«Мы чулі, што нас за спіной называюць талібамі»
25.06.2010 10:53
—
Разное
|
Палітык Павел Севярынец распавёў, калі прыйшоў да Бога, чаму сышоў з БНФ і як у Беларусі штогод забіваюць дзесяткі тысяч немаўлятаў.
«Я закрыў Біблію, адкрыў зноўку — і аказалася, на тым самым месцы» — Калі я прыкідваў, з чаго пачаць размову з вамі, падумаў, што пачну з таго пытання, якое мне здаецца самым галоўным для раскрыцця вашай асобы. Гэта пытанне веры, якая, відавочна, займае вялікае месца ў вашым цяперашнім жыцці. Калі вы прыйшлі да веры, што стала штуршком? — У 1998 годзе за акцыю 2 красавіка супраць аб’яднання Беларусі і Расеі я трапіў у ізалятар на Валадарцы. Пасля таго, як узнялася хваля міжнароднай падтрымкі, улады вырашылі адпусціць мяне на волю на тры дні, бо была нагода — няшчасце ў маёй сям’і. Я так разумею, што мяне адпусцілі для таго, каб я проста ўцёк з краіны. Аднак я прыняў рашэнне, што застаюся ў Беларусі.І вось я вяртаюся ў турму, і Аляксей Фралоў даў мне з сабой «Новы запавет». Калі я зноў апынуўся ў камеры, мне раптам стала здавацца, што я зрабіў нешта незваротнае, страціў свабоду. На нейкі момант мяне ахапіла паніка, я палез у сумку, і першае, на што наткнуўся, гэта была Кніга. Я раскрыў «Новы запавет» на ўдачу і трапіў вачыма на радок: «Няхай не сумняваецца сэрца ваша, веруйце ў Бога, і веруйце ў мяне», — кажа Ісус. Гэта Евангелле паводле Яна, 14‑ы раздзел, першы верш. Потым я закрыў Біблію, адкрыў зноўку — і аказалася, што на тым самым месцы. Гэта было для мяне вельмі моцным штуршком. Наступны месяц на Валадарцы я чытаў Біблію і маліўся.— Што гэта азначае — быць шчырым вернікам у нашым сённяшнім грамадстве? Паводле статыстыкі, вернікаў у Беларусі больш паловы. Але спытай такога «верніка», як часта ён ходзіць у царкву — адкажа: раз у тры гады. Ці лёгка быць сапраўдным, шчырым вернікам сярод большасці на самой справе свецкіх, не вельмі рэлігійных людзей? — Быць вернікам — гэта проста. Проста трэба верыць у Бога, трэба давяраць Богу, і ўсё верніку садзейнічае на дабро. Трымаючыся гэтага прынцыпу, можна не хвалявацца за тое, што будзе, можна не баяцца, што нешта кепскае здарыцца, і пазбегнуць тых праблем і хваляванняў, што ўласцівыя звычайнаму чалавеку. Але адначасова гэтая «простасць» нясе з сабой і пэўны цяжар, гэта нялёгкая «простасць». Бо ўсе мы людзі грэшныя, і нават калі мы хрысціяне, мы не пазбаўляемся цяжару граху. І вось гэты цяжар штодзённага пераадольвання граху з дапамогай Божай — самы вялікі. «Выступаць за тое, каб грэх быў прызнаны нормай, мы, хрысціянскія дэмакраты, не можам» — Калі пераходзіць да сувязі паміж верай і палітыкай, да дзейнасці Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, адным з сустаршынёй якой вы з’яўляецеся, то адна з галоўных прэтэнзій да БХД гучыць прыблізна так — чаму вы вырашылі, што менавіта вы павінны вызначаць, што ў палітыцы маральна, а што — не? Маўляў, палітыка — такая ж прафесійная дзейнасць, як і іншая, і нельга змешваць яе з рэлігіяй. — Такі стэрэатып у грамадстве ёсць. Але БХД — гэта не царква і не рэлігійная арганізацыя. Мы не можам на сябе браць функцыі царквы і касцёлу і займацца пропаведдзю альбо браць на сябе тлумачэнне, што духоўна, а што не. Задача Хрысціянскай дэмакратыі — пераўтвараць хрысціянскія каштоўнасці ў прынцыпы штодзённага палітычнага й эканамічнага жыцця, канкрэтныя палітычныя і эканамічныя законапраекты. — Але ў хрысціянстве існуе шмат канфесій, шмат тлумачэнняў Бібліі нават у рамках адной пратэстанцкай плыні. Хто можа рашаць, што правільна? Прывяду адзін з апошніх прыкладаў. Адзін з кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін выказаўся наконт скандальнага інтэрв’ю Яраслава Раманчука, у якім той адказваў у тым ліку і на пытанні пра сексуальныя тэмы. Шэін у гэтай сувязі заявіў, што «з такімі заявамі Яраслава Раманчука будзе складана, нават немагчыма дамовіцца аб супольнай працы не толькі з БХД, але і з многімі прадстаўнікамі правацэнтрысцкай апазіцыі». Але Раманчук таксама шчыры вернік, у інтэрв’ю для маёй рубрыкі ён нядаўна сказаў, што ходзіць у касцёл. Чаму вы рашаеце, што добра, а што кепска? — Тут для нас крытэрам ісціны з’яўляецца рашенне царквы. Калі ўсе канфесіі і цэрквы ў Беларусі асуджаюць легалізацыю прастытуцыі, за што выступіў Яраслаў Раманчук у сваім інтэрв’ю (словы Шэіна тычыліся ў асноўным гэтага), то, безумоўна, мы з насцярогай паставімся да такога кандыдата.Мы разумеем, які свет вакол нас, і будзем гутарыць і з Раманчуком, і з Калякіным, але выступаць за тое, каб грэх быў прызнаны нормай, мы, хрысціянскія дэмакраты, не можам. Таму хрысціянскія дэмакраты ва ўсім свеце выступаюць супраць легалізацыі прастытуцыі, супраць усынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі і гэтак далей. — Гэта значыць, тут вы будзеце ісці за царквой? Але царква мянялася цягам стагоддзяў. Калі раней інквізіцыя спальвала людзей, то цяпер гэта прызнана памылкай і за гэта царква выбачалася. Царква падтрымлівала і рабства, і феадальны лад, але падыходы мяняліся, станавіліся больш прагрэсіўнымі. І калі царква зменіць сваё стаўленне да той самай гомасексуальнасці, то што вы будзеце рабіць? Услед за ёй будзеце мяняць сваю пазіцыю? — Я веру, што такога не адбудзецца. Ёсць нязменныя рэчы. Напрыклад, стаўленне да абортаў як да забойства. Гэта не азначае, што мы за тое, каб проста забараніць аборты.У БХД ёсць заканадаўчыя прапановы, каб напачатку зменшыць колькасць абортаў і паставіць гэтую праблему ў грамадстве. Каб грамадства ўсвядоміла, што гэта забойства, а не хірургічная аперацыя, як выдаленне зуба. У Беларусі штогод забіваюць дзесяткі тысяч немаўлятаў! Увогуле, ва ўсіх справах, якія тычацца веры альбо веравызнання, мы прымяняем формулу святога Аўгусціна: «У галоўным — адзінства, у спрэчным — свабода, але ва ўсім — любоў». — Тым не менш дзейнасць БХД апошнім часам сярод вашых калегаў па дэмакратычным лагеры выклікае ўсё большае раздражненне. Вы чулі, што вас за спіной называюць талібамі? — Чулі. Але тут не трэба прыгадваць Афганістан, а лепш прыгадаць гісторыю Беларусі. Беларусь — гэта заўсёды было спалучэнне хрысціянскай веры і моцнага дэмакратызму. І сапраўды, рост БХД — гэта факт. Магчыма, ён нават большы, чым разлічвалі нашы паплечнікі. Магчыма, хтосьці думаў, што БХД зойме нішу і будзе спакойна ў ёй пасопваць. Але мы хочам стварыць вядучую палітычную сілу, што грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Калі ў палітыкуме бачаць сілу, якая набірае вагу, то раздражненне — самае меншае, чаго можна чакаць. Таму мы да гэтага ставімся спакойна. Але мы хочам застацца сілай, якая зыходзіць не з пазіцый гвалту, а з хрысціянскіх пазіцый прапановы альтэрнатывы. І мы лічым, што яскравая прапанова з нашага боку ўрэшце будзе прымацца і перастане выклікаць супраціў. «Мне шкада тых людзей, якія не спазналі Бога» — А як вы асабіста ставіцеся да людзей, абыякавых да рэлігіі? Вось вы знаёмыя з нейкім чалавекам, пачынаеце больш з ім кантактаваць і высвятляеце, што ён зусім не падзяляе вашых рэлігійных перакананняў. Ваша стаўленне да яго мяняецца? — Мяняецца. Мне шкада тых людзей, якія не спазналі Бога. Таму маё першае памкненне — такім людзям дапамагчы. І я стараюся ім распавесці пра Бога тое, што я ведаю. Як палітык, я імкнуся гэта рабіць асцярожна. Разам з тым, мне заўсёды хочацца пераканаць людзей у праўдзівасці Евангелля і прынцыпах хрысціянскай дэмакратыі. — Давайце ўзгадаем некаторыя факты вашай біяграфіі. У 1997 годзе вы былі абраны старшынёй Маладога Фронту, а ў 1999 годзе, у 23 гады, вы ўжо былі намеснікам старшыні Партыі БНФ. Вельмі яркая і паспяховая палітычная кар’ера. Але вы даўно ўжо не ў Фронце. Чаму так? — Гэта звязана з маім жыццёвым шляхам, маёй верай, калі я зразумеў, што шлях адраджэння Фронту — гэта шлях хрысціянска‑дэмакратычны. Мы з паплечнікамі паспрабавалі ператварыць БНФ у партыю хрысціянска‑дэмакратычнага кірунку. Гэта было хутка заўважана, і ўжо ў 2001 годзе тагачаснае кіраўніцтва БНФ пачало змагацца з хрысціянскай плынню. У выніку мне прыйшлося сысці разам з паплечнікамі з Маладога Фронту — і ствараць БХД. — Як вы ставіцеся да таго, што зараз адбываецца з БНФ — гэтыя звадкі, працэсы дзялення і выгнання? — У гэтым ёсць пэўная гістарычная заканамернасць. Усе рухі, якія прывялі да падзення камунізму ва Ўсходняй Еўропе, распаліся. Тое, што зараз там адбываецца, было запраграмавана яшчэ ў 1999 годзе, калі адбыўся першы падзел фронту на 2 часткі, потым пайшлі спробы выключэнняў, партыйных чыстак і гэтак далей. Мне здаецца, што шлях да адраджэння БНФ — гэта абнаўленне, рэфармаванне Фронту, магчыма, змена назвы. — Як вы з пункту гледжання веры цяпер глядзіце на тое, што вы адбылі абмежаванне волі, гэтак званую «хімію»? Гэта было пакаранне за нешта альбо выпрабаванне, падрыхтоўка? — Гэта хутчэй было выпрабаванне і падрыхтоўка. Кожны вернік мае сваю пустыню, калі ён апынаецца ўдалечыні ад усіх, сам‑насам з Богам, пераацэньвае свае ўчынкі і рыхтуецца да чагосьці. Для мяне год і 9 месяцаў у Малым Сітна — гэта была падрыхтоўка да адраджэння БХД. Там я думаў, маліўся і атрымліваў той зарад, з дапамогай якога раблю гэтую працу. Да таго ж, калі кожны дзень у занядбанай вёсачцы бачыш жыццё, якім жывуць мільёны тваіх суайчыннікаў, — гэта вельмі вялікая навука для любога палітыка. «Не хачу быць прэзідэнтам» — У вас у БХД 4 сустаршыні. І калі ў пачатку адраджэння партыі гэты працэс найперш звязваўся з вашай асобай, то апошнім часам вы неяк адышлі ў цень на фоне Віталя Рымашэўскага, які вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты ад БХД. Вы наўмысна прыглушаеце сваю ролю дзеля партыі, «дзеля агульнай справы»? — Я свядома канвертую свой асабісты патэнцыял у партыйны. І гэта варта рабіць, бо партыя заўсёды зробіць больш, чым адзін чалавек. І калі ў нас ёсць кандыдат у прэзідэнты, ён мусіць быць лідэрам. Таму трэба «саступіць лыжню», каб ён мог весці партыю наперад. А сустаршынства — гэта пытанне палітычнай культуры. І мы паказваем прыклад, калі 4 чалавекі доўгі час могуць быць на роўных і знаходзіць паразуменне паміж сабой, паспяхова вырашаючы палітычныя пытанні. — А самі вы хочаце быць прэзідэнтам? — Не. Гэта надта цяжкі крыж. Я ўсё‑такі лічу, што Гасподзь даў мне іншае пакліканне, і яно звязана з літаратурай. Пішу раман пра Беларусь.Палітыкай я займаюся, сыходзячы з адказу на пытанне «хто, калі не я». Калі бачу, што магу нешта зрабіць, а вакол гэта не робіцца, то адчуваю сябе адказным. — І калі прыйдзе той момант, калі вы палічыце, што ваша роля ў палітыцы выкананая і можна заняцца любімай справай? — Калі ў Беларусі пераможа хрысціянская дэмакратыя. Калі яна стане вядучай палітычнай сілай ва ўсёй краіне. І тады мы здолеем пераўтвараць Беларусь у адпаведнасці са сваімі прынцыпамі. — Калі мы гаворым пра будучую перамогу дэмакратыі, то наколькі яна рэальная ўжо на гэтых выбарах? — Веру, што такая магчымасць ёсць. Яна не вельмі вялікая, але ёсць. Рана ці позна любая дыктатура заканчваецца, ужо зараз мы бачым фазу позняга застою рэжыму. І ўсё гэта скончыцца нейкай перабудовай. Гэта магчыма ўжо падчас гэтай кампаніі. — За сваю палітычную кар’еру вы больш за 40 разоў затрымліваліся міліцыяй і КДБ, агулам правялі пад арыштам больш за 7 месяцаў — і гэта калі не лічыць год і 9 месяцаў «хіміі». Але слухаючы вашы разважанні пра рэлігію, магчыма, некаторыя зададуцца пытаннем — а ці гэта той самы смелы і адважны Севярынец, якім ён быў у 90‑х? Ці прыйдзеце вы на плошчу падчас выбараў? — На плошчу я прыйду, гэта адназначна. Веру, што Бог дае смеласць і адвагу нават тым людзям, якія баяцца. І я веру, што беларусы пераадолеюць свой страх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палітык Павел Севярынец распавёў, калі прыйшоў да Бога, чаму сышоў з БНФ і як у Беларусі штогод забіваюць дзесяткі тысяч немаўлятаў.
|
|