"Ліпавы" нарыхтоўшчык і "ліпавыя" квітанцыі. 21.by

"Ліпавы" нарыхтоўшчык і "ліпавыя" квітанцыі

22.05.2012 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Грамадзяніна, які пастаянна пражывае ў Мінску і працуе там на адным з прамысловых прадпрыемстваў, фіктыўна аформілі на пасаду нарыхтоўшчыка ў Астравецкім раёне.

Гэты факт быў выяўлены праверкай дзейнасці філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, праведзенай КДК Гродзенскай вобласці сумесна з Упраўленнем па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС аблвыканкама і Астравецкім райаддзелам унутраных спраў.

Высветлілася, што ліпавыя дакументы на закупку сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі ад імя жыхара сталіцы афармляла яго маці — спецыяліст па нарыхтоўках філіяла абл- спажыўтаварыства, для якой гэта дзейнасць непасрэдна ўваходзіць у службовыя абавязкі. У выніку за перыяд з лютага па снежань мінулага года яна неабгрунтавана атрымала ў якасці зарплаты за фіктыўна аформленага на работу сына больш за 39 мільёнаў рублёў. Заведзена крымінальная справа.

Выяўлены і іншыя факты фальсіфікацыі дакументаў. Напрыклад, па фіктыўна аформленых закупачных квітанцыях на нарыхтоўку сельгаспрадукцыі ад насельніцтва фактычна філіял закупіў 76,3 тоны бульбы ў СВК "Гудагай". Аналагічныя факты фіктыўнага афармлення закупачных квітанцый выяўлены пры нарыхтоўцы цыбулі, морквы, капусты, яблыкаў, чарніц, брусніц, буякоў, грыбоў.

А вось 23,8 тоны бульбы, што належала філіялу, спрабавалі вывезці з тэрыторыі складоў наогул без адпаведных дакументаў, аднак аўтамабіль на шляху руху затрымалі супрацоўнікі Астравецкага райаддзела міліцыі. Інвентарызацыя на складах пацвердзіла крадзеж бульбы з рэсурсаў стабілізацыйных фондаў на суму больш за 19 мільёнаў рублёў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выжыць у сутыкненні з жывёлай і не стаць браканьерам

Дзяржаўтаінспекцыя краіны занепакоена станам аварыйнасці і траўматызму ўдзельнікаў дарожнага руху па прычыне наезду аўтатранспартных сродкаў на дзікіх жывёл.

Як паведамілі ва УДАІ МУС, статыстыка апошніх гадоў у гэтым сэнсе несуцяшальная: за 2010—2011 гады на дарогах Беларусі было зарэгістравана 56 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 7 чалавек загінулі, 62 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. За чатыры месяцы гэтага года здзейснена ўжо тры наезды на жывёл, зноў пацярпелі людзі.

Работнікі Дзяржаўтаінспекцыі кажуць, што ўсе здарэнні з удзелам дзікіх жывёл падобныя адно на адно. Жывёла можа ісці ўздоўж праезнай часткі, а потым раптам выскачыць на яе. Звер можа проста спыніцца пасярод дарогі, пры гэтым ствараецца ўражанне, што ні святло фараў, ні гудок на яго не дзейнічаюць. Таму, раяць спецыялісты, трэба сачыць за хуткасцю і дарожнымі знакамі. Убачыўшы жывёлу, неабходна максімальна знізіць хуткасць ці нават спыніцца. Пры гэтым не трэба імкнуцца аб'ехаць звера — яго паводзіны непрадказальныя. Не трэба рэзка выкручваць руль, нават калі сутыкненне непазбежнае. Часцей за ўсё людзі ў аўтамабілі атрымліваюць смяротныя траўмы не ў выніку сутыкнення з жывёлай, а пасля з'езду за межы праезнай часткі. Калі звера ўсё ж збілі, лепш не падыходзіць да яго: у стане шоку ён здольны нанесці калецтва ці нават забіць таго, хто наблізіцца да яго. Пры сутыкненні з дзікай жывёлай кіроўца абавязаны выклікаць работнікаў ДАІ і аформіць ДТЗ. У гэтым выпадку можа быць выплачана страхавая кампенсацыя (калі аўтамабіль застрахаваны па КАСКА). За самавольны з'езд з месца ДТЗ пагражае адміністрацыйная адказнасць. А калі кіроўца прыхопіць з сабой збітую жывёлу, такое дзеянне прыраўноўваецца да незаконнага палявання і цягне за сабой немалы штраф.

