Як арэндныя навацыі адаб'юцца на кошце тавараў і паслуг?
19.01.2010 11:12
—
Новости Экономики
|
Ужо прайшло больш за палову студзеня, а многія прадпрымальнікі так і не ведаюць, колькі дакладна ім з пачатку года прыйдзецца плаціць за арэнду памяшканняў. Пакуль уладальнікі плошчаў і іх “кватаранты” сумесна з дзяржорганамі спрабуюць разабрацца ў складанай сітуацыі, звычайных грамадзян больш клапоціць іншае: як гэта можа паўплываць на цэннікі і адпаведна кашалькі спажыўцоў?
Усе чакаюць - Не ведаю, што і рабіць, - занепакоена індывідуальны прадпрымальнік з Мінска Таццяна Нікановіч, якая працуе ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. - Гавораць, што плату за арэнду могуць павысіць у два разы. А ў мяне з-за крызісу і так стала менш пакупнікоў. А калі прыйдзецца падымаць цэны - колькі змагу прадаць, як расплачуся за арэнду? І такія перспектывы палохаюць многіх. - Да нас звяртаюцца прадпрымальнікі з розных куткоў Беларусі, - гаворыць віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль. - Мы і самі не ведаем, колькі саюзу прыйдзецца плаціць за памяшканні. Нам сказалі, што гэта пытанне плануецца вырашыць ў канцы студзеня. Каэфіцыент неспакою Такую хвалю абмеркаванняў узняў указ № 518, які ўступіў у сілу з 1 студзеня. У гэтым дакуменце былі ўлічаны пажаданні прадпрымальнікаў “адвязаць” стаўкі арэнднай платы ад еўра, бо, сапраўды, кожнае змяненне абменнага курсу рубля да еўрапейскай валюты прыводзіла да карэкціроўкі памераў плацяжу. Цяпер разлік ставак арэнднай платы грунтуецца на базавай велічыні (зараз - 35 тыс. рублёў). Але разам з гэтым змяніліся і пэўныя падыходы да вызначэння ставак. Ва ўказе, напрыклад, дазваляецца прымяняць павышальны каэфіцыент 3 за плошчы, прызначаныя для размяшчэння органаў кіравання юрыдычных асоб, а таксама бухгалтарскага ўліку ды іншых мэт. Прычым, як звяртаюць увагу ў бізнес-саюзах, некаторыя фармулёўкі “размытыя”. Таму прадпрымальнікі і непакояцца, што арэндадаўцы паспрабуюць скарыстаць гэта і падымуць стаўкі па максімуму. Калі гэта сапраўды адбудзецца, то, як мяркуюць эксперты, найбольш цэны і тарыфы могуць вырасці ў прадпрыемстваў паслуг і сэрвісу, а таксама ў гандляроў на рынках. Менавіта ў іх арэндныя плацяжы займаюць значную долю ў сабекошце іх паслуг і тавараў. Праўда, і самі арэндадаўцы, відаць, яшчэ не паспелі зарыентавацца ў сітуацыі. - Нам абяцалі, што пазней збяруць і ўсё патлумачаць, - гаворыць генеральны дырэктар ЗАТ “МАПЗАО” Сяргей Найдовіч. Гэты арэндадаўца не зусім звычайны. У Калодзішчах, што пад Мінскам, створаны інкубатар малога бізнесу. Летась кожны з кватарантаў плаціў па 9-13 еўра за квадратны метр. Але і гэта не пакрывала ўсіх выдаткаў на ўтрыманне будынка. МАПЗАО перакрывала недахоп за кошт прадастаўлення платных бухгалтарскіх паслуг, распрацоўкі бізнес-планаў і антыкрызісных стратэгій ды таго-сяго іншага. Відавочна, калі ў далейшым выдаткі на абслугоўванне будынка інкубатара будуць расці, то і ў арэндадаўцы будзе неабходнасць павышаць стаўкі. Да 31 сакавіка Ва ўказе № 518 зацверджана, што ўсе дагаворы арэнды, заключаныя на тэрмін да 31 сакавіка 2010 г. ўключна, могуць заставацца без змяненняў, а ўсе іншыя мусяць быць перазаключаны на ўмовах, прадугледжаных гэтым указам. Калі ўлічыць, што ў Беларусі, па некаторых ацэнках, да 80% прадпрымальнікаў працуюць на “чужых” плошчах, з’яўляюцца арандатарамі і пры гэтым імкнуцца заключыць дагавор арэнды на максімальна працяглы тэрмін, то можна меркаваць, што перазаключэнне будзе масавым. У Дзяржкамітэце па маёмасці абяцаюць правесці па ўсёй краіне семінары, на якіх і арэндадаўцам, і “кватарантам” растлумачаць, як ім трэба дзейнічаць. Міністэртва эканомікі таксама займае пазіцыю чакання. “Важна не тое, павінны арэндныя стаўкі павысіцца ці знізіцца, - адзначыў “НГ” намеснік міністра Андрэй Тур. - Самае галоўнае, каб яны былі эканамічна абгрунтаваны”. Трэба расціць уласнікаў? Між тым арэндная “хвароба” для Беларусі стала ўжо сімптаматычнай. А хваробы, як вядома ўсім, заўсёды лепш папярэджваць, чым лячыць. І таму, калі б больш прадпрымальнікаў мелі памяшканні ва ўласнасці, а не “кватаравалі”, дык і арэнднае пытанне, напэўна, не выклікала б столькі размоў. Можа, надышоў час прапанаваць арандатарам пэўныя эканамічныя стымулы, каб яны абзавяліся ўласнымі памяшканнямі? Для гэтага можна задзейнічаць і незанятыя будынкі, якіх у нашай краіне нямала. А калі б у прадаўцоў выдаткі знізіліся, дык, магчыма, тады і звычайныя пакупнікі маглі б плаціць за паслугі і тавары менш, чым сёння... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо прайшло больш за палову студзеня, а многія прадпрымальнікі так і не ведаюць, колькі дакладна ім з пачатку года прыйдзецца плаціць за арэнду памяшканняў. |
|