Охотник, рыбак, огородник. Родом Михаил с лепельской деревушки Заньки. 21.by

Охотник, рыбак, огородник. Родом Михаил с лепельской деревушки Заньки

05.06.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

img_9238
 Наш горад. Скверыкі, вуліцы, завулачкі, тратуары, масты. Да болю ўсё роднае, сваё, любае сэрцу. Мы любім свой горад і ў добрае надвор’е, і ў непагадзь, ганарымся ім і ў будні, і ў святы — так любяць сваю хату, так ганарацца роднымі і блізкімі людзьмі. Нам хочацца бачыць горад наш чыстым, акуратным, утульным. Хачу расказаць пра чалавека, які мае непасрэднае дачыненне да чысціні нашых вуліц і двароў. Завуць яго Міхаіл Купрыяновіч.

Гады чатыры таму прыйшоў Міхаіл Зыгмундавіч у сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада. Працаваў вадзіцелем машыны, якая вывозіць смецце з прыватнага сектара. Стараўся, і старанне яго заўважылі, інакш бы не даверылі новы магутны шаснаццацітоннік. Увесну, калі гораду пагражала паводка, гэты вопытны, адданы справе чалавек разам з іншымі службамі ратаваў яго ад шалёнай талай вады.
Мы сустрэліся з Міхаілам у яго вольны час на гарадскім скверыку на плошчы Свабоды. На фоне маладой майскай зеляніны і разнаквецця гэты чалавек выглядаў вельмі арганічна. Гаварыў — і адчувалася, што ён любіць свой горад, у якім зараз жыве, працуе, які не прамяняе на іншыя. Любіць па-ціхаму, без лішняй мітусні, высокіх слоў і палымяных прызнанняў, як можа любіць мужчына сярэдняга веку, чалавек працоўны, бацька двух дзяцей, а зараз ужо і дзядуля.
— Ці былі вы дзе на курортах? — пытаюся.
— А што тыя курорты, — махае рукою. — Сям’я была, жонка, дзеці. У Анталію ездзілі, у Турцыю. А мне тая Анталія… У лес вунь лепей, у грыбы, а можна і са стрэльбаю, ці на возера з вудачкай.
Паляўнічы, рыбак, агароднік. Родам Міхаіл з прыгараднай вёсачкі Занькі, дзе, як ён кажа, не трэба вешаць замкі, бо не крадуць, дружна і хораша жывуць людзі. Родам з працоўнай сям’і. Маці збірала малако, бацька працаваў аператарам у кацельні вайсковай часці ў Бароўцы. Пасля школы Міша, як і большасць сяброў-равеснікаў, падаўся ў прафтэхвучылішча вучыцца на трактарыста-вадзіцеля шырокага профілю. А тут і ў армію час прыйшоў. Менавіта яго пакаленне па прызыве ішло ў Афганістан. Туды пайшлі Юра Садоўскі, Гена Кулеш і іншыя. Трапіў у замежную каманду і Міша, ды ў Віцебску перайначылі. У выніку апынуўся ў Польшчы ў мінёрным батальёне, у складзе Паўночнай групоўкі войск. Дапамагалі палякам будаваць масты, лёд на азёрах узрывалі, паромы прапускалі. Было гэта неўзабаве пасля вядомых польскіх падзей у васьмідзясятыя гады. І што там хаваць, часта натыкаліся на грэблівыя, непрыязныя позіркі мясцовых жыхароў.
Вярнуўся са службы старшым сяржантам, папрацаваў крыху ў ПМК-24, а затым з лёгкай рукі нампаліта Варанько прыступіў да службы ў МУС. Працаваў у дарожнай аўтаінспекцыі дванаццаць гадоў. Ды са службай не заладзілася. Урэшце Купрыяновіч памяняў міліцэйскі кіцель на працоўную робу. Вадзіцелем у райспажыўсаюзе развозіў прадукты па школьных сталовых. А затым прыйшоў у жыллёва-камунальную гаспадарку.
Жонка Людміла па прафесіі прадавец. Зараз у дэкрэтным па доглядзе за ўнучкаю. Старэйшая дачка Таццяна працуе эканамістам у Мінску, малодшая, Вікторыя, — атрымала медыцынскую прафесію. Хату на Барысаўскім тракце Міхаіл будаваў сам, а ў родных Заньках — дача. Купілі мотаблок і ўдвух з братам апрацоўваюць шэсцьдзясят сотак агароду. Так што вольнага часу, прама скажам, небагата. Адкуль яму брацца, вольнаму часу, калі трэба і на працы, і на агародзе, і ў лес дабегчы, і на возера паспець. Простаму чалавеку і на радзіме курорт, не трэба яму бераг турэцкі…
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Міхаіл Купрыяновіч.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Наш горад. Скверыкі, вуліцы, завулачкі, тратуары, масты. Да болю ўсё роднае, сваё, любае сэрцу. Мы любім свой горад і ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика