Ільняныя тканіны насілі яшчэ старажытныя егіпцяне, а рымляне завазiлі іх з Еўропы.
Цяпер лён разводзяць па ўсім свеце, гэта другая па значнасці прадзільная культура пасля бавоўны. Для невялікага пасёлка Карэлічы яна вельмi важная. Бо тут працуе буйны ільнозавод, i ад ураджаю напрамую залежыць заробак соцень жыхароў раёна. Упершыню за апошнія тры гады на завод, якi Прэзiдэнт напрыканцы верасня падчас наведвання назваў узорным прадпрыемствам, паступіла сыравіны больш за неабходны аб’ём. А гэта — гарантаваная загрузка новых ліній, прыбытак і рэнтабельнасць.
Тэрыторыя Карэліцкага ільнозавода радуе чысцінёй і яркімі новымі будынкамі. Пад навесамі — акуратныя рулоны, якія пры дапамозе пагрузчыка адпраўляюць на перапрацоўку. У цэхах — цёпла і светла. Работніцы акуратна падымаюць рукамі ільнотрасту і разраўноўваюць яе на канвееры.
Раскладчык сыравіны Юлія Чужаўка працуе на ільнозаводзе з 2011 года. Дзяўчына прызнаецца, што праца ў яе адказная, хоць і здаецца на першы погляд простай.
У кутку цэха — стэнд з узорамі ільновалакна. Але яго зрабілі спецыяльна для гасцей. Спецыялістам-ільнаводам ён наўрад ці спатрэбіцца.
— Мы называем яго «дваццаць адценняў шэрага», — жартуе ідэолаг прадпрыемства Наталля Дасько. — Дакранiцеся. Яно рознае навобмацак. Вось гэта нумар восем. Адчуваеце, якое яно цвёрдае? І вось гэты — дванаццаты ўзор — вельмi мяккі. Чым вышэй нумар, тым даражэй валакно. Ён складаецца з многіх паказчыкаў. Залежыць ад даўжыні, гнуткасці, колеру.
Начальнік участка па нарыхтоўцы і вытворчасці ільновалакна Лілія Чачотка задаволеная цяперашнім становішчам:
— Гэты год для нас сапраўды вельмі ўдалы. Па-першае, узялі якасную ільнотрасту, па-другое — зрабiлi гэта ў добрым аб’ёме. Сыравіны хопіць, каб абодва нашы заводы, новы і стары, працавалі з поўнай загрузкай. У дзень перапрацоўваем ад 50—60 тон ільнотрасты і выпускаем каля 15—16 тон доўгага і кароткага ільновалакна. Заказчыкі задаволеныя.
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч апелюе лічбамі:
— Пачынаючы з 2015 года ўраджай нас не цешыў. У мінулым годзе лён засушыла, у пазамінулым ён вымак. Сыравінная зона Карэліцкага ільнозавода ўключае ў сябе тры вытворчыя ўчасткі — у Карэлічах, Лідзе і Навагрудку. Агульная плошча, адведзеная пад лён, — больш за 3400 гектараў.
У гэтым годзе нарыхтавалi больш за 11 900 тон ільнотрасты, што на 82 працэнты вышэй за вынiк мінулага года. Амаль тры чвэрцi ад усяго аб’ёму — з нумарам вышэй за адзінку.
— Па выніках года плануем атрымаць больш за 5 мільёнаў рублёў выручкі, — раскладвае па паліцах эканоміку прадпрыемства суразмоўца. — Гэта на трэць больш, чым летась. Па выніках 9 месяцаў завод выйшаў на бясстратную працу. Да канца года чакаем 300—350 мільёнаў рублёў прыбытку.
Практычна ўсё доўгае і кароткае валакно па дзяржзамове адпраўляецца на Аршанскі ільнокамбінат і гродзенскі «Гранітэкс». У мінулым годзе ільнозавод актыўна экспартаваў кароткае валакно ў Кітай і гатовы рабіць гэта ўжо сёння. Аднак свае iнтарэсы — перш за ўсё. Ліцэнзія на рэалізацыю будзе выдавацца толькі пасля выканання дзяржзаказу. У мінулым годзе на экспарт сышло 826 тон кароткага валакна. Завод атрымаў 813 тысяч долараў.