У Пінску на адкрыцці фестываля арганнай музыкі з канцэртам выступіў вядомы расійскі арганіст Канстанцін Валастноў (відэа)
05.06.2019
—
Новости Культуры
|
>
У культурным жыцці сталіцы Палесся – новая значная падзея. У нашым горадзе ў маі-ліпені праходзіць міжнародны фестываль арганнай музыкі, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтэка. Паслухаць гучанне ўнікальнага музычнага інструмента, аднаго са старэйшых у Беларусі, можна ў кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Так што музычны форум «Маці міласэрнасці» – гэта, у пэўным сэнсе, узнаўленне добрых традыцый і падзяка кардыналу. Памяці Казіміра Свёнтэка прысвечана і выстава, якая размяшчаецца ў адным з памяшканняў касцёла. Тут можна пабачыць дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы легендарнай асобы ў гісторыі каталіцкага касцёла. Патрэбна адзначыць, што ў 2019 годзе скончылася чарговая маштабная рэстаўрацыя пінскага аргана, спонсарам якой выступіў бізнесмен Юрый Зісер. Работы праводзіў аўтар энцыклапедыі «Арганы Беларусi» Аляксандр Бурдзялёў. Так што цяпер можна пачуць інструмент, першы ўспамін аб якім датуецца 1836 годам, у яго першародным гучанні.
Мэтр віртуозна выканаў на старадаўнім аргане творы І.С. Баха, А. Вівальдзі, Р. Шумана, М. Рэгера, Ф. Ліста. Паслухаць добрую музыку і атрымаць асалоду ад гучання інструмента прыйшло шмат пінчан і гасцей горада – касцёл быў запоўнены слухачамі розных узростаў. Майстэрства музыканта, цудоўнае гучанне аргана і, канешне, прыгажосць убранства каталіцкай святыні – усё гэта ў спалучэнні стварала незвычайную ўзнёслую атмасферу. – Гэта цудоўна, што ў адносна невялікім горадзе з’явіўся такі маштабны фестываль, які засяроджаны вакол вельмі цікавага і знакавага для арганнай культуры Беларусі інструмента. Арганізатары выдаткавалі шмат сродкаў і сіл, каб арган ажыў, аднавіў сваю былую гукавую прыгажосць. Праграма фестывалю насычаная, амбіцыёзная, пакладзены вельмі добры пачатак. Гэта знамянальная падзея і для мяне як музыкі і арганіста. Вялікая адказнасць і хваляванне быць першым выканаўцам, які адкрывае фестываль, – адзначыў Канстанцін Валастноў.
Так, за час правядзення фестывалю ў Пінску запланавана выступленне амаль 30 арганістаў. Гэта навучэнцы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў, маладыя выканаўцы і прызнаныя майстры арганнай музыкі з Пінска, Мінска, Полацка, Гродна, Масквы, Санкт-Пяцярбурга, Беластока, Кракава, Луцка. На працягу амаль двух месяцаў запланавана больш за 20 рознафарматных канцэртаў. Жадаючым прадставіцца магчымасць пачуць сольныя арганныя кампазіцыі, а таксама гучанне аргана ў спалучэнні з іншымі музычнымі інструментамі, вакалам, аркестрам. Арганізатарамі фестывалю арганнай музыкі выступаюць Пінскі гарвыканкам і Пінская епархія Рымска-каталіцкай царквы. Наталля МІЛЕЎСКАЯ. Праграма фестывалю:
|
|