У рэдакцыю “НН” прыйшоў ліст ад ураджэнкі Нясвіжчыны, сябра грамадскага аб’яднання “Несвіжане ў Польшчы” Вікторыі Жукевіч-Дзівоты, у якім яна выказала шмат добрых слоў аб знакамітым нясвіжскім урачы Міхаіле Лычкоўскім, які працаваў у нашым горадзе ў перадваенны і пасляваенны час. У свой час пані Вікторыя прысвяціла асобе гэтага чалавека цэлае гістарычнае даследаванне, якім падзялілася з несвіжанамі падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Лёсам з Нясвіжчынай. І палова ХХ стагоддзя», якая адбылася ў пачатку 2018 г. у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы.
На думку нашай рэспандэнткі, імя доктара Лычкоўскага заслугоўвае быць увекавечаным у памяці несвіжан на дзяржаўным узроўні — яна, напрыклад, прапаноўвае прысвоіць Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы яго імя або перайменаваць у гонар урача вуліцу, на якой стаяў яго дом (зараз ён з’яўляецца часткай будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, што знаходзіцца на вуліцы Беларускай — заўвага рэд.).
Просім выказаць свае меркаванні аб гэтай прапанове ўсіх, хто нераўнадушны да гістарычнай спадчыны нашага горада.
“НН”.