Урокі радзімазнаўства ў музеі. 21.by

Урокі радзімазнаўства ў музеі

02.09.2018 17:24 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Развіццё ў дзяцей і юнацтва інтарэсу да гісторыі малой радзімы, традыцый, культуры і людзей, якія праслаўляюць яе сваёй працай, талентам, – галоўная мэта ў асветніцкай дзейнасці Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і яго філіяла – Галерэі мастацтваў. Дасягаецца яна праз сапраўды цікавыя, змястоўныя, карысныя для навучання альбо самаразвіцця краязнаўчыя мерапрыемствы ў фармаце, перш за ўсё, абзорных і тэматычных экскурсій, музейна-педагагічных заняткаў, адукацыйных праграм, вулічных квэст-гульняў.

Музей плённа супрацоўнічае з адукацыйнымі ўстановамі гарадоў Бярозы і Белаазёрска, сельскімі школамі. Рыхтуюцца тэматычныя экскурсіі па просьбам школ і настаўнікаў-прадметнікаў. Вось некаторыя з іх: “Гісторыя бярозаўскіх зямель ад першабытнасці да пачатку XVII ст.”, “Старажытныя гарады краю”, “Бярозаўскі картэзіянскі манастыр”, “Першыя баі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўскага раёна”, “Трагедыя Броннай Гары”, “Салдаты Перамогі – беразаўчане”, “Здзітаўская абарона – гераічная старонка ваеннай гісторыі”. Штогод музей і Галерэю мастацтваў наведваюць да шасці тысяч навучэнцаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў.

На працягу вучэбнага года запа-трабаваны музейна-педагагічныя заняткі “Бярозаўскі кірмаш”, “Адкуль з’явілася кашуля”, “Як хлеб да стала дайшоў”. Яны праходзяць у этнаграфічнай зале, дзе ёсць магчымасць праз дэманстрацыю экспанатаў і аповед навуковага супрацоўніка стварыць атмасферу старажытнасці, каб дзеці змаглі ўявіць жыццё сваіх продкаў, даведацца аб іх рамёствах і традыцыях. Прыветлівая бабуля Ганна ў нацыянальным адзенні запросіць хлопчыкаў і дзяўчынак да калаўрота і ткацкага станка, з прымаўкай ды песняй паведае пра лён, пра ручное ткацтва, пакажа вярацяно, аб якое ўкалолася казачная Сонная прыгажуня, і ў якім кашы сядзела кемлівая Маша за спінай у Мядзведзя. У гэтай зале праз гульню можна наведацца на кірмаш па-бярозаўску і ўбачыць мноства прадметаў побыту вясковага і гарадскога жыхара з мінулага, пачуць іх гісторыю і заадно ўзбагаціць сваю мову такімі каларытнымі словамі-назвамі старажытных рэчаў, як “клямка”, “рагулька”, “рубель”, “трашчотка” і іншымі.

Любяць юныя беразаўчане і “чаяваць-самаварнічаць” падчас музейных заняткаў “Гісторыя самавара”, дзе яны не толькі даведваюцца аб чайных традыцыях народаў свету, але і зачароўваюцца багатай музейнай калекцыяй самавараў.

Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Ганна Аляксандраўна Цюшкевіч упэўнена, што менавіта музейна-педагагічныя заняткі ствараюць дабратворнае асяроддзе для адукацыйнага працэсу, фарміруюць уменне і жаданне знаходзіць неабходную інфармацыю для навучальнай і прафесійнай дзейнасці.

Падабаецца навучальным установам раёна і адукацыйная прагра ма “Музей у гасцях у дзяцей”, калі культурна-асветніцкі “прадукт” дастаўляецца музейным транспартам непасрэдна ў класы гарадскіх і сельскіх школ, аздараўленчыя лагеры. Так, на музейных занятках “Скарбы бярозаўскай зямлі” школьнікі атрымліваюць веды аб мінералах і паўкаштоўных камянях, знойдзеных на тэрыторыі раёна і за яго межамі, іх паходжанні і ўласцівасцях, а таксама пра тое, як яны прымяняюцца ў тэхніцы, мастацтве, побыце, астралогіі. Дзецям дазваляецца патрымаць у руках экспанаты з перасоўнай выставы.

А як лёгка засвойваюцца гістарычныя веды, калі заняткі па радзіма-знаўстве праводзяць праз тэатралізацыю ў шыкоўных старажытных строях першыя ўладальнікі мястэчка Бяроза Ян і Барбара Гамшэі з XV стагоддзя альбо сярэдневяковы рыцар у даспехах з фондаў музея! Самыя смелыя дзеці могуць паўдзельнічаць нават у рыцарскім турніры і зрабіць фотаздымак на памяць.

Музейныя спецыялісты разнастайна ўзнаўляюць і рэканструюць ваенную гісторыю краю. Так, старшы навуковы супрацоўнік Галіна Сяргееўна Краўчук, дарэчы,  аўтар-складальнік многіх музейна-педагагічных заняткаў, на час правядзення аднаго з іх – “Урокі пад разрывамі снарадаў” – становіцца настаўніцай лясной партызанскай школы, якая дзейнічае як частка музейнай экспазіцыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сучасныя школьнікі акунаюцца ў атмасферу суровага ваеннага ліхалецця, пішуць пісьмо-трохвугольнік воіну Чырвонай Арміі, знаёмяцца з імёнамі і ўспамінамі землякоў, у мінулым – вучнямі лясной школы, з малюнкамі палітрука партызанскага атрада С.Н. Бель-скага, зробленымі ім падчас вайны, спяваюць знакамітую “Кацюшу”. Дадзены праект бярозаўскіх музейшчыкаў у свой час быў удастоены дыплома I ступені рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы музей года па патрыятычным  выхаванні моладзі ў намінацыі “Музей і новыя адукацыйныя праграмы”.

У перыяд летніх канікул папулярнымі сярод навучэнцаў гарадскіх школ сталі квэст-гульні, якія музей праводзіць сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама. З вялікай цікавасцю і жаданнем папоўніць недахоп ведаў удзельнікі вандруюць па вуліцах і гістарычных аб’ектах роднай Бярозы. Сёлета квэст “Па слядах Вялікай Айчыннай…” быў прысвечаны 74-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўсіх пунктах удзельнікаў вызваленчай аперацыі чакалі героі ў ваеннай форме таго часу з наступнымі зашыфраванымі заданнямі. Канцавым месцам быў партызанскі атрад, які размясціўся ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Юнакі і дзяўчаты маглі скарыстацца мабільнымі дадаткамі, каб, згодна ўмоў конкурсу, адсылаць свае фотаздымкі з кожнага аб’екта
маршруту.

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей адчувае сваю неабходнасць у сістэме дадатковай адукацыі. З мэтай рэкламы паслуг, раскрыцця багацця фондавых калекцый, павелічэння ахопу менавіта дзіцяча-падлеткавай аўдыторыі адукацыйнымі праектамі калектыў супрацоўнікаў установы рыхтуе пастаянную экспазіцыю “Вытокі літаратурнага майстэрства”, якая дапаможа настаўнікам праводзіць заняткі па творчасці пісьменнікаў і паэтаў – нараджэнцаў нашага краю.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Развіццё ў дзяцей і юнацтва інтарэсу да гісторыі малой радзімы, традыцый, культуры і людзей, якія праслаўляюць яе сваёй працай, талентам, – галоўная мэта ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика