Неабыякавы вартаўнік выратаваў кіроўцу
14.02.2012
—
ЧП
|
Гэтае здарэнне адбылося бліжэй да поўначы на аўтастаянцы побач з адным з прадпрыемстваў. Прычым на пажары нават не спатрэбілася дапамога падраздзяленняў МНС: чалавека выратаваў вартаўнік гэтага сумеснага беларуска-германскага прадпрыемства, які знаходзіўся на дзяжурстве. Убачыўшы ўзгаранне ў аўтамабілі, ён выбіў бакавое шкло ў ім і дастаў кіроўцу, а затым ліквідаваў загаранне. — У Мінску па вуліцы Брыкета кіроўца, грамадзянін Украіны, знаходзячыся ў грузавым аўтамабілі "ГАЗ-3302", выкарыстаў для абагрэву салона газавую плітку "Гефест-турыст". Яна была падключана да газавых балонаў паліўнай сістэмы аўтамабіля, — расказаў рэдакцыі "Звязды" старшы інспектар Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алег Малевіч. — З-за неасцярожнасці, якую дапусціў кіроўца, адбылося загаранне коўдры ў кабіне аўтамашыны. Дарэчы, грамадзянін быў у нецвярозым стане. На шчасце, на выручку прыйшоў неабыякавы чалавек. І пацярпеламу, і яго выратавальніку — па 24 гады. Кіроўца трапіў у гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з тэрмічным апёкам полымем ніжніх канечнасцяў 1-4 ступеняў (5% цела), тэрмаінгаляцыйнай траўмай. Сяргей РАСОЛЬКА. У якасці аргумента выхапіў нож...Мінчанін з нажом кінуўся на участковага, параніўшы яго. Падрабязнасці гэтай гісторыі "Звяздзе" расказала прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС сталіцы Святлана Кабкова: — Мужчына даўно трапіў у поле зроку міліцыі — участковыя наведваліся ў гэту кватэру на вуліцы Заслаўскай па 2-3 разы на тыдзень. Ён злоўжываў алкаголем і пагражаў фізічнай расправай блізкім. На гэтым тыдні ўсё паўтарылася. Калі ўчастковыя прыйшлі ў дом, жонка і сын сустрэлі іх у пад'ездзе, бо дэбашыр прыйшоўшы дадому п'яным, учыніў скандал і пачаў хапацца за нож. Калі міліцыянеры ўвайшлі ў кватэру, мужчына забарыкадзіраваўся ў адным з пакояў. Пасля ўгавораў ён усё ж такі адчыніў дзверы, і калі ўчастковы туды зазірнуў, кінуўся на яго з нажом. Міліцыянер ухіліўся, і ўдар прыйшоўся па руцэ. Дэбашыра скруцілі і надзелі наручнікі. Як высветлілася, мужчына раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Але мае 9(!) дзейных адміністрацыйных спагнанняў. З-за злоўжывання спіртным яго хацелі накіраваць у ЛПП, аднак па стане здароўя ён не можа там знаходзіцца. Нягледзячы на схільнасць да алкаголю, працаваў кіроўцам. — Мужчына затрыманы, і здаецца, пакуль не асэнсаваў учыненага, ён лічыць, што нічога страшнага не адбылося, — расказвае Святлана Кабкова. У міліцыі лічаць інакш — мінчаніну пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Алена АЎЧЫННІКАВА. Сутыкнуліся два грузавікіРаніцай на скрыжаванні вуліц Калеснікава і Галубка ў Мінску адбылося бакавое сутыкненне двух грузавых аўтамабіляў — "МАНа" і "КаМАЗа". Першым грузавіком кіраваў 52-гадовы вадзіцель, другім — яго 25-гадовы калега. Падчас аварыі больш не пашчасціла старэйшаму кіроўцу: выратавальнікам давялося даставаць яго з кабіны пры дапамозе гідраўлічнага інструмента. Пасля пацярпелы з траўмамі быў шпіталізаваны ў Рэспубліканскі навуковы практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі. Разбор па факце праводзіць следчы аддзел УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Сяргей РАСОЛЬКА. Уключыла... і забылаУ Віцебску адбыўся пажар у кватэры з-за электрычнай грэлкі. Пажар адбыўся а 6 гадзіне вечара ў аднапакаёвай кватэры на 6 паверсе 10-павярховага жылога дома на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Жанчына 1946 года нараджэння пакінула раніцай у ложку ўключаную электрычную грэлку. Паколькі гэты электрапрыбор не разлічаны на такі доўгі час выкарыстання, адбыўся яго перагрэў. Пасцель загарэлася. Гаспадыня кватэры патэлефанавала ў службу выратавання, але яшчэ да яе прыезду здолела сама патушыць пажар. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтае здарэнне адбылося бліжэй да поўначы на аўтастаянцы побач з адным з прадпрыемстваў. Прычым на пажары нават не спатрэбілася дапамога падраздзяленняў МНС:...
|
|