Гіпатэрмія: не гуляй да страты пульсу!
21.01.2012
—
Новости Здоровья
|
Як толькі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за нуль, статыстыка патроху пачынае збіраць выпадкі пераахаладжэння. Дарэчы, для таго, каб пераахаладзіцца, неабавязкова чакаць суровых маразоў — моцна замерзнуць можна нават пры мяккіх тэмпературах, калі знаходжанне на холадзе празмерна зацягнецца. Натуральная засцярога цела ад холаду заключаецца ў тым, што арганізм, каб прадухіліць страты цяпла, скарачае прыток крыві да скуры. У якасці дадатковых мер уключаюцца "рэжым дрыжання" і вызваленне гармонаў, якія садзейнічаюць выпрацоўцы цяпла. Зразумела, што ўсе гэтыя "ацяпляльныя мерапрыемствы" даволі абмежаваныя і звычайна ва ўмовах холаду іх хапае зусім ненадоўга. Гіпатэрмія (або пераахаладжэнне) — стан арганізму, пры якім тэмпература цела падае ніжэй, чым патрэбна для падтрымання нармальнага абмену рэчываў і функцыянавання (ніжэй за 35 °С). Пры ўмеранай і цяжкай стадыях пераахаладжэння ў чалавека значна запавольваецца пульс, адзначаецца выражаная санлівасць, рэзка зніжаецца артэрыяльны ціск. Хто найбольш схільны да гіпатэрміі? Перш за ўсё дзеці першага года жыцця і людзі старэчага ўзросту. Асабліва пераахаладжэнне пагражае адзінокім пажылым людзям, якія на працягу многіх гадзін або дзён вымушаны знаходзіцца без руху ў халодным памяшканні. Іншыя групы рызыкі: псіхічна нездаровыя людзі; людзі з хваробамі сэрца, паніжанай функцыяй шчытападобнай залозы; пітушчыя, бяздомныя людзі; горныя выратавальнікі і выратавальнікі-вадалазы. Першая дапамога Увага: <І>крайняя форма пераахаладжэння патрабуе неадкладнага ўмяшання медыкаў! Пры больш лёгкім пераахаладжэнні, калі гэта магчыма, варта пераапрануцца ў сухое адзенне ці ўхутацца коўдрай, каб прадухіліць далейшую страту цяпла. (Дарэчы, вельмі важна трымаць накрытай галаву, паколькі праз яе адбываецца 30% цеплааддачы.) А вось паскоранае саграванне гарачай вадой або масаж лепш самастойна не выконваць, бо гэтыя працэдуры, зробленыя няправільна, могуць прывесці да сур'ёзных пашкоджанняў тканак. Лепш за ўсё празябламу чалавеку легчы пад коўдру ці ў цёплы спальны мяшок, выпіць гарачай салодкай гарбаты. І памятайце: менш за ўсё ў гэты час патрэбныя алкаголь і нікацін. Прафілактыка Ёсць некалькі простых правілаў, якія дазволяць вам пазбегнуць пераахаладжэння і абмаражэння: l Больш рухайцеся, каб падтрымліваць кровазварот. l Насіце свабоднае адзенне — гэта спрыяе нармальнай цыркуляцыі крыві. l Апранайцеся, як "капуста". Паміж пластамі адзення заўсёды ёсць праслойкі паветра, якое выдатна ўтрымлівае цяпло. Верхняя вопратка абавязкова павінна быць непрамакальнай. l Цесны абутак, адсутнасць вусцілкі, сырыя брудныя шкарпэткі — нярэдка асноўная прычына з'яўлення пацёртасцяў і абмаражэння. Асаблівую ўвагу надаваць абутку неабходна тым, у каго моцна пацеюць ногі. У боты трэба пакласці цёплыя вусцілкі, а замест баваўняных шкарпэтак надзець шарсцяныя: яны ўбіраюць вільгаць, пакідаючы ногі сухімі. l Не выходзьце на вуліцу без рукавіц, шапкі і шаліка. Лепшы варыянт — рукавіцы з вільгаценепрымальнай тканіны з мехам у сярэдзіне. l Не піце спіртнога: алкагольнае ап'яненне насамрэч выклікае вялікую страту цяпла, у той жа час ствараючы ілюзію цеплыні. Дадатковым фактарам з'яўляецца немагчымасць сканцэнтраваць увагу на сімптомах пераахаладжэння. l Не курыце: курэнне зніжае перыферыйную цыркуляцыю крыві і такім чынам робіць канечнасці больш уразлівымі. l Не насіце на марозе металічных (у тым ліку залатых, сярэбраных) упрыгажэнняў. Па-першае, метал астывае да нізкіх тэмператур значна хутчэй за цела, па прычыне чаго магчымае "прыліпанне" да скуры з болевымі адчуваннямі і халадовымі траўмамі. Па-другое, пярсцёнкі на пальцах ускладняюць нармальную цыркуляцыю крыві. Наогул на марозе старайцеся пазбягаць кантакту голай скуры з металам. l Калі змерзлі рукі — паспрабуйце адагрэць іх у падпахах. l Вярнуўшыся дадому пасля доўгай прагулкі, абавязкова пераканайцеся ў адсутнасці абмаражэння канечнасцяў, вушэй, носа і г. д. l Як толькі на прагулцы вы адчулі пераахаладжэнне, неабходна як мага хутчэй зайсці ў любое цёплае месца (краму, кавярню, пад'езд) для сагравання. l Калі ў вас заглухла машына ўдалечыні ад населенага пункта або ў незнаёмай для вас мясцовасці, лепш заставацца ў машыне, выклікаць дапамогу па тэлефоне або чакаць, пакуль па дарозе пройдзе іншы аўтамабіль. l Хавайцеся ад ветру: верагоднасць абмаражэння на ветры значна вышэйшая. Не мачыце скуру: вада праводзіць цяпло значна лепш за паветра. Не выходзьце на вуліцу з вільготнымі валасамі. l Карысна на доўгую прагулку захапіць з сабой пару зменных шкарпэтак, рукавіц і тэрмас з гарачай гарбатай. Перад выхадам на вуліцу трэба паесці: вам можа спатрэбіцца энергія. l Адпускаючы дзіця гуляць у халоднае надвор'е, памятайце, што яму пажадана кожныя 15—20 хвілін вяртацца ў цяпло і сагравацца. l Калі ў вашай сям'і ёсць пажылы чалавек, сачыце, каб у моцныя маразы ён не выходзіў на вуліцу, і паклапаціцеся пра тое, каб яго пакой быў добра прагрэты. l Нарэшце, памятайце: лепшы спосаб выйсці з непрыемнага становішча — гэта ў яго не трапляць. Калі вы не любіце экстрэмальныя адчуванні, у непагадзь старайцеся не выходзіць з дома без асаблівай на тое патрэбы. Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як толькі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за нуль, статыстыка патроху пачынае збіраць выпадкі пераахаладжэння. Дарэчы, для таго, каб пераахаладзіцца,...
|
|