Паэтычная старонка «Світанак», прысвечаная 515-годдзю Шаркаўшчыны
28.06.2018
—
Новости Культуры
|
Віктар Лагун Раніца Шаркоўшчыны Сведка гэтаму ― край сінявокі наш: Два шляхі, што з Дзісны на Жукоўшчыну І з Браслаўскіх азёр на Глыбокае Леглі ростанню ў цэнтры Шаркоўшчыны.
На мяжы, паміж вёскай і горадам, Самабытнасць яе ўсталявалася І малюнкамі вуліц красворднымі На ўзбярэжжы ракі праяўлялася.
З першым промнем яна прачынаецца І ў квяцістае ўбранне ўбіраецца, Да Дзісёнкі збягае, спускаецца І ў люстэрку яе выглядаецца.
Я вітаю Шаркоўшчыну раніцай. Што адкажа яна мне ― паслухаю: Падыходзіць да ранішняй станцыі Па чыгунцы цягнік з перастукамі.
Ульяноўскія пеўні ад радасці Галасамі ніяк не нахваляцца. Не ўступаюць ім тыя, што ў Ракаўцах… А Шаркоўшчына ж песнямі славіцца!
А найбольш, сіняй стужкай спавітая, На ўвесь край і заўжды ганарылася Ты сваімі людзьмі працавітымі, Што на гэтай зямлі нарадзіліся.
Што і сёння на працу спяшаюцца. Ім насустрач вядзе мяне вуліца. Шаркаўчанка з табой павітаецца ― Быццам сонца на небе ўсміхнулася.
А сур’ёзнасць мужчын незвычайная, ― Я кажу вам усім: ― Добрай раніцы! ― Карапузу з садка ― шаркаўчаніну І чародцы дзяўчат-шаркаўчаначак…
У нябёсах пад аркай вясёлкавай, Крылы мараў і планаў спрабуючы, Зазірае юнацтва Шаркоўшчыны Цераз сённяшні дзень у дзень будучы…
Можаш ехаць на Браслаў з Глыбокага, Можаш плыць па рацэ з-пад Жукоўшчыны. Над Дзісёнкай нягаснучай зоркаю ― Мой пасёлак Пад назвай Шаркоўшчына. Кацярына Сосна Шаркаўшчынская вясна Маё сэрца губляе свой рытм — Прыгажосць агарнула такая! Сёння сад белізною пакрыт: Акінь вокам — душа замірае! Безліч кветак як вочкі глядзяць. У неба, як шклянка, празрыстае, Бы сняжынкі, пялёсткі ляцяць. Як вятрыска павее храбрысты, У гайку чуцен спеў салаўя. Можна водару кветак напіцца. Гэта мой родны кут і зямля! Як Шаркоўшчынай не ганарыцца!?
З глыбіні стагоддзяў (Паданне) Праезджы князь махнуў рукою: Вось тут будзе горад-сад! Узрушан думкаю такою Выдаў свіце свой загад. Закласці камень у падмурак Ладнай дзеўцы даручыў. Зімовым ранкам у аўторак, Тут працоўны дзень ажыў. Чаму зімою? Дрэва спала, Не кранаў душу і боль, Сякера дрэва не пужала. Цішыня кругом, прастор… Дамы “як лялькі” будавалі. З-за мяжы схемы набывалі, Ў працы адчувалі спрыт. Па бруку колы грукаталі, У слоту вязлі ў гразі. Што ёсць асфальт, тады не зналі. Коням цяжка, а вязлі. Драўляны мост узрос праз рэчку, Злучыў яе берагі. Касцёл, царкву ўзвялі ў мястэчку, Каб маліцца там маглі. Аптэка, школа, малачарня, Крамы, пошта і карчма. Рады гандлёвыя і лазня— Улада Плятара была. Як жа назваць жытло, гадалі? Шаркаць сталі па двары. Князі Шаркоўшчынай назвалі. У згодзе былі каралі. А князь Літоўскі і круль Польскі Стаў маёнткам гандляваць, Для абароны трымаў войска Ад напасцяў ратаваць…
Прайдуць гады, мінуць стагоддзі. Здымкі памяць ускалыхнуць. Бурыць і нішчыць, можа, годзе? Успаміны хай жывуць. Пішам гісторыю гадамі. І тым трэба даражыць, Што зроблена вякамі Прыгажэць яшчэ і жыць!
Людміла Ардынская Шаркаўшчына Неба Шаркаўшчыны Ў зорках над зямлёй. Мілая Айчына, Краю любы мой! Храмы векавыя Над Дзісной-ракой, Нібы вартавыя, Сцерагуць спакой. І пакутнік Жданаў У помніку стаіць. Удзень напрацаваны Увесь пасёлак спіць. Уранку сонца ўстане, Новы дзень пачне. Хтосьці з шаркаўчанаў Усміхнецца мне. Чысціні прастору Радуюся я. Тут — сады Сікоры, Тут — зямля мая. Лёс паслаў лагодны, Край мяне прыняў, І дачкою роднай, Мару, каб назваў.
«Світанкаўцам” Світае, заранка над лесам палае, Ад вогненнай зоркі святло разліла. Не спіць і “світанкавец”, вершы складае, Каб людзям аддаць больш любові, святла. “Світанкавец…” Хто ён! — Паэт, толькі розны, Ды творчыя мэты і мары адны. Вайцюль і Кукуць, Сікора — узнёсла — У вершах свой край апяваюць яны. Надзея Паляк… Яе вершы кранаюць Пранізлівай чулага сэрца тугой, А лёсу яе распавесці хапае Пра танга, факстрот, бацькаў сад над ракой. Каханне вайне яна проціпастаўляе, Да кветак валошак па жыце бяжыць… Паслухайце: у вершах жаўронак спявае І ўлетку калоссе шуміць “Жыць, жыць, жыць!” Абшары, прасторы ў вершах Сікоры, Лес роднай зямлі на узгорку шуміць, Рачулка Быстрыца, крыніца бруіцца — У іх нам вучыцца, як край свой любіць.
Надзея Вайцюль Мой родны край Іду асцярожнай хадою Цнатлівай травіцай у май, Раса жыватворнай слязою Абмые прастору, мой край. Прыветна і хораша ў маі: Карону лес лісцем прыкрыў, Салоўка шчымліва спявае, Ягоны спеў гай абудзіў. Нябёсаў блакітных раўніна… Крыху запаволю хаду: Вакол ізумруд зеляніны Чаруе мяне, дзе не йду. Прыгожа сады расцвітаюць, І сонейка грэе зямлю, І квеценню бэзы вітаюць. О, май, я цябе так люблю! Чаму ж ты, мой маю шумлівы, Так сэрцу майму дарагі, Завешся людзьмі нешчаслівым І лёс ім прыносіш благі? Як ў маі на свет нарадзіўся, Ці мо ажаніцца хто змог, Лічы, што слязьмі ты заліўся І згінеш ў бядзе, крый жа Бог.
Міледзі Кукуць Мая Айчына У справах і думках сваіх услаўляе Народ беларускі Айчыну сваю. І бусел над дахам урачыста вітае Наш край незалежны, святую зямлю. У нябыт адышлі ліхалецце, навалы, Чужынцаў прыход і знявольны прымус. Цяпер самастойнай і вольнай дзяржавай Пад сонцам свабоды жыве Беларусь. Стагоддзямі сеялі зерне свабоды, Мы на роднай зямлі без прыгнёту каб жыць. І вось ужо руняцца раннія ўсходы… Ды трэба той ніваю нам даражыць!
Ала Міхайлава Край Шаркаўшчынскі — дзіўны край! Табой з маленства ганаруся! Зямлі куточак, нібы рай, У паўночнай частцы Беларусі.
Край сінявокіх васількоў, Буслоў, што мірна ў небе кружаць, Багатых збожжавых палёў, Лясоў, што шчыра людзям служаць.
Дзе водар спелых верасоў, Углядаюцца што пільна ў неба. Радзіма, куды кліча зноў Жытнёвы пах святога хлеба.
* * * Мой родны кут мне бачыцца ў снах, Там, дзе ў бяздонні сонейка смяецца. Святая Шаркаўшчынская зямля, Радзімай што для кожнага завецца.
Ты патанаеш у кіпені садоў, У вясновых, яркіх і прыгожых кветках. Не наталіцца спевам жаўрукоў, Ліецца што па скошаных палетках.
Ляціць няспешна бусел у вышыні, Па рэчцы чародка качак праплывае…. Здалёку свецяць горада агні… І толькі тут так хороша бывае!
Мой родны Шаркаўшчынскі дзіўны край! Зямля майго маленства і юнацтва! Куточак родны, дзе сапраўдны рай, Дзе сэрцам марыш назаўжды застацца!
