За "халяўнае" будаўніцтва — тэрмін з канфіскацыяй. 21.by

За "халяўнае" будаўніцтва — тэрмін з канфіскацыяй

27.06.2012 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Суд Ленінскага раёна г. Магілёва вынес прысуд былому намесніку старшыні Магілёўскага гарвыканкама і кіраўніку адной з будаўнічых арганізацый горада.

Супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці выявілі факты выкарыстання былым намеснікам старшыні гарвыканкама службовага становішча ў карыслівых мэтах. Курыруючы згодна са службовымі абавязкамі работу будаўнічай галіны горада, чыноўнік вырашыў мінімізаваць затраты на будаўніцтва ўласнага прыватнага дома. Па "дапамогу" ён звярнуўся да дырэктара будаўнічай арганізацыі з просьбай прадаставіць спецтэхніку, грузавы аўтатранспарт, будматэрыялы і рабочых будспецыяльнасцяў без заключэння адпаведных дамоўленасцяў і аплаты. Дырэктар прадпрыемства арганізаваў з кастрычніка 2007-га па кастрычнік 2009 года работы па будаўніцтве прыватнага дома. У выніку прадпрыемства панесла страты ў буйным памеры.

Былому чыноўніку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Дырэктару будаўнічай арганізацыі суд вынес аналагічны прысуд з адтэрміноўкай яго выканання на 2 гады. Абвінавачаныя падалі касацыйныя скаргі ў абласны суд.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Што яго прымусіла?

У Полацкім раёне 16-гадовы вучань сярэдняй школы скончыў жыццё самагубствам — лёг на рэйкі перад лакаматывам. Трагедыя адбылася а дванаццатай гадзіне дня на 479 кіламетры чыгуначнага перагона Ксты-Фарынава.

— Было ўстаноўлена, што падлетак незадоўга да трагедыі знаходзіўся на чыгуначнай станцыі Фарынава і блукаў уздоўж чыгуначных пуцей. Калі ён убачыў цягнік, то спыніўся каля рэек. Машыніст таварняка, які рухаўся з Полацка ў Маладзечна, падумаў, што хлопец прапускае састаў. Аднак школьнік у апошні момант скокнуў на магістраль і лёг папярок рэек за некалькі метраў перад лакаматывам, — паведамілі ў Полацкім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце. — Нягледзячы на тое, што машыніст зрабіў экстраннае тармажэнне, пазбегнуць наезду не ўдалося. Падлетак загінуў на месцы. Высветлілася, што хлопец рос і выхоўваўся ў паспяховай сям'і, з'яўляўся выдатнікам вучобы і ўдзельнічаў у розных школьных алімпіядах. Па гэтым факце працягваецца праверка.

Валюту прадаў... міліцыянерам

Ноччу на прывакзальнай плошчы каля аршанскага чыгуначнага вакзала падчас правядзення кантрольнай закупкі міліцыянеры затрымалі валютчыка.

Апошні, нічога не падазраючы, абмяняў чарговаму кліенту 5 тысяч расійскіх рублёў на 1,2 мільёна беларускіх. І тут жа быў злоўлены — за руку. Высветлілася, што абменам валюты зарабляў сабе "на хлеб" непрацуючы мясцовы жыхар. Зразумела, незаконна, не маючы на тое спецыяльнага дазволу, чым парушаў усталяваны парадак правядзення валютных аперацый. У дачыненні да затрыманага быў складзены адміністрацыйны пратакол. Валюту канфіскуюць, а грамадзяніна аштрафуюць. Цікава, ці будзе ён зноў працягваць прыватную банкаўскую дзейнасць?

Аршанскі "кветкавод"

У Оршы міліцыянеры знайшлі ў кватэры мясцовага жыхара вялікі ўраджай канапель. "Кветкавод" вырасціў каля 40 вельмі папулярных сярод наркаманаў раслін. Аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа. Міліцэйская аперацыя "Мак" працягваецца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Забіў у зоне спакою...

Паблізу вёскі Ціхань Слуцкага раёна ў зоне спакою Слуцкага лясгаса егерская служба апошняга знайшла месца здабычы і разбору самкі дзіка.

Па гэтай інфармацыі рэйдавыя групы Салігорскай і Любанскай міжрайінспекцый выйшлі на асобу, што мела дачыненне да незаконнага палявання. У браканьера канфіскавалі галаву і шкуру жывёлы. А на дачы падазронага ў вышэйназванай вёсцы Ціхань — незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу ТОЗ-63, лямпу-фару саматужнай вытворчасці і іншыя рэчавыя доказы, што мелі дачыненне да справы. Слуцкі РАУС вырашае пытанне адносна крымінальнай адказнасці браканьера.

Браканьер-"універсал"

Работнікі Бягомльскай міжрайінспекцыі разам з супрацоўнікамі аператыўнага ўпраўлення Дзяржінспекцыі ў паляўнічых угоддзях Бягомльскага лясгаса затрымалі грамадзяніна, які незаконна здабыў дарослага дзіка.

У парушальніка канфіскавалі незарэгістраваны паляўнічы карабін ІЖ-18МН калібру 7,62 міліметра, 15 патронаў да яго і дзічыну агульнай вагой 200 кілаграмаў. Міліцыя ўжо завяла крымінальную справу.

— А пры аглядзе аўтамабіля парушальніка была знойдзена прылада лоўлі, прынцып працы якой заснаваны на выкарыстанні электрамагнітнага поля, — паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. — У сувязі з гэтым на парушальніка склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы.

Сяргей РАСОЛЬКА

Паплыў на востраў...

У Брэсце мужчына пасварыўся з дзяўчынай і вырашаў паплыць на востраў. Вярнуцца назад яму дапамаглі выратавальнікі.

— Паведамленне пра тое, што з цэнтральнага пляжа горада па вуліцы Набярэжнай у бок вострава паплыў мужчына і знік з віду, паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Брэсцкага УМНС у 22.41. Справа ў тым, што на пляжы ёсць выратавальны пост АСВОД з графікам працы да 22 гадзін, — падзяліўся падрабязнасцямі здарэння старшы інспектар цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алег Малевіч. — Калі праз дзве хвіліны выратавальнікі прыбылі на месца, на паверхні вады нікога не было. Адлегласць да вострава — 100 метраў. Работнікі МНС у выратавальных камізэльках на лодцы дабраліся да вострава, дзе і знайшлі 31-гадовага жыхара Брэста. Высветлілася, што, будучы нападпітку і пасварыўшыся са сваёй дзяўчынай, мужчына вырашыў паплыць на востраў. У 23.15 яго даставілі на бераг і перадалі супрацоўнікам міліцыі. У медыцынскай дапамозе мужчына патрэбы не меў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Аліментшчыка затрымалі пагранічнікі

Полацкія памежнікі і супрацоўнікі міліцыі ў адной з памежных вёсак Мёрскага раёна затрымалі злоснага аліментшчыка, ды яшчэ і злодзея. Жыхара Полацка шукалі за тое, што ён учыняў крадзяжы на ўсёй прасторы СНД. І, як высветлілася, у дадатак мужчына не выплачваў аліменты. Цяпер з ім "разбіраюцца" міліцыянеры. Тэрмін пазбаўлення волі "свеціць" яму немалы. А галоўнае, шкада дзяцей, якіх злодзей зрабіў сіротамі і пакінуў без матэрыяльнай дапамогі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Суд Ленінскага раёна г. Магілёва вынес прысуд былому намесніку старшыні Магілёўскага гарвыканкама і кіраўніку адной з будаўнічых арганізацый горада.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика