- Напэўна, у гэта насамрэч цяжка паверыць, але так яно і было. Прозвішча ўжо асуджаных аднолькавае - Васюковы. Паколькі прысуд уступіў у сілу, па законе можна называць прозвішча. Асуджана пенсіянерка, 1957 года нараджэння, бяздомная, раней судзімая. Яна ў самым цэнтры Віцебска, недалёка ад будынка ратушы, у храме Уваскрэсення Хрыстовага скрала ў жанчыны сумку, у якой былі больш як 1,7 мільёна рублёў, мабільны тэлефон, кніга "Попел зорак" і гэтак далей. Судом ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады і 6 месяцаў. У ізаляцыі ад грамадства яе будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму, - паведаміла "Звяздзе" Ірына Навуменка, памочніца пракурора горада Віцебска.
А беспрацоўны цёзка жанчыны, 1954 года нараджэння, таксама ў Віцебску - у хрысцільні жаночага манастыра, які, дарэчы, знаходзіцца недалёка ад вышэйзгаданага храма, на беразе Заходняй Дзвіны, таксама скраў у жанчыны сумку. Цікава, што, акрамя 300 тысяч рублёў, мабільнага тэлефона і іншага, там быў фанендаскоп - медыцынскі прыбор. Злодзея пазбавілі волі тэрмінам на 3 гады.