Прысядзібны ўчастак сям’і Апановічаў, якія жывуць па вуліцы Талстога ў Століне, быў прызнаны спецыяльна створанай камісіяй адным з лепшых у нашым горадзе. Таму завіталі да яго гаспадароў, каб убачыць, чым жа яны скарылі строгае журы.
Аказалася, што сям’я Івана Адамавіча і Ірыны Аляксееўны жыве тут менш за два гады. Але ўжо навяла на самой тэрыторыі і вакол ідэальны парадак. Гасцей сустракаюць веснічкі з металічных карункаў. Наогул метал у афармленні сядзібы іграе вялікую ролю. Уваход у дом, заезд у гараж, тэраса за домам аздоблены прыгожым металічным каваннем.
– Люблю, каб усюды быў парадак, – гаспадар дома Іван Адамавіч праводзіць экскурсію па сваім участку.
Дзеці – пятнаццацігадовая Аліна і дзесяцігадовы Дзіма – таксама прымаюць актыўны ўдзел у вырошчванні раслін, навядзенні парадку. Дзіма сам часта просіць работу на ўчастку – падабаецца даглядаць кветкі, паліваць іх.
Праектавалі дом самі. Усё рабілі на свой густ. Бо дом – гэта месца, дзе ўтульна кожнаму. Таму сям’я вельмі любіць праводзіць час на тэрасе, дзе стаіць вялікі абедзенны стол. Тут сям’я збіраецца за абедамі і вячэрамі, а Дзіма размяшчаецца са сваім лега.
На ўчастку расце шмат цікавых раслін. Сярод іх рададэндроны, барбарыс, туі, ружы. Ружам гаспадары надаюць шмат увагі.
Каралева кветак заняла даволі шмат месца на ўчастку. Многа гаршкоў з пятуннямі. Яны ўпрыгожваюць уваход у дом, гараж, тэрасу, дарожкі.
Каля гаспадарчых збудаванняў прымасціліся казачныя фігуркі, а таксама столік з асновай ад швейнай машынкі. Усё з густам, з толкам. Прыемна прайсці па такім двары, прыемна жыць у такім доме.
Двор Апановічаў – гэта не толькі кветкі і дэкаратыўныя кусты. Ёсць невялікі агарод, а таксама месцы для забаў і спорту. Гэта басейн, батут, дзе любяць бавіць час дзеці.
Спытала ў гаспадара, ці шмат патрэбна сродкаў, каб навесці парадак на сваёй тэрыторыі.
– Ды не, – пачула ў адказ без роздуму. – Кусты набываюцца разова. Тыя ж туі купіў, пасадзіў – растуць. Кветкі купляем штогод. На гэта патрэбна не так і шмат сродкаў. А што да затрачанага часу, дык, напрыклад, догляд кветак і падкошванне газона ў мяне займае паўтары гадзіны. Але галоўнае – што ўсё ў парадку, прыгожа і ўтульна.
Зараз знаёмыя ўжо добра ведаюць жаданне гаспадароў упрыгожваць свой участак, таму многія нават дораць нешта для добраўпарадкавання. Напрыклад, тыя ж дэкаратыўныя фігуркі. Частку набывалі самі, а частку – падарылі знаёмыя.
У любой справе галоўнае – жаданне. Чым яно большае – тым больш знаходзіцца часу на яго здзяйсненне. Ды і сродкі таксама. Робіш жа для сябе, для ўтульнасці ў сваім двары і для суладдзя і гармоніі ў сваёй душы.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара