У Пінску ўрачыста адчынілі выставу, прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння Яўгена Пулхава
02.06.2018
—
Новости Культуры
|
>
Яўген Пятровіч Пулхаў паходзіў з сям’і чыгуначніка, бацькі пераехалі з Баранавіч у Пінск на пачатку 1920-х гадоў. Скончыў рэальную вучэльню, працаваў землямерам. Яго першым настаўнікам малявання быў Фёдар Лаўроў, які далучыў здольнага юнака да афармлення 1-га Палескага кірмашу. Карцін гэтага перыяду захавалася мала: усяго некалькі невялікіх эцюдаў, выкананых алейнымі фарбамі. Аднак сапраўдным майстрам Яўген Пятровіч праявіў сябе ў акварэлі. Любімая тэма акварэляў Пулхава – нацюрморты і кветкі, а таксама палескія пейзажы. Шмат працаваў у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, займаўся роспісам керамікі і драўляных талерак. Пасля вайны Яўген Пулхаў працаваў метадыстам у пінскім Доме народнай творчасці, знаходзіў на Палессі самадзейных майстроў. З 1953 года кіраваў мастацкай студыяй у Доме піянераў. За дзесяцігоддзі сваёй педагагічнай дзейнасці выдатнік народнай адукацыі Яўген Пулхаў выхаваў цэлую пляяду прафесійных мастакоў, скульптараў, архітэктараў, дызайнераў. Яго вучнямі былі Барыс Хургель, Мікалай Байрачны, Яўген Шатохін, Андрэй Вярэніч, Наталля Галушка, Уладзімір Кіркевіч, Валерый Клюковіч, Валянцін Трусаў, Сяргей Копрусаў і многія іншыя. На ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды адкрыцця выставы гаварылі пра тое, што Яўген Пулхаў пакінуў прыкметны і вельмі важны след у культурным жыцці Пінска. Ён быў сціплым, інтэлігентным чалавекам, улюбёным у Палессе і сваю працу. Яўген Пятровіч вучыў выхаванцаў не толькі маляваць, але, у першую чаргу, быць асобай, заўсёды пад-трымліваў іх ідэі і радаваўся творчым поспехам. З цеплынёй, удзячнасцю і павагай свайго выдатнага настаўніка ўспаміналі намеснік дырэктара СШ № 10 г. Пінска, настаўнік мастацтва С.А. Жук, мастак, архітэктар, член Саюза архітэктараў Беларусі В.Ц. Клюковіч, скульптар, мастак С.Ф. Жылевіч. Усіх прысутных павіншавалі з вернісажам старшыня Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў Л.А. Лемяшэўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама В.М. Кулак, дырэктар Музея Беларускага Палесся І.Г. Дземчук. Словы падзякі гучалі ў адрас неабыякавых творчых людзей, вучняў і паслядоўнікаў майстра, якія выступілі з ініцыятывай правядзення выставы і дапамаглі ў яе арганізацыі і афармленні. Наталля МІЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> У Пінску ўрачыста адчынілі новую выставу, якая прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння выбітнага мастака-педагога Яўгена Пятровіча Пулхава. На ёй прадстаўлены... |
|