Першы дом з ліфтам, бронемашына і малаказавод. Як выглядала плошча Перамогі ў Віцебску ў 60-я
15.03.2017 08:36
—
Новости Культуры
|
У На пярэднім плане мы бачым тагачасную друкарню (2) з гаспадарчым дваром. Побач — частка тэрыторыі ДТСААФ (3), дзе была аўтамоташкола. Навучэнцы ў асноўным трэніраваліся на трафейных аўтамабілях і матацыклах. Ветэран добраахвотнага таварыства Мікалай Вялюга згадвае, што тады структуру ўзначальваў генерал-маёр у адстаўцы Аляксандр Бялоў, які хадзіў у шынялі без пагонаў. У 1962 годзе пачала дзейнічаць школа юнага мотагоншчыка, на практычныя заняткі выязджалі ў парк Мазурына. Трэнерамі былі Пётр Башнёў і Валерый Сухамлінаў. На арганізацыйны збор завіталі 300 хлопцаў, што жылі ў наваколлі. З іх засталося 6−7 чалавек, якія ў далейшым сталі майстрамі спорту СССР і трэнерамі. Сярод іх быў і Мікалай Вялюга. Старажылы сцвярджаюць, што двор ДТСААФ быў літаральна забіты тэхнікай, на фатаграфіі мы ж бачым усяго тры адзінкі. Сярод іх і бронемашына (4), якая ў 1950-я выязджала на трэніровачныя заняткі на тагачасную Аршанскую плошчу (5). Па словах віцебскага фатографа Міхаіла Шмерлінга, пляц не быў заасфальтаваны, таму танкетка ганяла за сабой вялікія клубы пылу. Паглядзець на майстэрства будучых салдат Савецкай Арміі збіралася даволі шмат людзей. Але падчас здымак друкарня і ДТСААФ на гэтым месцы дажывалі апошнія месяцы ці нават дні: вялося выкананне генплана развіцця горада па пашырэнні і добраўпарадкаванні Аршанскай плошчы. Ужо разбілі сквер (6), які выходзіў на праезджую частку сучаснай вуліцы Леніна (пазней ён заняў тэрыторыю друкарні і ДТСААФ). Будавалі дом на вуліцы Жасткова, 8 (зараз рэстаран «Вікторыя»), на чарзе быў комплекс з рэстаранам «Журавінка» і магазінам «Цэнтральны» (сёння «Веста»). Друкарня пераехала на вуліцу Шчарбакова-Набярэжную, а аўтамоташколу перавялі ў Марскую школу (на вуліцы Сярэдненабярэжнай), пакуль не пабудавалі для яе базу ў раёне 5-га Камунальнага. На старым здымку мы бачым канструкцыю трамвайнага прыпынку (7), будынак сударамонтных майстэрань (8), Палац культуры будтрэста № 9 (9), малаказавод (10). Горад-садСтварэнне плошчы Перамогі (назва Аршанская ўжо знікла, і яе іменавалі як «плошча, што прылягае да праспекта Чарняхоўскага») на 17 гектарах пачалося ў пачатку 1970-х. Віцебск тады рыхтаваўся адзначыць 30-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзе з моманту заснавання. Адначасова рэканструіравалі Смаленскую шашу (Маскоўскі праспект). Да памятных дат будавалі і іншыя аб’екты. У прыватнасці, гасцініцу «Віцебск», трамвайнае Усходняе паўкальцо, якое 6 лістапада 1973 года злучыла праз Юбілейны мост Смаленскую шашу, праспект Фрунзэ і вуліцу Гагарына. Працы да юбілейных урачыстасцяў было шмат, але тэмпы не задавальнялі кіраўніцтва. Восенню 1973-га ў газеце «Віцебскі рабочы» выйшаў артыкул, які заклікаў зрабіць да зімы як мага больш. Лейтматывам у ім праходзіў прызыў: «Таварыш віцяблянін! Твой горад — твой клопат! Унясі свой дастойны ўклад у яго росквіт. Зрабі ўсё, што ад цябе залежыць, каб ператварыць яго ў квітнеючы сад». А 13 кастрычніка 1973-га па ўсім горадзе прайшоў суботнік, у якім удзельнічала 67,3 тысячы чалавек. Напрыклад, на Смаленскай шашы выкладвалі тратуары, на плошчы Перамогі разбівалі кветнікі. Работы вяліся нават на Юр’евай горцы, дзе школьнікі высаджвалі ліпы і бярозкі. Акрамя таго, тады праходзіла акцыя: жыхароў заклікалі бясплатна адпрацаваць 100 гадзін на падрыхтоўцы горада да юбілею. У красавіку 1974 года прэса паведаміла, што на плошчы Перамогі адпрацавана больш за 20 тысяч чалавека-дзён. Ужо рабілі абсталяванне двух 80-метровых басейнаў з фантанамі, мантаж 5-канцовай зоркі для Вечнага агню, паліраваны граніт для якой пастаўлялі з Украіны і Урала. Такі матэрыял выкарыстоўвалі ў Віцебску ўпершыню. Школьны каравулПершы трохпавярховы будынак СШ № 2 узвялі ў 1936 годзе. У вайну ён моцна пацярпеў, і новая чатырохпавярховая навучальная ўстанова з’явілася ў 1954-м. Школьнікі 1970−1980-х памятаюць традыцыю несці варту каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. На пост давяралі заступаць лепшым вучням навучальных устаноў горада. Сярод такіх былі і супрацоўнікі нашай газеты Таццяна Гарнова і Алесь Бынькоў, якія выконвалі абавязкі разводніка. Перад заступленнем на ганаровую варту дзеці праходзілі страявую падрыхтоўку і інструктаж, апраналі зялёную форму. Каравульнае памяшканне знаходзілася ў СШ № 2, дзе хлопцы і дзяўчаты маглі адпачыць і пагрэцца. На пасту стаялі па 15 хвілін, прыкладна праз такі прамежак часу з дынамікаў, устаноўленых над Вечным агнём, іграла жалобная мелодыя. Дарэчы, некалі была ідэя перадаць будынак СШ № 2 пад музей Вялікай Айчыннай вайны. Гаворыць і паказвае МаскваТэлевізійны сігнал прыйшоў у Віцебск 1 мая 1959 года, калі на Юр’евай горцы паставілі тэлевежу. У 1983-м па праекце ўкраінскіх спецыялістаў яе замянілі на новую (11) вышынёй 243,9 м. Гараджане атрымалі магчымасць глядзець дзве саюзныя праграмы і адну рэспубліканскую. Тэлевежа стала важным элементам панарамы горада. Не кожны асмеліцца ўзняцца на такую верхатуру. А нашы калегі Таццяна Пастарнак, Аляксандр Кутынка і Антон Сцепанішчаў гэта зрабілі, робячы рэпартаж. Яны згадваюць, што паднімаліся на вежу каля гадзіны, адпачываючы пасля пераадолення чарговага пралёта на невялікіх пляцоўках. Страху надавала тое, што вецер калыхаў збудаванне, быццам дрэва. Затое з вышыні тэлевежы як на далоні бачны ўвесь горад. «Тры штыкі»Так у народзе называюць мемарыяльны комплекс на плошчы Перамогі. Ён увасабляе гераізм, стойкасць і самаадданасць воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў. Тры абеліскі вышынёй 56 м зроблены з бетону на мармурна-гранітным шчэбні. Помнік пачалі будаваць восенню 1971 года, калі яшчэ не скончылі распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі самой плошчы Перамогі. Для ўзвядзення манумента жыхары горада сабралі некалькі дзясяткаў тысяч рублёў. Плошчу Перамогі і мемарыяльны комплекс «Вызваленне» (так тады яго называлі) адкрылі 30 чэрвеня 1974 года. Сведкамі падзеі сталі тысячы жыхароў і гасцей горада. Адных ветэранаў вайны, якія вызвалялі Віцебск і вобласць, з розных куткоў СССР прыехала каля тысячы. Факел з Вечным агнём даставілі з мінскай плошчы Перамогі на бронетранспарцёры ў суправаджэнні матацыклістаў. Чырвоную стужку перарэзаў старшыня аблвыканкама Пётр Рубіс, а Вечны агонь запаліў першы сакратар абкама КПБ Сяргей Шабашоў. Удзельнікі вызвалення Віцебска напісалі нашчадкам у 2017-ы, тым, хто будзе адзначаць 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чаканячы крок, пасланне ўрачыста пранеслі па плошчы вучні СШ № 2 — камсамольцы Леанід Вараб’ёў і Таццяна Яршова, піянеры Лена Смірнова і Саша Ярашэвіч. Капсулу заклалі ў нішу ля Вечнага агню, бліжэй да сярэдняга штыка. Сёлета будзе адзначацца 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Канешне, з той пары многае змянілася, але ўсё ж цікава прачытаць, пра што думалі землякі больш за 40 гадоў таму. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стары здымак будучай плошчы Перамогі зроблены з аднаго з паверхаў дома, вядомага лозунгам на даху - "Подзвіг савецкага народа бессмяротны".
|
|