У чэрвені ў аграгарадку Акцябрскі Гомельскай вобласці праходзіў X Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Праводзіцца ён з 1998 года з мэтай падтрымкі народнай творчасці, захавання рэгіянальнай і мясцовай мас-тацкай культуры, пошуку новых самабытных калектываў. Фестываль праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і пад патранатам ЮНЕСКА.
Арганізатарамі фестывалю да ўдзелу былі запрошаны ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй малой радзімы, шануе і паважае родную мову. Больш за 800 артыстаў прынялі ўдзел у мерапрыемствах, у тым ліку і замежныя калектывы з Сербіі, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Літвы і Украіны. Каля 30 мерапрыемстваў праведзена ў рамках фестывалю.
У гэтым годзе ўпершыню выдалася магчымасць удзельнічаць у фестывалі знакамітаму і вядомаму народнаму фальклорнаму калектыву “Сенькавіца” з в. Сенькава Верхнядзвінскага раёна. Ён прыняў удзел у конкурсе пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў «Лявоніха» і ў прэзентацыі мастацкіх праграм аўтэнтычных гуртоў Беларусі «Спадчына». Танцавальны турнір можна назваць турнірам на цягавітасць, тым больш, што нашы танцавальныя пары ўдзельнічалі ў пятай узроставай катэгорыі «Д» (ад 51 года) і ў творчай барацьбе дайшлі да 1\2 фіналу. Нашым парам-удзельніцам пашчасціла атрымаць дыпломы за захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны беларусаў ад дацэнта кафедры харэаграфіі, кандыдата культуралогіі БДУ культуры і мастацтва І. В. Бадуновай. Можна было б дапоўніць — за жыццялюбства, цягавітасць, прыязнасць і адданасць свайму калектыву.
Кранальна і пачуццёва прайшла прэзентацыя абраду “Расплятанне касы” (урывак вясельнага абраду), які прадэманстравалі ўдзельнікі калектыву “Сенькавіца” і таленавітая прыгажуня Юлія Чэрнік, якая ўваходзіць у склад калектыву-спадарожніка “Галасы вякоў”. Абрадавае дзеянне паведала Франя Сяргееўна Русак – носьбіт аўтэнтычнага фальклору з в. Канчаны, былы кіраўнік “Сенькавіцы”. Гледачы настолькі пранікліся таямнічым дзеяннем абраду, што нават шапталіся паміж сабой — «А што далей?».
Абрадавыя дзеянні былі агорнуты мілагучнымі аўтэнтычнымі песнямі “На моры вуціца” (запісана ў 1990 г. ў в.Канчаны, носьбіт аўтэнтычнага фальклору Т.Б. Кар-дзюкова 1937 г.нар.), “Мы цябе навучаць будзем” (запісана ў 1984г. ў в.Канчаны, носьбіт аўтэнтычнага фальклору Г.І. Жуклевіч 1936 г.нар.), “Выйдзі, выйдзі да сватоў” (запісана ў 1986г. ў в. Канчаны, носьбіт аўтэнтычнага фальклору Т.Ф. Марынская 1932 г. нар.). Майстры народных спеваў Людміла Крыванос, Любоў Марынская, Тэрэза Новік, Святлана Путро, Вікторыя Курыловіч, Таццяна Курмель сваім выступленнем кранулі струны душы. За захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны беларусаў народны фальклорны калектыў “Сенькавіца” атрымаў дыплом лаўрэата і медаль фестывалю.
У рамках правядзення фестывалю была запланавана серыя канцэртаў “Берагіня вандроўная”. Наш калектыў гасцінна сусутракалі ў в. Гаць. Утульная канцэртная зала была цалкам запоўнена гледачамі, якія з асалодай і пад гучныя апладысменты сустракалі песні, пляскі і нашы мясцовыя байкі ў выкананні сенькаўскіх “дзяўчат і хлопцаў”. Уражанне засталося вельмі добрым і ў гледачоў, і ў выканаўцаў.
Прымаў калектыў удзел і ў свяце народнай харэаграфіі, музыкі і песні Рудабельскага краю “Рудабельскі баль”. Нягледзячы на позні час, на плошчы адбывалася феерычнае відовішча. Дарослыя і дзеці, у асноўным удзельнікі фестывалю, нашы браты-славяне з г. Бранска і Тальяці гулялі ў гульні, вадзілі карагоды, танчылі побытавыя беларускія танцы. Весялосць без межаў панавала на імправізаванай сцэне каля мікрафонаў і на пляцоўцы. А што кранула і ўражыла па-сапраўднаму – наша падрастаючае пакаленне. У простых народных касцюмах (здавалася, дзеці іх не здымалі цэлымі днямі), з натхнёнымі тварамі, яны нястомна праводзілі час. Было ўражанне, што начное неба пасвятлела ад гэтага дзіцячага шчасця. Яны танчылі менавіта так, як гэта рабілі іх продкі.
Менавіта на «Берагіне» бачна сувязь пакаленняў, адчуваецца сапраўдны гонар за мінулае, сённяшняе і будучыню нашай Беларусі. «Берагіня» – свята бязмежнай дружбы, міру, дабра і любові да народнай творчасці.
Дзякуючы фестывалю, мы, верхнядзвінцы, і ўсе госці свята адчулі душэўную цеплыню, гасціннасць, якія шчодра дарыла Рудабельская зямля. Прызнаемся шчыра, хочацца па магчымасці прыязджаць на фестываль яшчэ і яшчэ, каб пераканацца, што нашы традыцыі, наша спадчына жывыя і будуць жыць, калі ёсць такія фестывалі. Аксана АХЛАМЁНАК, метадыст аддзела метадычнай работы РЦНТ.
> У чэрвені ў аграгарадку Акцябрскі Гомельскай вобласці праходзіў X Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Праводзіцца ён з 1998 года з мэтай...