька працаваў у чылійскай дыпламатычнай службе, таму мы вельмі шмат падарожнічалі па свеце. Калі мне было 5 гадоў, мы пераехалі з Аргентыны ў Чылі, а потым у Бразілію і ЗША. Калі мне споўнілася 18 гадоў, я вярнулася ў Чылі і выйшла замуж. На радзіме я працавала для амерыканскай амбасады, узначальвала Амерыканскі культуры цэнтр. Але калі да ўлады прыйшоў Сальвадор Альендэ, мяне пачалі пераследаваць. Я была вельмі напужаная і прыняла рашэнне выехаць у Аўстралію. Так у 1972 годзе я трапіла ў Сіднэй. Я вельмі люблю гэты горад і краіну, я тут вельмі шчаслівая.

А дзе сёння жывуць Дамейкі і ці вялікая ваша сям’я?

Дамейка: Мой прадзед ажаніўся з чылійскай дзяўчынай. Ёй было ўсяго 15 гадоў, а яму 48. Яны былі вельмі шчаслівыя, у іх было чацвёра дзяцей. Але толькі ў малодшага сына былі дзеці. У яго было некалькі сыноў, і яны пладзіліся як чума [смяецца]. Ажно чатыры сыны. У тых было шмат дзяцей. Цяпер жыве чацвёртае пакаленне Дамейкаў. Наш род вельмі рэлігійны, і таму ў нас заўсёды было шмат дзяцей. Сёння ва ўсім свеце жыве больш за 200 нашчадкаў Ігната Дамейкі. Каля сотні ў Чылі, а рэшта ў ЗША і Аўстраліі. Напрыклад, у мяне пяцёра дачок.


Пас Дамейка з дочкамі

А ці застаўся нехта ў Еўропе?

Дамейка: На жаль, ані ў Беларусі, ані ў Літве ці Польшчы ўжо няма нікога з Дамейкаў. Пасля эміграцыі Ігната ў Жыбартоўшчыне каля Дзятлава засталася толькі яго дачка Ганна, а сыноў не было. Такім чынам у Еўропе род Дамейкаў памёр.

Ці перадаў ваш прадзед сваім нашчадкам мовы, на якіх ён размаўляў?

Дамейка: На жаль, мае дзяды ўжо не гаварылі па-беларуску ці па-польску. У Чылі мае прадзеды гаварылі па-іспанску і па-французску.

А чым сёньня займаюцца Дамейкі? Нехта пайшоў слядамі свайго вядомага прадзеда?

Дамейка: Унукі Дамейкі ўсе былі вельмі адукаванымі людзьмі. Мой бацька быў, напрыклад, дыпламатам. Сёння ў нашай сям'і шмат архітэктараў, адвакатаў, лекараў. Дамейкі вельмі прыгожыя, добра выглядаюць. У Чылі нашая сям’я адносіцца да эліты грамадства. Усе нашы сваякі вельмі рэлігійныя.


Сям’я Хуана Дамейкі, часовага паверанага Чылі ў Аўстраліі, 1955−1959 гады. Другая з правага боку — Пас Дамейка

Міністр замежных спраў Беларусі сказаў нядаўна, што іншыя краіны крадуць у краіны гісторыі і ўзгадаў Ігната Дамейку. А ці часта з вамі кантактуюць афіцыйныя чыноўнікі? Магчыма, тэлефануюць дыпламаты з Канбэры?

Дамейка: Да мяне неаднаразова звярталіся літоўскія і польскія дыпламаты. Я ўжо не кажу пра гісторыкаў адтуль. Але ніхто і ніколі з беларускіх дыпламатаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было. Напрыклад, цяпер у Беларусі перакладаюць маю кнігу пра Ігната Дамейку. Але гэтая ідэя з’явілася спантанна, дзякуючы знаёмаму беларусу з Аўстраліі, які паехаў да брата ў Гомель і захапіў з сабою адзін асобнік кнігі. Там і з’явілася ідэя яе перакласці на рускую. Гэту кнігу я напісала па-іспанску ў 2002 годзе. У 2004 годзе яна выйшла па-англійску ў выдавецтве «Random House». Яна называецца «Ігнат Дамейка: жыццё ў эміграцыі». У нашай сям'і ёсць вялікая калекцыя дакументаў і лістоў Дамейкі. Мой бацька сабраў багата рэчаў, звязаных з продкамі. У гэтай кнізе будзе шмат унікальных дакументаў і цікавых рэчаў, якіх няма больш нідзе. Я адмыслова ездзіла ў Францыю, Чылі, Польшчу, Літву і двойчы была ў Беларусі, каб збіраць матэрыялы.


