«Юность-Ушачи» – центр зимнего отдыха! Многие ушачане пользуются возможностью покататься на коньках и лыжах
18.01.2019
—
Новости Здоровья
|
Пакуль на галоўнай лядовай арэне краіны ідуць апошнія прыгатаванні да старту Чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні, правядзенне якога ўпершыню даверана Беларусі, ушацкія аматары зімовых відаў спорту ўжо ва ўсю правяраюць якасць лёду на гарадскім катку і хуткасць лыжных трас. Цэнтрам жа зімовага адпачынку стаў сёлета спартыўны комплекс “Юнацтва-Ушачы”, побач з якім абсталяваны прыгаданыя аб’екты, тут жа наладжаны пракат канькоў і лыж. І няхай у пэўных арганізацыйных момантах ёсць яшчэ некаторыя “шурпатасці”, у цэлым жыхары і госці райцэнтра задаволены створанымі для іх умовамі. Сведчаць пра гэта і лічбы: толькі за два выхадныя дні паслугамі пракату зімовага інвентару скарысталася каля 160 чалавек, а многія ж прыходзілі са сваімі лыжамі і канькамі. Нельга не сказаць некалькі слоў пра тых работнікаў, якія шчыравалі на ўладкаванні гэтых месцаў адпачынку. “На жаль, у пачатку зімы марозныя дні пастаянна змяняліся адлігай, і заліць якасны лёд было немагчыма, – расказваюць інжынер комплексу Мікалай Генадзьевіч Лабёнак і слесар-сантэхнік Уладзімір Іванавіч Лісічонак, якія непасрэдна адказваюць за гэты працэс. – Зараз жа ўдалося зрабіць 10-сантыметровае пакрыццё, якое стараемся падтрымліваць у нармальным стане”. Дарэчы, ушацкі каток сёлета мае дугападобную канфігурацыю, бо заліты па контуры асфальтавай дарожкі. Многія адзначаюць, што катацца на ім зручна і цікава, да самага закрыцця комплексу тут гучыць музыка, устаноўлены лавачкі для пераабування, добра і тое, што побач кафэ “Тайм-Аут”, дзе можна сагрэцца гарачым чаем. Прымальнымі людзі лічаць і цэны на пракат канькоў і лыж: гадзіна для дарослых каштуе 3 рублі, а для дзяцей і падлеткаў да 18 год – усяго паўтара. Па словах дырэктара раённага спартыўнага клуба А.У.Жыткова, плануецца абсталяванне на катку хакейнай пляцоўкі з бартамі і варотамі, што дазволіць праводзіць тут таварыскія матчы. Прынамсі, жадаючыя арганізаваць такія паядынкі могуць звяртацца ў спартклуб па нумары 5-76-85. Ёсць таксама планы па правядзенні на лядовай пляцоўцы хакейнага міні-турніру ў рамках спартыўнага свята “Сусветны дзень снегу”, якое будзе ладзіцца ва Ушачах 26 студзеня. Прысутнічаюць у яго праграме і лыжныя гонкі, якія пройдуць на трасе ля комплексу. Дарэчы, ацаніць лыжню і нават пасачыць за працэсам яе ўтрамбоўкі з дапамогай спецыяльна набытага для гэтых мэт снегахода давялося напрыканцы мінулага тыдня. “Тэхніка істотна спрасціла нам гэту работу, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Зараз усе жадаючыя могуць праехацца па жывапісным наваколлі на лыжах: пракладзена кіламетровая пятля для каньковага стылю, а таксама ўдвая карацейшая траса”. Прынамсі, добрыя водгукі пра новую лыжню ўжо давялося пачуць ад многіх аматараў гэтага віду спорту. Ну а ўражанні ўшачан пра адпачынак на катку суботнім днём я ўвогуле ледзь паспявала запісваць. “Вельмі чакалі, калі яго заліюць! Нам тут вельмі падабаецца!” – наперабой дзяліліся эмоцыямі расчырванелыя ад лёгкага марозцу юныя аматары гульні з шайбай Арцём Казачонак, Аляксей Міхаль і Кірыл Гербулаў. Як аказалася, спорт у жыцці хлопчыкаў увогуле займае вельмі важнае месца: Арцём ездзіць на хакейныя трэніроўкі ў наваполацкі клуб “Хімік”, Лёша ў нашай ДЮСШ асвойвае прамудрасці дзюдо і самба, а Кірыл, які жыве ў Глыбокім, стараецца часцей прыязджаць да бабулі ва Ушачы, каб пазаймацца на нашым комплексе. “Басейн, трэнажорка, а цяпер вось і каток – гэта выдатная магчымасць адарваць дзяцей ад камп’ютараў і тэлефонаў, ды і для дарослых гэта стымул правесці вольную хвіліну не перад тэлевізарам, а на паветры. А таму стараюся як мага часцей прыходзіць сюды разам з дачкой”, – расказвае Марына Аўласенка. Да актыўнага ладу жыцця прывучае сыноў Максім Люцько – сямейнае трыа вельмі весела праводзіла час на катку. Ну а самай маленькай наведвальніцай спартыўнага аб’екта была ў гэты дзень Ева Карпеняну: пакуль яе старэйшы брацік Равіль ганяў па лёдзе шайбу, немаўля салодка спала ў калясачцы на свежым паветры, незважаючы на гучны гоман і смех, якімі поўніўся каток. “Вельмі правільна, што комплекс пабудавалі менавіта ў нашым новым мікрараёне, – адзначае іх мама Анастасія. – Пераехалі ва Ушачы пасля таго, як некалькі год пражылі ў Маскве, набылі кватэру на Віцебскай і, шчыра кажучы, не магу нарадавацца: настолькі тут прасцей і прыемней. Добрая экалогія, цішыня і спакой, смачныя прадукты, такі выдатны спартыўны аб’ект каля дома – што яшчэ трэба, каб гадаваць дзетак і атрымліваць асалоду ад жыцця!”. Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль на галоўнай лядовай арэне краіны ідуць апошнія прыгатаванні да старту Чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні, правядзенне якога ўпершыню даверана...
|
|