Шматгранны талент
12.06.2010
—
Разное
|
Нататкі з нагоды 130-х угодкаў Язэпа Дылы
Адразу патлумачу: гаворка тут — пра беларускага дзяржаўнага і культурнага дзеяча, рэвалюцыянера і пісьменніка. Пасля таго, як двойчы, у 1930-31 і 1938-39 гадах, Язэп Дыла мужна перанёс рэпрэсіі, жыў ён у Саратаве. Там, у горадзе над Волгай, і быў рэабілітаваны ў 1957 годзе. Але ў Беларусь не вярнуўся. І доўга заставаўся самым апошнім жывым з камісараў першага ўрада БССР, калі іншых ужо не было… Не памятаю, каму з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў прыйшла ў галаву задума менавіта мяне паслаць ранняй вясной 1968 года ў камандзіроўку ў Саратаў. Каб напісаць артыкул пра Язэпа Дылу. Якраз ішла падрыхтоўка да 50-годдзя БССР, і тэкст пра члена першага беларускага савецкага ўрада, наркама працы ў ім, быў бы вельмі дарэчы, скажам, у “Полымі”. Мяне папярэдзілі: сам Дыла піша ўжо з вялікай цяжкасцю і таму не можа прыслаць успаміны, але галава ў яго, на шчасце, яшчэ светлая. Еду, праз Маскву, у Саратаў. Знаходжу сціплую кватэру, у якой разам з прыёмнай дачкой, падабранай у 1920-м на мінскім вакзале, жыў гэты легендарны чалавек. Мяне сустрэў прысадзісты мужчына ў акулярах і з бародкай. Прыезду земляка ўзрадаваўся, запрапанаваў жыць у яго, паколькі гасцініца далёка, а часу ў нас мала. І распачаў каларытныя ўспаміны пра родны Слуцк, гады вучобы… Я настройваўся пісаць нарыс. Але ў першы ж дзень зразумеў, што гісторыя мне не даруе, калі не запішу аўтарызаваныя ўспаміны Язэпа Дылы. Рабочы дзень у нас быў такі: ён паволі расказваў, а я імкнуўся як мага хутчэй, скарочана ўсё запісаць (дыктафона ж не было). Пасля абеду расшыфроўваў запісы, вечарам паволі зачытваў тэкст, а гаспадар уносіў карэктывы. Так за тыдзень мы прайшлі асноўныя вехі жыццёвага шляху наркама. Дзяцінства ў слуцкім рамесным асяроддзі. Знаёмства з беларускімі песнямі і легендамі. Вучоба ў Слуцкай гімназіі і выключэнне з яе за смелыя выказванні. Восенню 1899-га Дыла падаўся ў эстонскі горад Юр’еў (цяпер Тарту), дзе паступіў у Ветэрынарны інстытут, звязаўся там з беларускім зямляцтвам. За ўдзел у студэнцкіх сходках і дэманстрацыях тройчы арыштоўваўся і высылаўся пад нагляд паліцыі. Вярнуўшыся на радзіму, пачаў супрацоўнічаць, а потым і друкавацца ў мінскай газеце “Северо-Западный край”. У 1905 годзе стаў на чале аграрнай групы Мінскага камітэта РСДРП, вёў агітацыю ў навакольных вёсках. Пасля былі Пецярбург, Казань, Масква, знаёмства з кнігавыдавецкай справай, супрацоўніцтва з Купрыным, Стасюлевічам, Калантай… У 1918-м Язэп Дыла стаў членам Маскоўскай беларускай секцыі РКП(б). І ў канцы снежня, як знаёмы з прафсаюзнай справай, быў у Смаленску зацверджаны наркамам працы ў створаным там урадзе. У той час, як вядома, і Янка Купала жыў, працаваў у Смаленску, і Дыла разам з Жылуновічам, старшынёй урада, наведалі яго, парадавалі важнай дзяржаўнай падзеяй і нават паднялі разам тост за Савецкую Беларусь. Затым адбыўся гістарычны выезд урада ў Мінск. Язэп Дыла займаў і шэраг іншых адказных дзяржаўных, грамадскіх і навуковых (сакратар