Юры Туронак: І «Пагоня» вернецца, і мова таксама...
22.05.2010 16:24
—
Разное
|
17 год назад кніга «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» выбухнуў сапраўднай сенсацыяй і стала бестсэлерам, ці не цалкам перавярнуўшы ўяўленне беларусаў пра тое, што адбывалася на нашай зямлі з 1941 па 1944 гг. Ягоны аўтар Юры Туронак, які першым пачаў даследаваць самыя забароненыя моманты айчыннай гісторыі, сёння справядліва лічыцца самым аўтарытэтным знаўцам Другой сусветнай вайны на Беларусі.
Карэспандэнт TUT.BY наведаў доктара гісторыі ў ягонай варшаўскай кватэры. «У гісторыі існуюць дзве праўды» — Юры Браніслававіч, чаму вы ўзяліся за даследаванне самых нязручных тэм у гісторыі Беларусі, якія савецкая і нацыянальная гістарыяграфіі імкнуліся абмінаць?? — Найбольш мяне пасягалі і натхнялі распрацоўкі савецкіх гісторыкаў ды публіцыстаў пра нямецкую акупацыю. Чытаць іх было страшна, бо то была суцэльная няпраўда. Я перажыў нямецкую акупацыю ў Вільні. Літва, як і Беларусь, уваходзіла ў райхскамісарыят «Остланд» і жыла паводле тых самых законаў. Натуральна, мы сутыкаліся з цяжкасцямі ваеннага парадку. Аднак я скончыў пачатковую школу, вучыўся ў літоўскай гімназіі, дзе ніякай фашысцкай прапаганды мы не адчувалі. Пошта функцыянавала, людзі хадзілі ў кіно, тэатр. Адпаведна, я не верыў у тое, што савецкія даследнікі пісалі пра беларускіх дзеячаў. Заручыўшыся маральнай падтрымкай некаторых вашых прафесараў (напрыклад, Сцяпана Александровіча), вырашыў працаваць у гэтым кірунку. З часам я зразумеў, што ў гісторыі існуюць дзве праўды: палітычная і фактычная, якія вельмі часта не адпавядаюць адна адной. Прыкладам гэтага ёсць «Катынская справа». У 1943 годзе немцы заявілі, што саветы вымардавалі пад Смаленскам тысячы польскіх ваеннапалонных. СССР у адказ звінаваціў немцаў. Слаўныя заходнія саюзнікі Сталіна – Вялікабрытанія і ЗША – таксама сцвярджалі, што гэта немцы. Адначасова афіцэры польскіх вайсковых фармацый на Захадзе атрымалі загад ад англійскага камандавання не гаварыць салдатам пра тое, што Катынь — работа саюзнікаў. На Нюрнбергскім працэсе нямецкі міністр авіяцыі Герынг запярэчыў: «Вы закідаеце нам розныя паскудствы, але ж што вы зрабілі ў Катыні!».Амерыканскі суддзя тады пазбавіў яго слова. Потым выявілася: у гэтым пытанні немцы мелі рацыю, што з часам пацвердзілі і савецкія, і расійскія ўлады. Аднак рэч палягала ў тым, што фактычная праўда ў часе вайны пагражала расколам антыгітлераўскай кааліцыі. Я ж хацеў дзяўбсці менавіта праўду фактычную, і вельмі многім гэта не падабалася. Ардэнаносныя дзеячы ў Беларусі незадаволена бурчэлі, аднак ад выхаду кнігі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» прайшло амаль 20 год, яна пяць разоў перавыдавалася, але ніводнае сур’ёзнае абвяржэнне дагэтуль не з’явілася. Гэтаксама не было абвяржэнняў адносна забойства Кубэ. — Нагадаю чытачам, паводле вашай версіі, забойства генеральнага камісара Генеральнай акругі «Беларусь» у верасні 1943-га было ажыццёўлена пры супрацы немцаў і Саветаў. Усім нібыта кіравала нямецкая служба бяспекі (СД), выкарыстаўшы ў ролі выканаўцаў мясцовыя кадры. Наколькі я разумею, у вас на гэты конт цяпер сумневаў няма? — Ужо няма. Нядаўна я напісаў артыкул, заснаваны выключна на савецкіх даных. Гэтак, з мэтай знішчыць Кубэ Масква стварыла і закінула на Беларусь каля 10 чэкісцкіх груп, якімі кіраваў былы нарком унутраных спраў БССР Цанава. Вынік іхняй дзейнасці быў нулявы. Затое гэта ўдалося групе, якая падпарадкоўвалася выведупраўленню Генштаба Чырвонай Арміі — Мазанік, Осіпавай і Траян. Самае цікавае, што пасля вайны часопіс «Работніца і сялянка» надрукаваў артыкул пра гераінь. Побач з іх здымкамі быў змешчаны пералік заслуг, але