Надзея Паляк Роднаму краю Усё з павагай да роднага краю: Навальніца, уранку цягнік. Не напалохаць бы, кажуць: “Вітаю! Добрай раніцы, край працаўнік!”
Днём і ноччу, вось так, без упынку, Лашчыць хваляй свае берагі, Не спыняецца ні на хвілінку, Так Дзісна песціць край дарагі.
І духмянае жыта ўлетку Спелым коласам хоча сказаць: “Калі ласка, хутчэй на палеткі, Каб зярнятка к зярнятку сабраць”
А рамонкі складаюць санеты, Шэпчуць гімны табе васількі. Сонцам ясным пяшчотнае лета Незабудкі сплятае ў вянкі.
Ты калісьці даўно, край Машары, Ласкай маці сустрэў і мяне. Праз гады ўжо з пяшчотнай пашанай Прысвячаю я вершы табе.
* * * Наша песня Шаркаўшчына. Край наш вольны, дарагі. Над Дзісною песні льюцца, Заліваюць берагі.
Прыгажэе Шаркаўшчына, Не пасёлак — гарадок. Сэрцу родная Айчына, Мой паэзіі радок.
Урадзілі ўсім на славу Бульба і пшаніца, То чаму ж тут не спяваць Ды не весяліцца?
Край Сікоры, край Машары, І Язэп тут пабываў… На Прыдзісненскім абшары Вечна б край наш працвітаў.
Ігар Дземідовіч Родныя берагі Мая Дзісёнка яшчэ спіць, Але пад тоўстым лёдам Усе ж вада бяжыць, бяжыць Заўсёды, круглым годам. Хоць дзесьці затрымалася вясна, Але прыйдзе, прыйдзе яна. І страпянецца ўвесь свет, Напіша новы верш паэт. Разводдзе будзе ўсіх натхняць, Зіму не стануць успамінаць. П’яны водар чаромхі Апануе ўсе берагі, І забудуць тады прыродзе Завірушна-марозныя ўсе грахі. А затым салаўі закацяць Эратычна-спакусны спеў. Мая любая і Дзісёнка, Як жа кінуць я вас пасмеў? Куды б лёс далей не закінуў, Не пазбавіцца ад тугі, Калі побач цябе не будзе І не бачу родныя берагі.
Галіна Сікора Родны край Шуміць, гамоніць лес на ўзгорку, Гуляе ветрык між вярбін. Мой родны кут, мой кут бацькоўскі, У нашым сэрцы ты адзін.
Абмеру вёрстамі абшары, Праеду свет, ці зноў прайду, Але мілей зямлі бацькоўскай У свеце цэлым не знайду.
Тут я душой адпачываю, З маленства краем даражу, Сваю маленькую радзіму Матуляй роднаю заву.
Мой край Мы в стране такой живём, Где у каждого — свой дом. Садик, школа, магазин Встали стройно в ряд один.
Речка, озеро, леса, Птиц в природе голоса Сказкой делают наш край — Неземной волшебный рай.
И пускай пройдут года, Стану взрослым я тогда, Все равно сюда вернусь И в красоты окунусь.
Поклонюсь церквям святым И могилкам дорогим. С верой, правдой буду жить И земле родной служить.
Хоть в деревне трудно жить, Я не стану слёзы лить Землю потом оболью, А народ свой накормлю.
Скажут мне тогда — герой. Встал он на ноги с зарей, Хлеб собрал, всех накормил, Верой в завтра окрылил.
Лена ГУГАЛІНСКАЯ Ёсць у свеце нямала дарог… Ёсць у свеце нямала дарог, Кожны крочыць сваёю ад Бога, Сніцца часта бацькоўскі парог І да хаты бацькоўскай дарога.
Колькі сцежак прыйшлося прайсці: Вельмі вузкіх і надта шырокіх! Бяду-гора ў жыцці абысці І з вяршынь не сарвацца высокіх.
Толькі зоркай свяціцца ў начы Млечным шляхам дарога да дому, Рэхам чуюцца тыя гады, Што не вернуцца болей нікому.
Што не вернецца спеў салаўя І квяцістае лета дзяцінства. Толькі ў песнях матулі здаўна Чую з роднай старонкай адзінства.
Дзе ў свет белы для шчасця прыйшла, Дзе я ў полі бярозку садзіла… Там да дому дарога вяла, Колькі б я па шляхах не хадзіла.
Самай светлай, радаснай будзе Хай заўсёды дарога да дому! Хто родны парог не забудзе, Той з Радзімай у сэрцы — даскону.
Оставить комментарий
|
|