Казуля абыдзецца ў 60 базавых
09.04.2010
—
Новости Экономики
|
А палове на другую ночы інспектары батальёна ДПС ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама на аўтадарозе Гомель — Рэчыца спынілі "Фальксваген". У кабіне аўтамабіля знайшлі паляўнічую стрэльбу, дакументаў на якую ў кіроўцы не было. Глыбокая ноч, зброя, блытаныя тлумачэнні кіроўцы — усё гэта выклікала ў супрацоўнікаў ДАІ падазрэнне. — Падазрэнні не былі беспадстаўнымі, — адзначыў спецыяліст па прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Мікалай ГАРБАЧОЎ. — У фургоне ляжалі мяшкі з мясам. Інспектары ДПС тут жа выклікалі следча-аператыўную групу Гомельскага РАУС і прадстаўніка інспекцыі расліннага і жывёльнага свету. Падчас следства было ўстаноўлена, што напярэдадні раніцай 32-гадовы жыхар Гомеля Сяргей І. у пяцістах метрах ад аўтадарогі Гомель — Кобрын з незарэгістраванай стрэльбы ТОЗ-25 застрэліў казулю. Разабраную тушу вырашыў перавезці дадому ўначы. Гамяльчанін нанёс урон на 60 базавых велічыняў. На браканьера завялі крымінальную справу. Надзея ДРЫЛА. |
|