Як зберагчы сябе і жыллё ў навальніцу
17.05.2012
—
ЧП
|
Пачаўся навальнічны перыяд, які звычайна на Беларусі доўжыцца з другой паловы красавіка да пачатку кастрычніка. Кожны год маланкі наносяць значныя страты гаспадаркам і жылым пабудовам. Небяспечныя маланкі і для людзей. На тэрыторыі Астравецкага раёна за апошнія 10 гадоў адбылося дзевяць пажараў з-за прамога ўдару маланкі. Па два пажары адбыліся на тэрыторыі Кемелішкаўскага, Гервяцкага і Гудагайскага і па адным – Падольскага, Міхалішкаўскага сельскіх Саветаў і ў Астраўцы. Тры пажары адбыліся ў чэрвені, па два – у маі і ліпені, па адным – у жніўні і верасні. Маланка ўяўляе сабой электрычны разрад у атмасферы паміж разнайменна зараджанымі часціцамі аблокаў або паміж воблакам і зямлёй. Тэмпература пры разрадзе маланкі узрастае да 6000-10000 градусаў. Запас цеплавой энергіі дастатковы для награвання гаручага матэрыялу да тэмпературы ўзгарання. Набліжаючыся да зямлі, маланка заўсёды накіроўваецца да будынкаў, што ўзвышаюцца, высокіх дрэў, слупоў, а таксама да месцаў, якія маюць добрую электрычную праводнасць глебы. У лесе маланка дзейнічае таксама выбарачна, трапляючы перш за ўсё ў такія лісцёвыя дрэвы, як дуб, таполя, вярба, ясень, бо у іх утрымліваецца шмат крухмалу. Хваёвыя дрэвы – елка, піхта, лістоўніца і такія лісцёвыя дрэвы, як ліпа, грэцкі арэх, бук, утрымоўваюць шмат алеяў, таму аказваюць большае электрычнае супраціўленне, і ў іх маланка ўдарае радзей. Са 100 дрэў маланка трапляе у таполі – 27%, грушы – 20%, ліпы – 12%, елкі – 8% і кедравыя – 0,5%. Чалавека можа ўдарыць маланкай не толькі непасрэдна, што заўсёды прыводзіць да смерці, але небяспечна і т.зв. крокавае напружанне, якое ўзнікае пры расцяканні ў зямлі току разраду маланкі. Радыус паражэння дзеяння крокавага напружання можа дасягаць 30 метраў. Маланка небяспечная тады, калі за ўспышкай тут жа чуецца грукат грому, г.зн. навальнічнае воблака знаходзіцца над вамі, і небяспека ўдару маланкі найбольш верагодная. Парады, якія дапамогуць пазбегнуць бяды Каб пазбегнуць паражэння маланкай, неабходна выконваць наступныя меры засцярогі: – не выходзьце з дому, зачыніце вокны, дзверы, закрыйце коміны, паклапаціцеся, каб не было скразняку, які можа прыцягнуць шаравую маланку, – падчас навальніцы не паліце печку, бо дым, які выходзіць з коміна, мае высокую электраправоднасць, і верагоднасць ўдару маланкі ў комін узрастае, – падчас навальніцы далей трымайцеся ад электраправодкі, антэн, вокнаў, дзвярэй і ўсяго астатняга, звязанага са знешнім асяроддзем. Не размяшчайцеся каля сцяны, побач з якой расце высокае дрэва; – радыё і тэлевізары адключыце ад сеткі, не карыстайцеся электрапрыборамі і тэлефонам (асабліва важна для сельскай мясцовасці); – падчас прагулкі схавайцеся ў бліжэйшым будынку. Асабліва небяспечная навальніца ў полі. Пры пошуку хованкі аддайце перавагу металічнай канструкцыі вялікіх памераў або канструкцыі з металічнай рамай, жылога дома або іншай пабудове, абароненай маланкаадводамі; – калі няма магчымасці схавацца ў будынку, не трэба хавацца ў невялікіх хлеўчуках, павецях, пад адзінокімі дрэвамі; – не знаходзьцеся на ўзвышшах і адкрытых неабароненых месцах, паблізу металічных або сеткаватых агароджаў, буйных металічных аб'ектаў, вільготных сцен, зазямлення маланкаадводаў; – пры адсутнасці хованкі ляжце на зямлю, пры гэтым перавагу аддайце сухому пясчанаму грунту, воддаль ад вадаёма; – калі навальніца заспела вас у лесе, схавайцеся на нізкарослым участку. Нельга хавацца пад высокімі дрэвамі, асабліва хвоямі, дубамі, таполямі. Лепш знаходзіцца на адлегласці 30 метраў ад асобнага высокага дрэва. Звярніце ўвагу, ці няма побач дрэў, раней пабітых навальніцай, расшчэпленых. Лепш трымацца ў такім выпадку далей ад гэтага месца. Пабітыя маланкай дрэвы сведчыць, што грунт на гэтым участку мае высокую электраправоднасць, і ўдар маланкі ў гэты ўчастак вельмі верагодны; – падчас навальніцы нельга знаходзіцца на вадзе і ля вады – купацца, лавіць рыбу. Неабходна далей адысці ад берага; – падчас навальніцы не займайцеся спортам на адкрытым паветры, не бегайце, бо лічыцца, што пот і хуткі рух «прыцягваюць» маланку; – калі вас заспела навальніца на ровары або матацыкле, спыніце рух і перачакайце навальніцу на адлегласці прыкладна 30 метраў ад іх; – калі навальніца заспела вас у аўтамабілі, не трэба яго пакідаць. Неабходна зачыніць вокны і апусціць аўтамабільную антэну. Рухацца падчас навальніцы на аўтамабілі не рэкамендуецца, бо навальніца, як правіла, суправаджаецца ліўнем, які пагаршае бачнасць на дарозе, а ўспышка маланкі можа асляпіць і спалохаць вас. І, як вынік, выклікаць аварыю; – пры сустрэчы з шаравой маланкай не выяўляйце ў адносінах да яе ніякай агрэсіўнасці, па магчымасці захоўвайце спакой і не рухайцеся. Не набліжайцеся да яе, не дакранайцеся чым-небудзь, бо можа адбыцца выбух. Не варта і ўцякаць ад шаравой маланкі, таму што паветраны рух можа яе пацягнуць за сабой. Ну, а калі бяда здарылася? Ахвяру маланкі трэба пакласці на падсцілку, расшпіліць каўнер, пояс, апырскаць твар вадой, даць панюхаць нашатырны спірт і да прыходу доктара рабіць штучнае дыханне, пры спыненні сэрца – непрамы масаж сэрца, унутр даць анальгін (доктар можа ўвесці супрацьшокавы сродак). Трэба напаіць пацярпелага гарачым чаем і забяспечыць спакой. Пацярпелага ні ў якім разе нельга закопваць у зямлю, як некаторыя лічаць, ён мае вялікую патрэбу ў прытоку паветра да цела. Каб засцерагчы свае будынкі ад прамога ўдару маланкі, неабходна ўсталяваць металічную антэнную мачту з контурам зазямлення. Выконваючы гэтыя рэкамендацыі, вы можаце зберагчы сваё жыллё, сябе і сваю сям’ю ад паражэння маланкай. Эдуард МАЛЫШКА, Астравецкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачаўся навальнічны перыяд, які звычайна на Беларусі доўжыцца з другой паловы красавіка да пачатку кастрычніка. Кожны год маланкі наносяць значныя страты...
|
|