Сяргей РАСОЛЬКА.

  Кралі рашоткі з фантана

Двое грамадзян цягам красавіка-мая ў начны час паэтапна кралі дарагія дэкаратыўныя рашоткі з фантана ў Парку Перамогі па праспекце Пераможцаў у Мінску. Апошнія былі выраблены з каляровых металаў.

— Аб'ектам замаху сталі тры віды рашотак, кошт кожнай з якіх складае ад 3,8 да 4,9 мільёна рублёў. Усяго было скрадзена 15 прадметаў, яшчэ 3 зламыснікі вынесці не паспелі. Агульны кошт скрадзенай маёмасці, якая належала УП "Мінскзелянбуд", склаў больш за 62 мільёны рублёў, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску Аляксандр Герасімаў.

Цэнтральным (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа па ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да мінчаніна 1986 года нараджэння і мужчыны без пэўнага месца жыхарства і роду заняткаў 1973 года нараджэння.

Устаноўлена і асоба, што набывала скрадзенае. Абвінавачваныя затрыманы, вядзецца следства.

Сяргей РАСОЛЬКА

Ранішняя бяда

18 мая а 7-й гадзіне раніцы ў Магілёўскім раёне ў ДТЗ загінуў 23-гадовы мужчына.

Ён быў за рулём аўтамабіля "Аўдзі-100", які буксіраваў няспраўны "УАЗ". Насустрач яму выехаў аўтамабіль "Опель Астра": 27-гадовы вадзіцель рабіў абгон. У выніку "Аўдзі" з'ехала ў кювет і перакулілася, вадзіцель загінуў. Мужчына, які кіраваў "Опелем", шпіталізаваны з траўмамі. Толькі вадзіцель "УАЗа" не пацярпеў, таму што быў прышпілены рэменем бяспекі.

Ілона Іванова.

Перакуліўся грузавік з сантэхнікай

Грузавы аўтамабіль "Сканія-420" з прычэпам належаў польскай фірме з горада Стары Ямельнік і ехаў з грузам сантэхнічнага абсталявання з Польшчы ў Расію.

Здарэнне адбылося бліжэй да васьмі гадзін вечара на 17-м кіламетры аўтамагістралі М-3 "Мінск — Віцебск" каля вёскі Бараўляны Мінскага раёна. Грузавік з прычэпам "ляглі" на правы бок: аўтамабіль кузавам і кабінай перакрыў раздзяляльную і другую паласу праезнай часткі, прычэп на адлегласці 6-8 метраў — першую і другую паласу праезнай часткі. Кіроўца-паляк 1983 года нараджэння не пацярпеў. Транспарт на колы выратавальнікі паставілі пры дапамозе пад'ёмнага крана. Расследаваннем прычын і абставін дарожна-транспартнага здарэння займаецца ДАІ Мінскага раёна.

Сяргей РАСОЛЬКА

Чарговае падзенне на рэйкі ў метрапалітэне

Здарэнне адбылося ў суботу пасля 16 гадзін на станцыі метро "Няміга": з перона станцыі пад цягнік, які ішоў з боку "Каменнай Горкі" ў бок "Магілёўскай", паміж першым і другім вагонам упаў мужчына.

Як паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, смерць ад атрыманых траўмаў наступіла імгненна. Работнікі МНС з-пад вагона дасталі мужчыну гадоў 25-30, асоба якога на той момант была невядома. У 16.35 рух цягнікоў аднавілі, некаторы час пасадка-высадка пасажыраў на станцыі "Няміга" не вялася. А праз нейкі час было ўстаноўлена, што загінулы — мінчанін 1975 года нараджэння, які апошнім часам не меў пастаяннай працы. Па адной з версій, гэта быў суіцыд. Ці так гэта і што падштурхнула мужчыну зрабіць апошні крок — высвятляецца.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Грамадзяніна, які пастаянна пражывае ў Мінску і працуе там на адным з прамысловых прадпрыемстваў, фіктыўна аформілі на пасаду нарыхтоўшчыка ў Астравецкім раёне.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика