Танных аднапакаёвак у сталіцы ўжо не засталося
22.01.2011 13:13
—
Новости Экономики
|
Танных аднапакаёвак у сталіцы ўжо не засталося Амаль на працягу ўсяго мінулага года другасны рынак жыллёвай нерухомасці галоўнага мегаполіса краіны працаваў нібыта ў рэжыме чакання сур'ёзных пакупнікоў з грашыма. Толькі ў лістападзе і снежні летась рынак сапраўды ажыў, аднак... Спецыялісты адзначаюць, што менавіта 2010-ы быў самым цяжкім годам для рынку нерухомасці за апошнія 10 гадоў. Пра тэндэнцыі, якія сёння назіраюцца ў жыллёвай сферы сталіцы, карэспандэнту "Звязды" паведаміў кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў. Актыўнасць пакупнікоў паменшылася Эксперты рынку адзначаюць, што колькасць зарэгістраваных здзелак паменшылася амаль на 12 працэнтаў, бо летась у Мінску было прададзена толькі 8,4 тысячы кватэр (у 2009 годзе — 9,5 тысячы). У першым паўгоддзі летась рынак нерухомасці ўвогуле быў амаль мёртвым, а вось у апошнія два месяцы года кліенты агенцтваў нерухомасці набывалі галоўным чынам танныя кватэры, якія актыўна "вымываліся" з рынку. Аднак ужо ў студзені патэнцыйныя пакупнікі зноў зніклі з рынку. Сёння актыўнасць бескватэрных кліентаў знізілася ажно ў тры разы. Чаму гэта здарылася? Справа ў тым, што напрыканцы мінулага года пакупнікі набывалі кватэры, масава выкарыстоўваючы дарагія, нават камерцыйныя, крэдыты, бо пэўныя інфармацыйныя агенцтвы палохалі насельніцтва магчымай дэвальвацыяй пасля Новага года. Аднак гэтага не адбылося, і сёння патэнцыйныя пакупнікі пачалі больш скрупулёзна лічыць грошы і прыглядацца да існуючых працэнтаў па крэдытах. Павялічыўся толькі кошт прапановы Паводле звестак інфармацыйнага каталога спецыялізаванага выдання "Нерухомасць Беларусі", сярэдні кошт прапановы квадратнага метра агульнай плошчы аднапакаёвых кватэр павялічыўся з пачатку года амаль на 20 долараў і складае цяпер 1415 долараў. Сярэдні кошт аднапакаёвых кватэр стаў 50,3 тысячы долараў. Няўжо аднапакаёвыя кватэры ў Мінску сёлета пачалі даражэць? Мікалай Прасталупаў упэўнены, што гэта не зусім так. У першую чаргу існуючая сітуацыя тлумачыцца тым, што з другаснага рынку былі павымываныя ў лістападзе і снежні самыя танныя кватэры. Акрамя гэтага, сёння ўладальнікі ліквідных не вельмі дарагіх кватэр пачалі "прытрымліваць" сваю нерухомасць, або ўвогуле знялі яе з продажу на некалькі месяцаў. Гаспадары такога жылля спадзяюцца, што бліжэй да вясны іх кватэры могуць нават падаражэць. Не спяшаюцца вяртацца на рынак і патэнцыйныя пакупнікі. Гэта тлумачыцца працяглымі святамі і крыху нервовай эканамічнай сітуацыяй. Сёння самыя танныя аднапакаёвыя кватэры ў Мінску каштуюць у межах 39—41 тыс. долараў. Гэта галоўным чынам слабенькія "хрушчоўкі" ў пяціпавярховых дамах на крайніх паверхах з агульнай плошчай жылля да 32 квадратных метраў. Аднак і такіх кватэр на рынку ў продажу засталося не больш за дзесяць. Самы распаўсюджаны кошт маленькіх аднапакаёвых кватэр вагаецца ў межах ад 42 да 46 тысяч долараў. Стандартныя аднапакаёўкі ў параўнальна нестарых панэльных дамах каштуюць каля 50 тысяч долараў. Сёння на рынку зноў з'явілася ў продажы шмат асобных пакояў. У залежнасці ад плошчы пакояў і месцазнаходжання дамоў у горадзе, яны каштуюць ад 18 да 25 тысяч долараў. Самыя танныя двухпакаёвыя кватэры каштуюць цяпер 48—50 тысяч долараў. Вельмі танных і адначасова ліквідных аднапакаёвак сёння таксама ўжо не існуе. Стандартныя двухпакаёвыя кватэры агульнай плошчай да 50 "квадратаў" ёсць у продажы па кошце ад 52 да 60 тысяч долараў. Разам з тым, трэба разумець, што сярэдні кошт прапановы істотна адрозніваецца ад рэальнага кошту продажу. Сёння аднапакаёвая кватэра можа быць даволі хутка прададзена, калі квадратны метр у ёй будзе каштаваць да 1300—1350 долараў. Дарагімі кватэрамі, у якіх жыллёвы "квадрат" дасягае 1500—1600 долараў, пакупнікі амаль не цікавяцца. Рэальны кошт продажу двухпакаёвых кватэр складае ў межах 1200—1250 долараў за квадратны метр, а ў трохпакаёвых кватэрах — каля 1100—1200 долараў. Другасны рынак "ажыве" ў трэцяй дэкадзе лютага Мікалай Прасталупаў адзначае, што спецыялісты агенцтваў нерухомасці ў студзені працуюць у рэжыме завяршэння здзелак, якія былі распачаты яшчэ ў мінулым снежні. Новых пакупнікоў на рынку не будзе яшчэ на працягу амаль двух месяцаў. Наш эксперт упэўнены, што за гэты час кошт стандартнага жылля практычна не зменіцца. А вось бліжэй да вясны другасны рынак сталічнага жылля можа яшчэ крыху патаннець. Справа ў тым, што цяпер камерцыйныя арганізацыі, якія займаюцца долевым будаўніцтвам, маюць пэўныя цяжкасці пры пошуку "грашовых" кліентаў. Дамы, дзе квадратны метр у кватэрах прапануецца за 1500—1600 долараў, цяпер ужо амаль не карыстаюцца попытам. Жорсткая канкурэнцыя за кліентаў сярод забудоўшчыкаў прымушае апошніх неаднаразова аб'яўляць пра зніжкі. У выніку ў Мінску зараз пачынае таннець будаўніцтва нават элітнага жылля. На думку Мікалая Прасталупава, тэндэнцыя на патанненне стандартнага жылля па лініі долевага будаўніцтва пачнецца ўжо ў першы месяц вясны. Квадратны метр кватэр пры будаўніцтве такога жылля будзе каштаваць не больш за 1000—1100 долараў. А вось пасля таго, як знізіцца кошт новага камерцыйнага жылля, прадаўцы і на другасным рынку сталіцы будуць вымушаны перапісваць свае цэннікі ў бок змяншэння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль на працягу ўсяго мінулага года другасны рынак жыллёвай нерухомасці галоўнага мегаполіса краіны працаваў нібыта ў рэжыме чакання сур'ёзных пакупнікоў з...
|
|