У чыстых далонях Нарачы. 21.by

У чыстых далонях Нарачы

02.09.2011 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Узбярэжжа самага вялікага возера краіны, якое называюць беларускай пярлінай, пераўтвараецца ў элітны курорт. У мястэчку Нарач адкрыўся трохзоркавы гатэль з еўрапейскім узроўнем камфорту, а па возеры зноў, як і раней, ладзяцца прагулкі на цеплаходзе.
Ціхая прыгажосць нарачанскіх краявідаў вельмі прывабнаяАдпачываць на Нарачы — адна асалода, і многія аднаўляюць сілы пры возеры з чысцюткай вадой і адметнымі краявідамі. А гадоў за пяць на нарачанскіх берагах будзе створаны курорт сусветнага класа — такое рашэнне прынята летась. Варта нагадаць, што возера з-за адметнага абрысу на карце рамантычна называюць блакітным сэрцам Беларусі, а за чысціню і празрыстасць вады — беларускім Балатонам. Эколагі пацвярджаюць: гэта ўнікальны водны аб’ект, ён “нарадзіўся”, калі адступіў апошні ледавік. У адным з паданняў пра назву возера згадваецца прыгожая дзяўчына з рэдкім арабскім імем Нара (у перакладзе: светлая). Яна любіла сядзець ля вады і спяваць пад гуслі. Звонкі голас яе чуўся па ўзбярэжжы, зачароўваў і радаваў людзей. Аднойчы спевы пачуў стары пан, пажадаў ажаніцца з Нарай, ды яна адмовілася, а пад час пагоні ўцякачка кінулася ў ваду — і больш ніхто яе не бачыў. Людзі ж у гонар дзяўчыны і назвалі Нараччу самае вялікае і прыгожае возера тых месцаў.
Чыстая цёплая вада, маляўнічыя пейзажы, велізарная колькасць мінеральных крыніц, мяккі клімат, малыя вёскі і старыя гарады, якія зберагаюць таямнічыя знакі мінуўшчыны, — усё гэта даўно вабіць да Нарачы як беларускіх, так і замежных турыстаў. Ды вялікая плынь неарганізаваных аматараў адпачынку прыносіла да возера і нямала экапраблем. У 1999 годзе для таго, каб зберагчы і для нашчадкаў куток унікальнай прыроды Паазер'я, там створаны Нацыянальны парк “Нарачанскі”.
Цяпер на тэрыторыі парку абсталявана 15 стаянак для турыстаў — не толькі на ўзбярэжжы Нарачы, але і на берагах не менш прывабных азёр Мястра, Воўчына, Свір, Балдук. У такіх месцах заўсёды сустрэнеш беларусаў, ды яшчэ і са сваякамі, гасцямі з Расіі, Літвы, Украіны. “Да нядаўняга часу мы не арыентаваліся на прыём турыстаў з далёкага замежжа, — удакладніла кіраўнік аддзела турызму Нацпарку Людміла Краўчонак. — У нас было толькі пяць гасцявых дамкоў — прытулак для дзесяці чалавек”. Ды і тыя, зазначым, займалі найчасцей арнітолагі з Германіі, яны штогод прыязджаюць на Нарач для навуковых доследаў. Сёлета ж у сярэдзіне жніўня ў мястэчку Нарач прыняў першых гасцей трохзоркавы гатэль на 99 месцаў. Да берага возера — паўтары сотні метраў, нумары на адно і два месцы, яны розных узроўняў камфорту. Яшчэ два гатэлі і аквапарк маюць намер узвесці беларускія бізнесмены ў хуткім часе. “Ужо сёння мы гатовы задаволіць любыя запатрабаванні турыстаў: і тых, хто жадае “збегчы ад цывілізацыі”, і аматараў адпачынку з дыскатэкамі і боўлінгам”, — сцвярджае Людміла Краўчонак.
Так, дзякуючы рэалізацыі Дзяржпраграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гады, прынятай летась, адкрываюцца новыя турмаршруты, ствараюцца экскурсійныя праграмы. А па возеры цяпер можна падарожнічаць на невялікім цеплаходзе. У 70-х, дарэчы, па Нарачы ўжо хадзілі тры прагулачныя цеплаходы. І вось сёлета ў канцы ліпеня падаў першы гудок “Пасейдон”, цеплаход невялікі, усяго на 19 месцаў, і таму, як гаворыць Л. Краўчонак, на ім “заўсёды аншлаг”. У гатэлі “Нарач” — еўрапейскі камфортПалюбавацца краявідамі з палубы на Нарач прыязджаюць з розных месц Беларусі. Для некага прагулка на цеплаходзе — як шчымлівае вяртанне ў пару маладосці.
Між іншым, не толькі чысціня і прыгажосць Нарачы, але і багатая гісторыя наваколля цікавіць турыстаў. Гісторыкам, скажам, вядома парадаксальнае паняцце “Нарачанская бітва за Парыж”. Аказваецца, пад час Першай сусветнай вайны менавіта ў крывавай бітве ля возера Нарач вырашаўся... далейшы лёс Францыі. І па гэты час там захаваліся вайсковыя ўмацаванні. Зрэшты, і нядаўняя знаходка дайверамі загадкавага судна на дне возера сведчыць: у Нарачы яшчэ шмат таямніц.

Іна Ганчаровіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узбярэжжа самага вялікага возера краіны, якое называюць беларускай пярлінай, пераўтвараецца ў элітны курорт. У мястэчку Нарач адкрыўся трохзоркавы гатэль з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика