Прадпрымальнік — не птушка пералётная. 21.by

Прадпрымальнік — не птушка пералётная

08.02.2012 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб асаблівасцях рэалізацыі Дырэктывы №4 наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам Леанідам Заікам.

— Мінула больш за год з дня падпісання Прэзідэнтам Беларусі Дырэктывы № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Гэты вельмі прагрэсіўны, на мой погляд, дакумент літаральна ўзварухнуў не толькі дзелавую супольнасць, але і ўсё грамадства. Колькі з гэтай нагоды было артыкулаў, каментарыяў, інтэрв'ю, ток-шоу... І што? Сёння пра Дырэктыву ўспамінаюць зрэдку, гадавіна яе падпісання прайшла, па вялікім рахунку, незаўважанай. Няўжо і зараз добрыя намеры засталіся намерамі?

— Я б не раіў быць такім катэгарычным. Калі б прыняццем аднаго дакумента адразу вырашалася вялікае кола складаных эканамічных праблем, то мы даўно б жылі пры камунізме. Дырэктыва № 4, бадай, першы такі грунтоўны дакумент, накіраваны на стварэнне комплексу спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці як аднаго з асноўных фактараў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Гэта дакумент стратэгічнага значэння, на глыбокую перспектыву. Яго мэта, нагадаю, разняволенне дзелавой ініцыятывы, фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя, садзейнічанне ўкараненню новых тэхналогій, выпуску інавацыйных прадуктаў, стварэнню новых працоўных месцаў, насычэнню рынку айчыннымі таварамі і паслугамі, павелічэнню падатковых паступленняў у бюджэт. А таму гэта яшчэ і дакумент доўгатэрміновага выкарыстання. Яго рэалізацыя ў поўным аб'ёме ўжо запатрабавала ўнясення больш за тысячу паправак і ўдакладненняў у іншыя дакументы. Па сутнасці, трэба перагледзець усё гаспадарчае заканадаўства. І гэтая работа яшчэ не завершана. Так што рабіць канчатковыя высновы пакуль рана.

— Але чаму тады марудна выконваюцца палажэнні Дырэктывы? Каму, так бы мовіць, Дырэктыва не ўказ? Можа чыноўніцай наменклатуры, якую вы часта "чысціце" ў сваіх публікацыях і публічных выступленнях? Ці я памыляюся?

— Памыляецеся. Наколькі я ведаю, у гэтым асяроддзі адкрытых і прамых ворагаў Дырэктывы, каб назваць персанальна, няма. Наадварот, як мне здаецца, наменклатура зацікаўлена ў рэалізацыі тых палажэнняў, якія тычыцца прыватызацыі. Бо ёсць кола начальнікаў рознага ўзроўню, якія не супраць зарабіць на прыватызацыі. Хачу заўважыць, што Дырэктыва дазваляе сфарміраваць клас новых уласнікаў.

У значнай ступені выкананне Дырэктывы запаволіла мінулагодняя сітуацыя на валютным рынку, усплёск інфляцыі, дэвальвацыя рубля, вымушаная неабходнасць рэгуляваць цэны на асобныя тавары. З наступленнем грашовай і эканамічнай стабілізацыі праблематыка развіцця дзелавой ініцыятывы набывае актуальнасць.

— Як вядома, да беларускай дзяржаўнай уласнасці праяўляюць цікаўнасць расіяне, кітайцы, немцы, украінцы, літоўцы, палякі і шмат яшчэ хто. Дык няўжо яны будуць лепшымі гаспадарамі за нашых людзей?

— Я моцна сумняваюся ў тым, што наша палітычная і эканамічная эліта захоча ісці на службу замежнаму капіталу. Не думаю, што "нашы" дапусцяць іншаземцаў да актыўнага ўдзелу ў прыватызацыі. Хоць ім ужо належыць нямала маёмасці ў краіне. Напрыклад, у Беларусі ўсе гіпермаркеты на 95 працэнтаў, — гэта ўласнасць іншаземцаў.

Закрылі сталічны слынны Чэрвеньскі рынак, а паўнацэнных гандлёвых плошчаў, месцаў прадпрымальнікам не прадаставілі. На вызваленай тэрыторыі мяркуецца ўзвесці чарговы бізнэс-цэнтр ці нейкі іншы аб'ект. Прадпрымальнікі скардзяцца і на тое, што нельга набыць ва ўласнасць памяшканне на вытворчыя мэты па даступных цэнах. Вось цікавы і характэрны выпадак. Чалавек за ўласны кошт пераабсталяваў каравульнае памяшканне былой вайсковай часці пад сучасную цырульню. І што, зараз ад яго патрабаваць грошы за гэтае памяшканне? А можа лепш прадаць яго за адну базавую велічыню ці ўвогуле падарыць? Тут павінен быць дыферэнцаваны падыход. Скажам, калі плошча кінутага ці не занятага памяшкання не перавышае ста квадратных метраў, то, лічу, можна даваць значную льготу пры яе прыватызацыі.

Я перакананы ў тым, што адной з галоўных умоў паспяховай рэалізацыі Дырэктывы № 4 павінна стаць садзейнічанне ў набыцці нашымі прадпрымальнікамі ўласнасці. Яна — неабходны базіс для развіцця бізнэсу. Скажам, у масавым парадку дазволіць ільготную прыватызацыю памяшканняў, якія арандуюцца. Гэта ненармальна, што беларускі прадпрымальнік у пераважнай большасці не валодае нерухомасцю. Ён, як птушка на галінцы: шуганулі — і ён паляцеў куды вочы глядзяць.

— Леанід Фёдаравіч, між іншым, а куды часам "ляцяць" нашы прадпрымальнікі?

— Нярэдка, на жаль, у суседнія краіны. Напрыклад, актыўна зараз развіваецца беларускі бізнэс у Смаленску. А кваліфікаваныя спецыялісты рабочых прафесій, асабліва будаўнікі, актыўна засвойваюць Маскоўскі рэгіён, Санкт-Пецярбург і яго наваколлі. Значная колькасць нашых прадпрымальнікаў пераехала ў Кіеў, іншыя ўкраінскія гарады. Але пытанне нават не ў гэтым: рух працоўнай сілы, капіталаў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі (АЭП) — нармальная ў цэлым з'ява. Важна другое: не трэба штучна стымуляваць гэты працэс.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Адмоўнае стаўленне да надзённых праблем бізнэсу. У гэтым выпадку я зноў маю на ўвазе тое, што адміністрацыі многіх нашых гарадоў не вельмі спяшаюцца прадаваць прадпрымальнікам арандаваныя плошчы. А калі ўласнасць не трымае дома, то вельмі проста зняцца з месца і пераехаць туды, дзе лепшы дзелавы клімат. Самая складаная сітуацыя з арэндай, пераводам плошчаў ва ўласнасць у Мінску, абласных цэнтрах. Чыноўнікам прасцей і больш выгадна браць арэндную плату. А чаму б не прадаць за сімвалічную плату тыя плошчы, на якіх ужо не першы год існуе майстэрня па рамонце абутку ці адзення, нейкі іншы малы бізнэс? У нас жа па краіне пустуюць мільёны свабодных квадратных метраў плошчаў. Можа ўзнікнуць такая непажаданая сітуацыя: наш малы і сярэдні бізнэс перамесціцца ў Расію і ва Украіну, а вялікі расійскі і ўкраінскі скупіць нашу прамысловасць, сферу паслуг. І гэта не фантазія. Ёсць краіны, дзе нацыянальны бізнэс поўнасцю разгромлены. Як у Літве, напрыклад. Там празмерна паверылі ў прыватызацыю з удзелам замежнага капіталу і ўсё больш-менш прывабнае распрадалі іншаземцам. Цяпер шкадуюць.

— Наўрад ці буйны замежны капітал сёння паквапіцца на наш малы і сярэдні бізнэс у пасёлках і невялікіх гарадках, дзе ён знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Цікава, а наступіць час, калі інвестары будуць спаборнічаць паміж сабой за права ўкласці значныя сродкі ў вытворчасць на раёне, набыць салідны пакет акцый новага прыватнага прадпрыемства, якое ўзнікла з нуля, на роўным месцы?

— Гэты светлы час мае шанцы наступіць з заканчэннем рэалізацыі Дырэктывы ў поўным аб'ёме, асабліва ў частцы лібералізацыі, разняволення дзелавой ініцыятывы энергічных, прадпрымальных людзей, ліквідацыі залішніх адміністрацыйных бар'ераў паміж дзяржаўнымі органамі і бізнэсам.

— Неабходнасць лібералізацыі і стварэння канкурэнтнага асяроддзя ў эканоміцы быццам бы ўсе разумеюць, але на месцах улады не тое што наўмысна тармозяць, супраціўляюцца, валакіцяць, хутчэй чакаюць: а ці не чарговая гэта кампанія? Як пераламаць такую сітуацыю?

— Сапраўды, некаторыя мясцовыя кіраўнікі ўспрымаюць новыя падыходы як нейкую моду, якая з часам пройдзе. Не трэба выдумляць нейкі спосаб барацьбы з такой з'явай, а творча выкарыстаць досвед кітайскіх камуністаў. Яны, дакладней, ЦК КПК, абавязалі сакратароў партыйных камітэтаў, загадчыкаў іх аддзелаў і інструктараў усяляк садзейнічаць стварэнню з нуля прыватнай уласнасці на падведамных ім тэрыторыях. І рэгулярна рабіць справаздачу перад вышэйстаячымі органамі аб здабытках і праліках. Пры гэтым была жорсткая ўстаноўка: не чапаць дзяржаўныя прадпрыемствы, бо яны — грамадская ўласнасць, якую нельга нікому прадаваць: ні сваім, ні іншаземцам. Была пастаўлена задача — развіваць рынак з малой вытворчасці. Яе кітайскія таварышы выканалі бездакорна. Вось калі б нашы чыноўнікі з такім імпэтам узяліся за выкананне Дырэктывы, то эканамічная сітуацыя ў краіне была б іншай.

— Уявім, што ўзяліся. І што, цяпер чыноўніку на двух крэслах сядзець: у райвыканкаме працаваць і адначасова ў прыватнай фірме?

— Навошта. Гэта прамы шлях да карупцыі. Вырашыў чыноўнік заняцца бізнэсам, пайшла справа — калі ласка, займайся, але дзяржаўную службу пакінь. А не стварай пад сына, дачку ці жонку пасрэдніцкую фірмачку, праз якую і выгадныя заказы з бюджэту, і іншыя прэферэнцыі.

— І тым не менш, жыццё не стаіць на месцы. Калі лаканічна, то што карыснае адбылося пасля падпісання Дырэктывы № 4, у якой ступені спраўдзіліся надзеі бізнэсу?

— У Дырэктыве ўлічаны многія прапановы саюзаў і аб'яднанняў прадпрымальнікаў, правільна расстаўлены акцэнты, вызначаны мэты і задачы. І ўжо адно гэта адыграла станоўчую ролю. Да відавочных зрухаў я аднёс бы пазітыўныя змены ў адносінах да бізнэсу. Яго голас пачуты, пры міністэрствах створаны саветы, у працы якіх прымаюць удзел прадстаўнікі дзелавых колаў, асабліва ў вырашэнні тых пытанняў, якія на прамую тычацца паляпшэння дзелавога клімату ў краіне, выпрацоўцы мер па падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу. Стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці няхай марудна, але ідзе. Напрыклад, ужо можна дэклараваць свае даходы па электроннай пошце. Менш стала залішняга ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, назіраецца скасаванне неабгрунтаваных адміністрацыйных бар'ераў для развіцця дзелавой ініцыятывы. Новы змест і значэнне набывае дыялог улады і бізнэсу па выпрацоўцы рашэнняў у сферы развіцця эканомікі.

А з іншага боку, я вымушаны канстатаваць запаволенасць у выкананні асноўных палажэнняў Дырэктывы. Увогуле варта актывізаваць дапамогу айчыннаму бізнэсу ў яго аднаўленні пасля мінулагодніх узрушэнняў, калі ён страціў значную частку свайго капіталу. У прыватнасці, пажадана прыняцце мер, якія маглі б істотна зняць вастрыню гэтай праблемы, рэальна павысіць ролю малога і сярэдняга бізнэсу ў эканоміцы на аснове максімальнага выкарыстання прыватнай ініцыятывы. Дарэчы, аб гэтым якраз і гаворыцца ў Дырэктыве.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб асаблівасцях рэалізацыі Дырэктывы №4 наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам Леанідам Заікам. — Мінула больш за год з дня падпісання...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика