У Ганцавіцкім раёне створаць савет па развіцці прадпрымальніцтва
25.01.2012 19:34
—
Новости Экономики
|
У Ганцавіцкім раёне створаць савет па развіцці прадпрымальніцтва Стварэнне новых вытворчасцей, арганізацыя экаагратурызму, прыдарожнага сэрвісу, месцаў для культурнага адпачынку ў горадзе і шэраг іншых пытанняў узнімаліся на сустрэчы кіраўніцтва раёна з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу Ганцаўшчыны.
Кіраўнік раёна А.П. Саланевіч заўважыў, што ў райцэнтры амаль няма месцаў для культурнага адпачынку. Іх стварэнне не толькі было б на карысць жыхарам горада, але і зрабіла б яго больш прывабным для турыстаў. Увогуле, нягледзячы на тое, што раён знаходзіцца ў баку ад асноўных транспартных артэрый краіны, адлегласць ад іх у 30-50 кіламетраў не з’яўляецца істотнай перашкодай для арганізацыі турыстычнага бізнэсу. Тым больш што ў Ганцаўшчыны ёсць перавага перад іншымі раёнамі — яе непаўторная прырода, якая прыцягвае шмат аматараў экатурызму, палявання і рыбалкі. Але пакуль у гэтым накірунку ніхто з прыватнікаў не працуе. Таксама старшыня райвыканкама закрануў не менш актуальную тэму — стварэнне ў раёне новых вытворчасцей. Безумоўна, можна развіваць і гандаль, але жыццё дыктуе свае ўмовы. З прыходам у рэгіёны буйных гандлёвых карпарацый поле дзейнасці ў гэтым сегменце рынку будзе звужана, бо канкурыраваць з імі вельмі цяжка. Таму ўжо зараз неабходна шукаць сваю нішу для далейшага развіцця бізнэсу. У гэтым зацікаўлена мясцовая ўлада, бо прыватнікі штогод уносяць дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Ганцаўшчыны. На іх прыпадае 13 працэнтаў ад грашовых паступленняў у даходную частку раённага бюджэту, а большая частка новых рабочых месцаў ствараецца менавіта прадпрымальнікамі. Таму, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай, накіраванай на падтрымку і развіццё прадпрымальніцтва, стварэнне рабочых месцаў і фарміраванне канкурэнтных адносін, на сустрэчы было прапанавана стварыць раённы савет па развіцці прадпрымальніцтва, які будзе займацца інфармацыйным і кансультацыйным забеспячэннем прыватных бізнэс-структур і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадстаўнікі прыватнага бізнэсу падтрымалі гэтую ідэю. Узначаліў савет старшыня раённага Савета дэпутатаў В.Я. Дрозд. У яго таксама ўвайшлі шэраг прадпрымальнікаў Ганцаўшчыны і адказныя работнікі райвыканкама. Падчас сустрэчы пытанні падаткаабкладання закранула начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ганцавіцкаму раёну В.У. Лісок. Галоўны санітарны ўрач раёна А.Д. Салянік гаварыў аб санітарных правілах работы аб’ектаў грамадскага харчавання і магазінаў, якія гандлююць прадуктамі харчавання. Пытанні страхавання ўзняў начальнік прадстаўніцтва Белдзяржстраху А.У. Сімага. А начальнік раёна электрасетак І.С. Букса коратка нагадаў аб своечасовасці разлікаў за электраэнергію. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стварэнне новых вытворчасцей, арганізацыя экаагратурызму, прыдарожнага сэрвісу, месцаў для культурнага адпачынку ў горадзе і шэраг іншых пытанняў узнімаліся на... |
|