Жыхар Івацэвіцкага раёна патрабуе пакараць трох міліцыянтаў за беспадстаўнае затрыманне
18.01.2019 18:50
—
ЧП
|
29-гадовы жыхар вёскі Воля Івацэвіцкага раёна Антон Іваноў змог абараніцца ў судзе ад абвінавачванняў з боку міліцыі. Цяпер ён патрабуе пакараць супрацоўнікаў РАУС за беспадстаўнае затрыманне яго ў ізалятары на адны суткі, Антон Іваноў. Фота: Радыё Свабода Антон Іваноў працуе на асабістай гаспадарцы і падпрацоўвае качагарам. Ён паляўнічы, мае зарэгістраваную стрэльбу. Да праблемаў з міліцыяй яго прывяло тое, што ён купіў у аднавяскоўца электраінструмент, які аказаўся крадзеным. Але нейкай віны ў скупцы крадзенага міліцыянты не даказалі і пасля допыту абвінавацілі Антона Іванова ў брыдкаслоўі. Адміністрацыйная справа на яго была заведзена паводле артыкула «Дробнае хуліганства». Міліцыя перадала справу ў суд Івацэвіцкага раёна і выступіла з пагрозай забраць у Іванова дазвол на захоўванне зброі. Віна не даказанаяТры міліцыянты Івацэвіцкага РАУС праходзілі сведкамі ў справе аб дробным хуліганстве з боку Іванова і даводзілі суду, што ён нібыта «ў будынку Івацэвіцкага РАУС наўмысна гучна нецэнзурна лаяўся ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі, крычаў, размахваў рукамі, на неаднаразовыя патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзянаў з яўнай непавагай да грамадства». Аднак суддзя Васіль Аўрусевіч палічыў, што тлумачэнні сведак-міліцыянтаў Арцюшэні, Кікуна і Котава не даказваюць вінаватасць Антона Іванова. «Інфармацыі аб знаходжанні ў кабінеце іншых асобаў, спакой якіх быў парушаны, суду даведзена не было, таму суд лічыць, што дзеянні Іванова А.М. не былі звязаныя з парушэннем грамадскага парадку, не выказвалі яўнай непавагі да грамадства, не парушалі спакою іншых грамадзянаў», — патлумачыў пазіцыю суддзя. Суд пастанавіў спыніць справу «ў сувязі з недаказанасцю віны». Чаму Іваноў прыйшоў «мацюкацца» ў РАУС?Канфліктная сітуацыя адбылася ўлетку 2018 года. Як расказаў Антон Іваноў, да яго прыйшоў аднавясковец і прапанаваў нядорага набыць электраінструмент. Іваноў трымае асабістую гаспадарку, таму, кажа ён, палічыў, што інструмент спатрэбіцца ў гаспадарцы, таму і набыў яго. 14 чэрвеня да Іванова прыехалі міліцыянты і запатрабавалі «прызнавацца»: «Без ніякіх тлумачэнняў кажуць — давай прызнавайся. Пытаўся — што здарылася? Нічога не кажуць, у выніку завезлі ў аддзел „размаўляць па-іншаму“. У міліцыі таксама доўга патрабавалі прызнавацца, потым патлумачылі, што я купіў крадзены электраінструмент. Ціснулі на мяне псіхалагічна, палохалі, таму я, натуральна, ні ў чым не прызнаваўся», — кажа Антон Іваноў. Палову дня ён правёў у міліцыі. У кабінет нават прыводзілі аднавяскоўца, які пацвердзіў, што прадаваў Іванову тыя электраінструменты. «У выніку нешта псіханулі, праверылі мяне на алкаголь — аказаўся цвярозы. Пасля змясцілі мяне ў камеру. Раніцай прынеслі дакумэнты падпісаць, сказалі: ідзі дахаты і нічога не будзе. Я і падпісаў праз акенца. Ужо потым даведаўся, што я паводзіў сябе неадэкватна, размахваў рукамі ды брыдкасловіў», — кажа Антон Іваноў. У выніку Іванова адпусцілі з РАУС, ён выдаў міліцыянтам электраінструменты. Хацелі пазбавіць права на захоўванне зброіПраз пэўны час Іванову прыйшоў ліст ад судовых выканаўцаў, што на яго накладзены штраф 2 базавыя велічыні (49 рублёў). А потым дахаты завітаў і міліцыянт, які паведаміў, што Іваноў мусіць здаць зарэгістраванае ружжо, бо не мае права яго захоўваць у сувязі з тым, што быў прыцягнуты за хуліганства. «Пасля таго, як паведамілі, што мусяць пазбавіць мяне права на стрэльбу на тры гады, я паехаў у аддзел пытацца: як так, абяцалі ж, што нічога не будзе. Нічога не дабіўся, у выніку напісаў скаргу ў пракуратуру. Наша пракуратура заступілася за іх; я напісаў далей, у абласную. І адтуль прыйшоў адказ, што пакаранне беспадстаўнае і незаконнае і справа перададзена ў наш суд», — расказаў Антон Іваноў. Іваноў кажа, што, каб не ружжо, то ён бы і не пісаў скаргі. Але яго як паляўнічага менавіта гэта абурыла. Антон Іваноў будзе пісаць далейшыя скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і судзіцца за тое, што незаконна адсядзеў суткі ў ізалятары. У міліцыі Івацэвіцкага раёна не каменціруюць гэты выпадак. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
29-гадовы жыхар вёскі Воля Івацэвіцкага раёна Антон Іваноў змог абараніцца ў судзе ад абвінавачванняў з боку міліцыі. Цяпер ён патрабуе пакараць супрацоўнікаў РАУС...
|
|