Дзяржава падтрымае яшчэ раз?
19.02.2011
—
Новости Экономики
|
Як паведамлялася, Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне наведаў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч і на месцы пазнаёміўся са станам спраў на гэтым прадпрыемстве. Тут прайшла і нарада кіраўнікоў арганізацый, якія ўваходзяць у канцэрн "Беллегпрам". Сітуацыя на баваўняным складаная. Летась аб'ём вытворчасці прадукцыі ў параўнанні з 2009 годам упаў на 35%, а экспарт знізіўся на 47%. Звязана гэта з тым, што цана на сыравіну вырасла ў 2,5 раза, а адпускныя цэны прадпрыемствам стрымліваліся і выраслі толькі на 22%. На думку прэм'ер-міністра, адной з прычын, па якой прадпрыемства аказалася ў такім становішчы, з'яўляецца тое, што на аб'яднанні не была праведзена своечасовая мадэрнізацыя вытворчасці. Абсталяванне на прадпрыемстве абнаўлялася. Напрыклад, у мінулым годзе больш за 18 млрд рублёў інвестыцый было ўкладзена ў баваўнянае аб'яднанне. На гэтыя грошы ў асноўным закупілі прадзільнае і апрацоўчае абсталяванне. Але каб утрымацца на рынку, гэтага мала. Акрамя ўсяго, трэба нешта рабіць з вялікімі запасамі гатовай прадукцыі, якія знаходзяцца на складах. Генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Турчак настроены песімістычна і наракае на недахоп сыравіны і абаротных сродкаў. Пакуль што замежныя інвестары на аб'яднанне не ідуць і ўся надзея — на дзяржаву. Прадукцыя баранавіцкіх тэкстыльшчыкаў якасная, але мастацкае афармленне тканін — пазаўчарашні дзень. Гэта да таго, што на мастацкай майстэрні нельга эканоміць. Пакупнік найперш глядзіць на знешняе аздабленне тканіны, а затым на яе кошт. Але калі сярэдні заробак на прадпрыемстве 500 тысяч (самы нізкі на Брэстчыне), то за такія грошы спецыяліст (мастак), які сябе паважае, працаваць не будзе. Сёлета на прадпрыемстве плануюць павялічыць аб'ём экспарту на 20 працэнтаў, але для гэтага неабходна падтрымка дзяржавы. На працягу ўжо многіх гадоў дзяржава такую падтрымку аб'яднанню аказвала. Мільярды і мільярды рублёў былі ў яго ўкладзены, але прадпрыемства моцна загрузла ў эканамічных праблемах. Фактычна ўся сацыяльная сфера апынулася ў цяжкім становішчы. Давялося распрадаваць маёмасць — усё прыйшло ў заняпад. Але ж на аб'яднанні ўсё яшчэ працягвае працаваць больш за 3 тысячы чалавек. Прэм'ер-міністр лічыць, што неабходна калектыў падтрымаць і даць магчымасць прадпрыемству эфектыўна працаваць і развівацца. Каб нармалізаваць сітуацыю, для баваўнянага аб'яднання неабходна выдаткаваць прыкладна 300 мільярдаў. Вялікія грошы. Дзяржава, хутчэй за ўсё, і на гэты раз падтрымае прадпрыемства, але хацелася б ведаць, чаму не спрацавалі мільярды, якія ўкладзены ў мінулыя гады? Куды яны падзеліся? Прайшлі, як пясок скрозь пальцы? І тут узнікае пытанне. А ці будзе аддача ад чарговага фінансавага ўлівання? Вось, напрыклад, на аб'яднанні неабходна рамантаваць дах, які займае не адзін гектар плошчы, ды і яшчэ хапае шмат дзірак, якія неабходна тэрмінова затыкаць. На гэта пойдуць грошы з мільярдаў, якія будуць выдаткаваны на мадэрнізацыю і перааснашчэнне прадпрыемства? А калі зноў распыляцца сродкі? На нарадзе, якая прайшла на баваўняным, выпрацоўваліся прапановы, якія павінны стабілізаваць работу прадпрыемства, даць штуршок да доўгатэрміновага развіцця аб'яднання. Свае меркаванні выказалі кіраўніцтва баваўнянага і канцэрна "Беллегпрам"... Хацелася б, каб прапановы былі эфектыўнымі і далі, нарэшце, станоўчы вынік. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамлялася, Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне наведаў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч і на месцы пазнаёміўся са станам спраў на гэтым... |
|