Бібліятэкар: прафесія як прызванне Падзяка старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама аб’яўлена Ларысе Іванаўне Марковіч
16.04.2019
—
Новости Культуры
|
За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы раёна і ў сувязі з юбілеем Падзякай старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана Ларыса Іванаўна Марковіч — былы дырэктар Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. 12 красавіка Ларыса Іванаўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння. Яна нарадзілася на Ушаччыне,а пасля таго як разам з мужам у 1968 годзе пераехала ў наш раён, тры дзясяткі гадоў адпрацавала ў сферы культуры Шаркаўшчынскага раёна, пераважную большасць з іх — у раённай бібліятэцы нашага гарадскога пасёлка. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці “Бібліятэкавядзенне і бібліяграфія” займала розныя пасады: з’яўлялася бібліятэкарам дзіцячай бібліятэкі, інспектарам аддзела культуры, загадчыцай аддзела камплектавання, апрацоўкі і захавання фондаў, дырэктарам ЦБС, дырэктарам раённага цэнтра рамёстваў. З 1990 па 1995 гады ўзначальвала Шаркаўшчынскую цэнтральную бібліятэчную сістэму. Сама Ларыса Іванаўна адзначае, што калектыў бібліятэкараў раёна, у якім яна адпрацавала шмат гадоў, заўсёды быў моцным і зладжаным. Супрацоўнікі 45 сельскіх і 2 бібліятэк гарадскога пасёлка ў той час стараліся зрабіць усё ад іх залежнае, каб кнігі, колькасць якіх павялічвалася, не затрымліваліся на паліцах, а ў поўнай ступені адпавядалі патрэбам не толькі юных чытачоў, але і дарослага насельніцтва рэгіёну. Разам з тым Ларыса Іванаўна адзначае, што ў мінулыя гады шаркаўчане чыталі значна больш, а таму зараз бібліятэкарам раёна зусім няпроста прывабліваць наведвальнікаў у сваю ўстанову, бо сучасныя дзеці, на жаль, не надта любяць чытаць. Усім сваім былым калегам па працы і маладым супрацоўнікам бібліятэк раёна былы кіраўнік пажадала поспехаў у працы,а таксама шчасця радасці і дабрабыту ў асабістым жыцці. А ў дзень свайго юбілею цёплыя і шчырыя віншаванні з пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця юбілярка прымала не толькі ад родных людзей. Ад імя кіраўніцтва раёна жанчыну павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, а таксама калега Ларысы Іванаўны, дырэктар Шаркаўшчынскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Алена Цімафееўна Фромертас. Дэлегацыя гасцей уручыла жанчыне Падзяку старшыні райвыканкама, грашовую прэмію, кветкі і падарунак. Падчас віншаванняў было таксама адзначана, што Шаркаўшчынская раённая бібліятэка, дзе шмат гадоў адпрацавала Ларыса Іванаўна , у вялікай ступені дзякуючы дзейнасці гэтай жанчыны заўсёды была цэнтрам адпачынку і адносін цікавых і творчых людзей, цэнтрам патрэбнай і неабходнай для мясцовых жыхароў інфармацыі, цэнтрам чытання і кнігі. Цікавасць да творчай прафесіі бібліятэкара Ларыса Іванаўна перадала і сваёй дачцэ Вользе Пятроўне Лук’янёнак, якая ўжо таксама шмат гадоў працуе бібліятэкарам ў калектыве Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі. У Ларысы Іванаўны – вялікая і дружная сям’я, якая часта збіраецца разам: двое дзяцей, 4 унукаў і 7 праўнукаў. Юбілярка ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Па-ранейшаму любіць чытаць. Як і шмат гадоў таму, перавагу аддае класічнай літаратуры. А яшчэ – некаторым перыядычным выданням. Было прыемна пачуць, што сярод іх – і наша раённая газета “Кліч Радзімы”.
|
|