Фальварак Дамейкаў Жыбартоўшчына каля Дзятлава

Жыбартоўшчына сёння

І якія вашы ўспаміны пра тыя візіты ў Беларусь?

Дамейка: Вельмі маляўнічыя. Гэта было надзвычай цікавае падарожжа. Упершыню я была ў Беларусі ў 1999 годзе. Памятаю, што тады была жахлівая інфляцыя. Я знайшла маладую пару, якая размаўляла па-англійску. Яны вазілі мяне сваёй машынай. Я была ў Мядзвядцы, наведвала школьны музей Дамейкі, была ў Міры, у Навагрудку і Жыбартоўшчыне, былой сядзібе Дамейкаў, якая сёння ў руіне. Я правяла там некалькі дзён. Калі б не дапамога Скарынаўскага цэнтру, то візіт наўрад ці атрымаўся б. Другі раз я была ў 2002 годзе. У Вільні праходзіла святкаванне 200-годдзя Дамейкі. Я таксама там была і потым на адзін дзень паехала ў Беларусь.

А ці хацелі б вы зноў наведаць радзіму прадзеда?

Дамейка: Вельмі. Мне неўзабаве 80 гадоў, але я планую ўлетку паехаць у Вільню. Там мае адбыцца вялікая дамейкаўская канферэнцыя. Са мною хоча паехаць мая сястра Сесілія і іншыя чальцы сям'і. Было б цудоўна наведаць Беларусь напрыканцы ліпеня, калі будзе адзначацца 215-годдзе Ігната Дамейкі. Тым больш, што цяпер перакладаецца яго кніга. Я ведаю, што ў перакладчыцы ёсць вялікая праблема з яе выданнем. Калі б удалося выдаць кнігу да 215-годдзя, гэта было б шыкоўна. Спадзяюся, што ня будзе праблемаў і з візай. Я чула, што Беларусь адмяніла візы для многіх замежнікаў. Але з Вільні я хачу ехаць цягніком. Спадзяюся, што ўдасца атрымаць візу.

А як сёння Дамейку памятаюць у Чылі? Ці сапраўды яны так карыстаюцца беларускай гісторыяй, асобай, народжанай і выхаванай у Беларусі, у сваіх інтарэсах?

Дамейка: Ігнат Дамейка найбольш вядомы сярод польскай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы. Канешне, у Чылі ён вядомы дзякуючы таму, што стварыў Чылійскі ўніверсітэт і зрабіў шмат адкрыццяў. Я правяла летась у Чылі тры месяцы, і ў мяне адчуванне, што сёння там мала хто цікавіцца гісторыяй. Яны больш клапоцяцца пра іншыя рэчы. У Чылі ёсць дом Дамейкі. Ён належыць аднаму з маіх братоў. Там жыве цяпер сям’я. Некалькі месяцаў таму чылійскі ўрад паабяцаў стварыць там нацыянальны музей. Дом дакладна такі, якім яго пакінуў прадзед, нават некаторая мэбля захавалася. Мой прадзед — гэта для мяне містычная істота.

Не так даўно я звярталася ў думках да яго, каб ён паслаў мне цікавую сустрэчу. І бачыце, я размаўляю з вамі, упершыню з беларускім журналістам.

Дарэчы, пра містыку. У доме прадзеда была карціна з родных мясцін. Там выява краявіду. Калі я была ў Беларусі, то адзін знаёмец вазіў мяне па ваколіцах Жыбартоўшчыны. І мне раптам захацелася спыніцца, каб зрабіць здымак. Калі я вярнулася, то пабачыла, што гэта дакладна тое самае месца, якое адлюстравана на карціне. Гэта быў маленькі цуд. Я вельмі хачу пабачыць гэтыя краявіды зноў.


Жыбартоўшчына. Карціна дачкі Ігната Дамейкі Ганны, 1908 год

Жыбартоўшчына. Здымак Пас Дамейкі, 1999 год

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы. Выданне "Радыё...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика