Святочная праграма «Раства чароўныя імгненні»
11.01.2019
—
Новости Культуры
|
Новы год і Раство – святы, асаблівыя для кожнага чалавека. Іх з нецярпеннем чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Яны прыходзяць у кожны дом, у кожную сям’ю з прыгожай елкай, падарункамі, новымі планамі і надзеямі, ствараюць атмасферу радасці і шчасця. А яшчэ ў гэтыя святочныя дні прынята дарыць падарункі. Як адзначаюць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту , найлепшым падарункам да свята нараджэння сына Божага для іх стала святочная праграма “Раства чароўныя імгненні”, арганізаваная работнікамі аддзялення Надзеяй Мартынавай, Марыяй Рэдзіка і Галінай Ганебнай разам з артысткамі аматарскага аб’яднання ветэранаў “Душэўная ўтульнасць”. Сапраўдным упрыгожваннем свята стаў выдатны канцэрт, падрыхтаваны творчымі і ініцыятыўнымі жанчынамі , выдатнымі артысткамі, спявачкамі, якія ўваходзяць у склад калектыву “Душэўная ўтульнасць” пад кіраўніцтвам Галіны Пятроўны Сафончык. Нягледзячы на ўзрост, яны заўсёды займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю і паспяхова выступаюць на многіх канцэртах і мерапрыемствах нашага раёна. Вось і ў аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту жанчыны выступілі з бясплатным канцэртам: яны не толькі праспявалі свае лепшыя лірычныя песні, але і павесялілі ўдзячную публіку сваімі жартоўнымі кампазіцыямі, цікавымі конкурсамі і забаўляльнай праграмай з удзелам знаёмых навагодніх персанажаў. Гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі кожнае выступленне абаяльных удзельніц. -Выступленне “Душэўнай утульнасці” — калектыву, які ўжо не аднойчы выступаў у розных населеных пунктах нашага раёна, — гэта заўсёды свята для людзей, а яшчэ сапраўднае ўпрыгожванне ўсіх канцэртных праграм,-адзначыў адзін з наведвальнікаў аддзялення, былы настаўнік, жыхар нашага гарадскога пасёлка Уладзімір Якаўлевіч Мілянцей. Ён таксама паведаміў, што напярэдадні Новага года з цікавай і змястоўнай навагодняй праграмай жаночы калектыў “Душэўная ўтульнасць” наведаў Лужкаўскую участковую бальніцу і цэнтр культуры ў аграгарадку Верацеі. У Верацеях усе месцы ў зале былі заняты гледачамі, а ў бальніцы з вялікім задавальненнем канцэрт паглядзелі нават людзі, якім маюць значныя праблемы са здароўем. Дзякуючы “Душэўнай утульнасці” хворыя на некалькі гадзін забыліся пра свае беды і хваробы і атрымалі шмат пазітыўных эмоцый. Па словах Уладзіміра Якаўлевіча, вяскоўцы былі вельмі ўдзячны таленавітым жанчынам за цудоўны канцэрт. Вось і ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей 9 студзеня было надзвычай шматлюдна. Сваіх наведвальнікаў, як і звычайна, калектыў супрацоўніц гасцінна сустрэў за круглым сталом.Вясёлыя і добра знаёмыя лірычныя песні, конкурсы і салодкія пачастункі, выдатны святочны канцэрт – усё гэта было падрыхтавана для наведвальнікаў аддзялення – пажылых людзей. Святочная праграма ў аддзяленні была арганізавана пры фінансавай падтрымцы кіраўніцтва Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Шмат цёплых слоў удзячнасці было адрасавана арганізатарам і ўдзельнікам канцэрта. А напрыканцы свята прагучала галоўнае пытанне, якое і стала ацэнкай работы супрацоўнікаў аддзялення: “Калі будзе наступны канцэрт ?”. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
|
|