На Хойнікшчыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага сямейнага праекта «Уладар сяла», арганізатарам якога сталі райкам ГА «БРСМ» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
У аграгарадку Веляцін выбіралі самую крэатыўную і актыўную маладую сям’ю раёна, паўдзельнічаць запрашаліся па традыцыі толькі жыхары вёсак. У конкурсе ўзялі ўдзел тры творчыя і лёгкія на пад’ём сям’і – Юрый і Анастасія Гуз з дачушкай Палінай са Стралічава, пара Міхаіла і Марыі Паўленка-Беразоўскіх з дочкамі Дар’яй і Янай з Велеціна, муж і жонка Сяргей і Наталля Бондар разам з дзеткамі Людмілай і Аляксандрам з Глінішч.
Уменні і таленты ўдзельнікаў ацэньвала журы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай.
З канкурсантамі бліжэй пазнаёміліся ў час першага конкурснага этапа пад дэвізам «Вітаем па-хойніцкі!». Затым перайшлі да «Сямейнага ўзвару», дзе гаспадынькі дэманстравалі свае кулінарныя і рукадзельныя поспехі, сямейныя фотаздымкі. Кожная з удзельніц шчодра частавала прадстаўнікоў журы і гледачоў прыгатаванымі салодкасцямі.
Каб у прамежках паміж этапамі гледачы не сумавалі, для іх выступалі артысты мастацкай самадзейнасці Цэнтра культуры г. Хойнікі.
У час пректа правяраюцца і гаспадарчыя здольнасці кожнай пары. Так, у конкурсе «Святочны воз» мужу трэба было запрагці каня ў цялегу, а жонцы – распрагчы. Прычым не толькі па ўсіх правілах, але і на хуткасць. Усе пары паказалі сябе са станоўчага боку – хаця і карыстаюцца на агародзе сёння матаблокам, але ж і жывёлай кіраваць могуць. У працэсе балельшчыкі вельмі перажывалі, што дзяўчаты сапсуюць манікюр. Але ж нічога, справіліся, і пазногцікі ў парадку. У конкурсе «Вясковая эстафета» сем’ям давялося многа рухацца – напрыклад, у час спартыўных эстафет, дзе і з мячом бегалі, і на скакалцы скакалі, і нават на руках мужчыны сваіх каханых неслі.
Самым фізічна цяжкім конкурсам стаў этап «Па дровы». Кожнай пары варта было напіліць, а потым накалоць дроў і правільна скласці іх. Тое, што сёння робіць бензапіла, маладой сям’і трэба было зрабіць уручную. Малайцы, і з гэтым справіліся!
У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Трэцяе месца заняла сям’я Паўленка-Беразоўскіх. Дарэчы, сёлета старшая дачка Даша пайшла ў першы клас. З такой нагоды ад райкама ГА «БРСМ» у рамках акцыі «У школу – з Добрым Сэрцам» першы сакратар Л.А. Гаркуша ўручыла школьніцы падарунак – набор школьных прыналежнасцяў. Другое месца занялі стралічаўцы – сям’я Гуз. Пераможцамі раённага этапа праекта «Уладар сяла» стала сям’я Бондар, якая прадставіць наш раён на абласным этапе сёння, 15 верасня.