Інбелкульта) пасад. Пра гэта гаворыцца ў яго аўтабіяграфіі “Шлях амаль у сотню год”, якая ў маім запісе была апублікавана спачатку ў “Полымі”, а потым у яго “Творах” (1981). Адзначу толькі тое, што мяне здзіўляла тады і ўражвае сёння. Найперш — гэта шматграннасць дзейнасці Язэпа Дылы, энцыклапедычнасць яго ведаў, атрыманых пераважна шляхам самаадукацыі. Ён упэўнена адчуваў сябе ў самых розных сферах. Скажам, даручылі яму такую справу, як вызначэнне адміністрацыйных цэнтраў маладой рэспублікі. І Дыла, ездзячы па Беларусі, кіруецца найперш эканамічнымі меркаваннямі, глядзіць: куды сяляне звычайна накіроўваюцца на кірмашы. Выбар прызналі ўдалым — ён у многім дзейнічае да сённяшняга дня… Зрабілі яго адказным за электрыфікацыю — і ён едзе ў Маскву, да самога Глеба Кржыжаноўскага, кампетэнтна раіцца з ім, дзе будаваць новую электрастанцыю, і вырашаюць: толькі на Бярэзінскіх запасах торфу… Паставілі яго на чале Першага Беларускага драматычнага тэатра — і ён знаходзіць грошы на пастаноўку п’есы Міхася Чарота “На Купалле”. Больш таго: адчуўшы рэпертуарны голад, сам піша “гістарычную хроніку ў 5 дзеях” “Панскі гайдук”, наладжвае творчыя кантакты з кіеўскімі акцёрамі… І — ніводнага правалу. Наладзіць работу ў адной установе — яго пасылаюць у іншую. У Язэпа Дылы быў адметны талент кіраўніка, які маштабна бачыць рэчаіснасць. Са шматлікіх прыкладаў прывяду такі. У красавіку 1919-га яго прызначаюць кіраўніком Цэнтрасаюза, які аб’ядноўваў усю спажывецкую кааперацыю маладой рэспублікі. Ёй не ставала валюты на набыццё машын. Яе лёгка можна было атрымаць за сібірскую пушніну, ды паляўнічыя не хацелі расставацца з ёй узамен на абясцэненыя рублі. І Дыла заключае дамову з расійскай “Галоўфутрай”, збірае па Беларусі муку і соль, порах і шрот, фрахтуе карабель на Абі — і толькі за адзін рэйс на ўсеагульнае здзіўленне абменьвае свой тавар ажно на 75 тысяч шкурак. Знясіленая вайной краіна атрымала валюту на самае неабходнае… Сёння з такой асобы, упэўнены, атрымаўся б дзелавіты рэфарматар! Ці памятаем мы Язэпа Дылу сёння, ці ведаем? Званю дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Запартыка, пытаюся, ці карыстаецца попытам багаты архіў пісьменніка, набыты ў свой час у Саратаве. У прыватнасці, прывезены адтуль гістарычны раман Язэпа Дылы “На шляху з варагаў у грэкі”, з якога мне ў 1981 годзе ўдалося апублікаваць толькі ўрыўкі. І, аказваецца, цікавяцца навукоўцы архівам рэдка — іх палохае неразборлівы почырк. То можа, гаворым, расшыфроўка тэкстаў можа стаць добрай практыкай для студэнтаў, будучых юрыстаў-крыміналістаў? Дырэктар Цэнтральнай бібліятэкі ў Слуцку Людміла Гурыновіч, якой я пазваніў наконт юбілейных мерапрыемстваў, расказала пра выставу ў бібліятэцы і спецыяльную радыёперадачу, прысвечаную юбіляру. Аднак, сыходзімся на думцы, для такой Асобы гэтага малавата. Можа, варта было б імем знакамітага земляка Язэпа Дылы назваць вуліцу ў Слуцку, устанавіць мемарыяльную дошку… Адам Мальдзіс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нататкі з нагоды 130-х угодкаў Язэпа Дылы |
|