Цмок, які цалуе дзевак. Пад Віцебскам ёсць музей з нячысцікамі
28.01.2018 10:54
—
Новости Культуры
|
Хочаце, каб ваша сэрца забілася часцей? Тады вам у вёску Заронава Віцебскага раёна. Менавіта тут, у падвале народнага гісторыка-краязнаўчага музея, прапісаліся навакольныя нячысцікі. Да іх у госці схадзіла карэспандэнт Музею «Гісторыя Заронаўскага краю» больш за тры дзесяцігоддзі. А ў 2014-м тут адкрылі ўнікальную міфалагічную залу, дзе жывуць беларускія нячысцікі ды іншыя незвычайныя істоты. Аналагаў у Беларусі няма. Нешта падобнае можна сустрэць хіба што ў расійскім Углічы — у музеі рускай міфалогіі. А калі ў Заронава пабывала дэлегацыя з краін Балтыі, паўстала паралель з Музеем чарцей у Каўнасе. Літоўскі будынак у некалькі паверхаў вядомы тым, што яго «насяляюць» каля 3000 рагата-хвастатых з усяго свету. Пад Віцебскам колькасць міфічных экспанатаў больш сціплая. Зрэшты, цікаўнасць ў наведвальнікаў ад гэтага не змяншаецца. Дырэктар музея Людміла Нікіціна запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў дзівосны свет міфалогіі: — Зала складаецца з дзвюх частак. На ўваходзе ў падвал гасцей сустракаюць водныя і балотныя нячысцікі: аржавень, багнік, лазнік, русалкі, вечны халасцяк вадзянік… Ёсць і ціхоня, якога ніхто ніколі не бачыў, бо на балоце паводзіць сябе ціхенька — толькі бурбалкамі выдае сябе. А гэта наш цмок, які летам і восенню жыве ў заронаўскім возеры, а на зіму перасяляецца да нас. Чаму ён цмок? Таму што любіць цмокаць — цалавацца з дзеўкамі. (Смяецца.) Але лялі-валі з цмокам да дабра не давядуць. Мясцовы аўтэнтычны фальклор далёкі ад хорару. Персанажы, хаця і здольныя паказаць зубкі, ціхмяныя. Акрамя таго, за імі ўважліва сочыць Гаспадар, які падтрымлівае парадак у гэтым «цёмным царстве». У яго руках вялізная булава, якая — раз! — і можа пайсці ў ход. Далей, за цяжкімі дзвярыма, наземныя і падземныя міфічныя насельнікі. Ідучы за Людмілай Канстанцінаўнай, здавалася б, гатовая да ўсяго. Але… бадзёра падскокваю, пачуўшы з цемры эпічнае «бу». Харызматычная 395-гадовая Ягодка (Аляксандра Гваздзёва) — проста супер. Галоўная кіношная Баба-яга Савецкага Саюза — Георгій Міляр, цалкам ухваліў бы такую «калегу». Даўно ўжыліся ў ролю і іншыя ўдзельнікі «Юных экскурсаводаў» — аб’яднання па інтарэсах, якім кіруе Людміла Нікіціна. Вучні Суйкаўскай школы Мікіта Шыбека і Ліза Семенчукова — сапраўдныя памочнікі сваёй настаўніцы: вядуць экскурсіі з агеньчыкам, усё ад зубоў адскоквае. Фішка міфалагічнай залы ў тым, што ўсе персанажы не з галавы. Іх стварылі, узяўшы за арыенцір кнігу Мікалая Нікіфароўскага «Нячысцікі…».
Менавіта на аснове даследаванняў Нікіфароўскага і з’явілася найцікавейшая экспазіцыя ў Заронава. Ягодка радасна знаёміць мяне з мясцовай прыгажуняй, сваёй роднай сястрой Ягіней, якой усяго… 400 гадочкаў: — Ох і любіць яна гасцей — маладзенькіх, смачненькіх… Зірніце, хто гэта ў яе на печы? Змей — вялікі, чорны, толькі вочкі блішчаць. Беларусы лічылі змея ўвасабленнем дамавіка. Калі ён на печы, то ў хаце лад. Са сцяны на наведвальнікаў пазірае — Пакладзеш маленькую змейку на плячо, і пачынаецца сапраўдны экстрым. Стрымаць эмоцыі няпроста. Ягодка яшчэ можа пачаставаць гасцей смачным варывам з катла: чарвячкі, павучкі, курыныя лапкі і іншыя «далікатэсы». Калі "кулінарная бомба" гатовая, мясцовая Бабка Ёжка бярэ лыжку і з задавальненнем дэгустуе — слабанервовым не глядзець. Твары сведкаў дзейства выцягваюцца, а вусны складваюцца ў літару «о». І дарма. Самыя смелыя могуць пераканацца: усё не толькі ядомае, а нават вельмі смачнае. У гаспадыні музея загадзя прызапашаны іншы кацялок замест бутафорскага. А там сапраўды апетытныя прысмакі. Суразмоўніца ўспамінае, як стваралі міфалагічную залу: — Ідэю ўдалося ўвасобіць дзякуючы фінансавай падтрымцы Віцебскага райвыканкама, творчай дапамозе настаўніцы Суйкаўскай школы Наталлі Шыкаровай і вучняў. Наташа — выдатная мастачка, яна на пэўны час, лічы, перасялілася ў падвал музея, каб удыхнуць у яго новае жыццё. Але падмурак для залы з нячысцікамі заклалалі яшчэ раней. Калісьці я выкладала дзецям беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе. Тэма беларускай міфалогіі была адной з самых займальных. Хатняе заданне — прадставіць і сваімі рукамі вырабіць герояў нашага фальклору. Спробы дзетак потым дадавалі каларыту «Беларускай хатцы». Унікальны для Беларусі музей — зусім не заляцанні да нячыстай сілы. Перш за ўсё гэта папулярызацыя беларускага фальклору. А ўсё незвычайнае цікава і дарослым, і дзецям, нават калі адкінуць убок веру ў звышнатуральнае і невытлумачальнае. На пытанне, ці ёсць жаданне пашырыць кампанію нячысцікаў, гаспадыня адказвае станоўча. Так, чаму б не прапісаць тут самую папулярную ў Беларусі міфічную істоту — ваўкалака? Музей у Заронава — ужо брэнд Віцебскага раёна. Дзецішча Людмілы Нікіцінай папулярна і ў будні, і ў святы. Нярэдка сюды прывозяць гасцей «Славянскага базару ў Віцебску», і яны ў захапленні ад беларускай «экзотыкі». У некалькіх залах — больш за 20 тысяч экспанатаў, падораных ці сабраных падчас фальклорных экспедыцый. Тут прылады працы нашых продкаў, прадметы савецкага побыту, фотаапараты, рарытэтныя навагоднія цацкі, вышыванкі, гадзіннікі, самавары — як у Грэцыі, усё ёсць. І пра кожную рэч Людміла Канстанцінаўна і яе юныя экскурсаводы могуць распавесці цэлую гісторыю. Прыязджайце, не пашкадуеце! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ўваходзе ў падвал гасцей сустракаюць водныя і балотныя нячысцікі: аржавень, багнік, лазнік, русалкі, вечны халасцяк вадзянік… Ёсць і цмок. Чаму ён цмок? Таму што... |
|