пра аперацыю па ліквідацыі Кубе там не было ні слова. Увогуле цэлых 15 гадоў пасля вайны Мазанік і К° афіцыйна не прызнаваліся забойцамі нямецкага генкамісара. «Галоўным імкненнем беларускіх палітыкаў была дзяржаўнасць» — Гаворачы пра апошнюю вайну, дзяржаўныя ідэолагі, як і колішнія савецкія, любяць згадваць пра калабарацыянізм і здрадніцтва нацыянальных дзеячаў. Дзе, з вашага гледзішча, праходзіць мяжа калабарацыі? — Калабарацыя — супрацоўніцтва з ворагам на шкоду свайму народу і дзяржаве. Асноўны кантынгент калабарантаў у Беларусі складалі паліцэйскія, якія надзявалі мундзір, атрымлівалі зброю і выконвалі загады немцаў. Беларуская справа ніякай карысці ад гэтага не мела. Да калабарацыі адназначна належыць дыверсійная дзейнасць, якая не мела нічога агульнага з беларускімі інтарэсамі. Гэтак Фабіян Акінчыц (лідэр беларускіх нацыянал-сацыялістаў. — TUT.BY.) заахвочваў немцаў да выкарыстоўвання беларусаў у якасці агентаў Абверу. Беларускіх хлопцаў-дыверсантаў немцы скідалі на парашутах у БССР яшчэ да нападзення Гітлера на СССР. Пра сялян і настаўнікаў, якія проста рабілі сваю справу, і гаварыць няма чаго. Якія яны калабаранты?! Галоўным жа імкненнем беларускіх палітыкаў была дзяржаўнасць Беларусі.Дзеля дасягнення гэтай мэты яны гатовы былі супрацоўнічаць з кожным, хто даваў на гэта надзею. Такім быў Вацлаў Іваноўскі, Радаслаў Астроўскі і інш. Што да калабарацыі, гэта з’ява датычная не толькі Беларусі. Цягам дзесяцігоддзяў лічылася, што Польшча была адной з нямногіх краінаў Еўропы, што не мела свайго Квіслінга (лідэр нацысцкай партыі ў Нарвегіі, імя якога стала сімвалам калабарацыянізму. — TUT.BY.). Аднак у 1992 годзе ў Берлінскім архіве знайшлі лісты прэм’ера польскага эмігранцкага ўраду ў Лондане Станіслава Мацкевіча, якія сведчаць аб адваротным.У 1940 годзе пасля капітуляцыі Францыі ён выслаў немцам прапанову аб арганізацыі польскага ўраду на акупаванай тэрыторыі. Польскага Квіслінга немцы не хацелі, але супраць таго, што такі факт быў, ужо ніхто не запярэчыць. Вось яшчэ адзін прыклад. Дакладна вядома, што ў лістападзе 1941-га, калі становішча на франтах было страшнае, Сталін разглядаў варыянт заключэння пагаднення з Гітлерам. Потым сказалі, што ўсё гэта няпраўда. Аднак ёсць успаміны генерала Паўленкі і Хрушчова, у якіх дадзены факт пацвярджаецца. — Падчас нямецкай акупацыі на Беларусі ўжывалася наша гістарычная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Гэты факт быў выкарыстаны прапагандай новай улады перад рэферэндумам 1995 года, які пазбавіў нацыянальныя сімвалы статусу дзяржаўных... — Згодна з гэтай логікай такім самым «фашысцкім» быў расійскі сцяг, які сёння лунае над Крамлём...Падчас акупацыі «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся толькі ў Генеральнай акрузе «Беларусь», якая складала ўсяго 25% ад цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Былі яны задзейнічаны і ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, але пра гэта мала хто ведаў. Гэтак, мая жонка, якая з 1935 года нараджэння, не мела разумення, што гэта такое. Калі мы згадваем пра рэферэндум, трэба ўлічваць, што ў пачатку 1990-х для аграмаднай часткі беларускага грамадства нацыянальныя сімвалы, сапраўды, былі чужыя. На ўсё патрэбен час. Працэс ідзе, справа не скончана, таму не выключаю, што цяперашняя сімволіка — часовая з’ява. Вайна была грамадзянскай, а незалежнасць прыйшла з Масквы — Усё часцей даводзіцца чуць, што Другая сусветная вайна, якую за Саветамі называлі выключна Вялікай Айчыннай, для беларусаў была ледзь не грамадзянскай. Наколькі справядлівае такое меркаванне? — Дзесяткі тысяч мужчын са зброяй у руках змагаліся адзін супраць аднаго: савецкія партызаны, пранямецкія беларускія фармаванні (Беларуская самаахова, Беларуская краёвая абарона, паліцыя)... Ужо гэтага даволі для сцвярджэння, што на Беларусі ішла грамадзянская вайна. Прычым успрыманне гэтай вайны на Захадзе і Усходзе краіны прыкметна рознілася. Гэтак, ва Ўсходняй Беларусі, якая 20 год жыла ў СССР, людзі маглі лічыць сваім грамадзянскім абавязкам падтрымку савецкай улады. Нават калі яна была не заўжды справядлівай. Аднак у заходніх беларусаў ментальнасць была зусім іншая. Іх вызвалялі шмат разоў: немцы, Саветы, палякі, зноў немцы. Гэтага было даволі, каб успрымаць нацыстоўскую акупацыю ўсяго толькі чарговай зменай. Да таго ж яна давала магчымасць развіваць сваю культуру, мову, нацыянальную свядомасць, ствараць узброеныя сілы. Хоць апошняе ішло з вялікімі цяжкасцямі і мела ўрэшце марныя вынікі. — Выступаючы на ўрачыстым сходзе напярэдадні 9 траўня прэзідэнт Беларусі ў чарговы раз заявіў, што для Беларусі «Вялікая Перамога — крыніца нацыянальнай гордасці, аснова ідэалогіі і дзяржаўнасці». Васіль Быкаў лічыў, што «...здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды»… — Я хачу вярнуцца да ацэнкі Кубэ, якую гадоў 10 назад даў беларускі гісторык Аляксей Літвін. Нягледзячы на тое, што за немцамі працавалі беларускія школы, былі спробы развіваць беларускую культуру і ствараць для беларусаў бацькаўшчыну, Літвін назваў кіраўніка Генеральнай акругі «Беларусь» «магільшчыкам беларускай дзяржаўнасці». Чаму? Бо у адрозненне ад свайго ўкраінскага калегі Коха, які імкнуўся знішчаць украінскі нацыяналізм, Кубэ падтрымліваў беларускі. Вынікам савецкія ўлады потым вельмі негатыўна ставіліся да любой праявы беларускай нацыянальнай дзейнасці, не кажучы ўжо пра вымогі ў накірунку незалежнасці. Што да атрымання незалежнасці з распадам СССР, беларускі народ яе дакладна не чакаў. Гэта была поўная неспадзеўка! На добры лад, тая незалежнасць Беларусі прыйшла з Масквы.Я цяпер якраз спрабую даследаваць гэта пытанне, аднак дагэтуль не маю адказу, што ж спрычынілася да смерці савецкай імперыі. Незадоўга да гэтага прэзідэнт ЗША Буш разам з віцэ-прэзідэнтам СССР Янаевым ездзіў ва Украіну, дзе заявіў, што Штаты гатовы супрацоўнічаць з рэспублікамі, але яны супраць расколу Саюзу. Аднак пасля Белавежы, дзе 8 снежня 1991 года Ельцын, Шушкевіч і Краўчук узаконілі распад «вялікага і магутнага», той жа Буш прызнае незалежнасць усіх рэспублік. Хто да гэтага спрычыніўся? Калі Ельцын, то хто на яго ўплываў? Ніякіх дакументальных доказаў той ці іншай версіі няма. «Беларускі ўрад і войска за немцамі — міф» — А якія эпізоды, што да падзеяў нямецкай акупацыі Беларусі, для вас застаюцца цмянымі? — Адным з такіх незразумелых фактаў ёсць стварэнне Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) — галоўнай інстанцыі беларускай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі. Рэч у тым, што Берлін не дазволіў стварыць падобную структуру ва Украіне і не даваў дазволу для Беларусі. Якім жа чынам гэта стала магчыма? Рэч у тым, што яшчэ Кубэ паклікаў Беларускую раду даверу — дарадчы орган, які браў удзел у пасяджэннях генеральнага камісарыята. Пасля смерці Кубэ ягоны наступнік фон Готберг ператварыў Раду даверу ў БЦР, на чале якой паставіў Радаслава Астроўскага. «Я не патрабую дазволу ў Берліна, бо маю Раду даверу, якую толькі актывізую. Яна павінна пашыраць у народзе антыбальшавіцкую прапаганду», — тлумачыў Готберг. Такая самая аперацыя была праведзеная і з войскам. Готберг не мог стварыць беларускае войска, але мог паклікаць падпарадкаваную яму 60-тысячную Баявую групу. У яе склад уваходзіла расійская дывізія Камінскага, татары, а рэшту кантынгенту аддалі пад Беларускую краёвую абарону (БКА). Астроўскі абвясціў мабілізацыю, на якую замест 10 запланаваных тысяч чалавек прыйшло 40 тысяч! Немцы за галаву схапіліся і распусцілі палову ахвочых.Праўда, на добры лад, беларускі ўрад у выглядзе БЦР з прэзідэнтам Астроўскім, Другі Усебеларускі кангрэс у чэрвені 1944-га, беларускае войска (БКА) — усяго толькі міф. Беларускага войска не магло быць, бо існавалі ўсяго два ўзброеныя батальёны, уніформу для якіх стварылі ўжо на эміграцыі (трэба ж было нешта паказаць нашчадкам). Другі Усебеларускі з’езд — таксама сумніўная падзея. Так, СБМавец Алесь Вiнiцкi пісаў ва ўспамінах, што, уцякаючы на Захад ад Саветаў, яны сустракалі дэлегатаў З’езду, якія паказвалі ім зацверджаныя немцамі свае выступленні. Дарэчы, гэты факт потым выкраслілі з кнігі ягоных успамінах на Захадзе. Затое дагэтуль застаецца феноменам стварэнне ў чэрвені 1943-га Саюзу беларускай моладзі. На ўсёй акупаванай тэрыторыі было яшчэ толькі дзве падобныя арганізацыі — у Латвіі і Эстоніі. Ані Украіна, ані Літва такіх саюзаў не мелі.Палітычнае значэнне СБМ (Сябрамі арганізацыі, па падліках Туронка, былі 10 тысяч беларускіх хлопцаў і дзяўчат - TUT.BY.) для Беларусі было велізарнае. Бо калі Латвія і Эстонія мелі перад гэтым 20 год незалежнасці, то для Беларусі гэта было змаганне за развіццё і ўмацаванне нацыянальнай свядомасці маладога пакалення. Менавіта таму сяброў Саюзу потым пераследавалі савецкія карныя органы, а прапагандысты называлі арганізацыю «беларускім Гітлерюгендам», хоць СБМ ніколі не быў фашысцкай арганізацыяй. — Што да незалежнасці і самасвядомасці, вы сказалі вышэй, што «працэс ідзе, справа не скончана». Значыць, і беларуская нацыя не да канца сфармаваная? — Напэўна, так. Для таго, каб завяршыць гэты працэс, патрэбен час і веды. Я тут гавару не пра хамскую, брутальную прапаганду ў духу беларускага тэлебачання, а пра нацыянальную адукацыю, якая дазволіць людзям разумець працэсы і праблемы. Што чакае беларускую мову? У 1990-х улады Беларусі былі вымушаны не фарсіраваць распаўсюд мовы. Асабліва ва ўсходніх раёнах, дзе расійшчына не была чужой і беларусізацыя магла ўспрымацца абсалютна адмоўна. З іншага боку, я кантактую багата з кім з Беларусі, і калі раней трэба было пагаджацца з расійшчынай, то цяпер усе гавораць па-беларуску. Беларускія студэнты, якія прыязджаюць вучыцца ў Польшчу, ведаюць беларускую мову… Увогуле, з прагнозамі трэба быць асцярожнымі. Яшчэ летась усе пісалі пра «незваротны характар дрэйфу Украіны на Захад». Цяпер, калі прэзідэнтам выбралі Януковіча, сітуацыя перавярнулася з ног дагары. Думаю, з часам можна будзе вырашыць і справу з беларускай мовай у Беларусі, і з нацыянальнай сімволікай, і са школьнымі падручнікамі. Лічу, што ўсё гэта прыйдзе.Але, улічваючы нядаўнюю гісторыю, гэта не можа быць адразу. Пакуль жа трэба карыстаць з таго, што ёсць, і пачынаць палітычнае, культурнае і дзяржаўнае адраджэнне ад саміх сябе. *** Юры Браніслававіч Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 г. у Дукштах (сёння - Літва) у сям’і дзеяча заходнебеларускага руху. Скончыў Дукштанскую пачатковую школу (1942), вучыўся ў Віленская гімназіі № 1. З перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945). Скончыў Галоўную школу планавання і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, даследуючы каньюнктуру міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе. Гістарычнымі даследаваннямі займаецца з пачатку 1960-х. Доктар гісторыі (1986). Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (шэсць выданняў: 1993-2007), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006). Жыве ў Варшаве.Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самы вядомы беларускі даследчык нямецкай акупацыі разважае пра мінулае і сучаснае.
|
|