Шукаем беларускія яблыкі. 21.by

Шукаем беларускія яблыкі

07.10.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Сёлета ўсе звяртаюць увагу на тое, якая ўрадлівая гэтая восень на яблыкі. Ці азначае гэта, што цяпер беларускія яблыкі можна будзе знайсці не толькі на рынку, але і ў крамах?

На рынку яблыкі на любы густ

– Яблыкаў столькі, што не ведаю, куды іх дзець, – кажа Зінаіда Цярэшка, гандлярка на рынку райспажыўтаварыства. – Паставіла ўжо кошт 2 тысячы рублёў за кілаграм, а з самага ранку яшчэ ніхто не падышоў. Ва ўсіх цяпер сваіх яблыкаў хапае, таму і не набываюць. У мяне ўсяго тры яблыні расце, але яблыкаў сёлета атрымалася недзе паўтоны.

На рынку сапраўды ледзь не кожны другі гандляр прадае яблыкі. Тут можна знайсці і антонаўку, і белы наліў, і ананасавыя яблыкі.
Што рабіць з такім ураджаем, кожны вырашае сам. Некаторыя вараць варэнні ці ставяць кампоты, некаторыя сушаць яблыкі ці проста захоўваюць у халаднаватым месцы, каб як мага даўжэй захаваць іх свежымі. Яно і зразумела: яблык з уласнага сада заўсёды будзе смачнейшы за пакупны.

Яблык праязджае 1500 кіламетраў

Зусім іншую карціну можна назіраць у маладзечанскіх крамах. Прайшоўшыся па некалькіх з іх, можна налічыць ледзь не дзясятак краін, з якіх прывозяцца яблыкі ў Беларусь. Гэта і суседняя Польшча, і Галандыя, і Францыя з Бельгіяй. Каштуюць заморскія яблыкі не танна: да 26 тысяч за кілаграм.

Вязуць іх з другога канца Еўропы: напрыклад, каб трапіць з Галандыі ў Беларусь, яблыкі мусяць пераадолець адлегласць у 1500 кіламетраў. Вядома, доўгі перавоз пасля адбіваецца на цане. Нягледзячы на доўгую дарогу, выглядаюць такія яблыкі прыгожа, часам нават занадта штучна. Некаторыя фірмы на кожны яблык клеяць налепкі са сваёй назвай.

Беларускія яблыкі на іх фоне выглядаюць сціпла. Не таму, што не маюць налепак, а таму, што займаюць зусім мала месца на паліцах крамаў. Прадстаўленыя яны не так шырока: у звычайнай маладзечанскай краме можна пабачыць хіба што адзін від беларускіх яблыкаў. Кошт на іх у некалькі разоў ніжэйшы за прывазныя – 3500-4000 рублёў за кілаграм.

– Цяпер ніякія яблыкі не карыстаюцца попытам, – заўважае Лідзія Бондар, дырэктар крамы адной з папулярных гандлёвых сетак. – Ва ўсіх ёсць дачы ці нейкія сваякі, што жывуць у вёсцы. Таму пакуль людзі альбо ядуць свае яблыкі, альбо набываюць іх на рынку. Хаця ў нашай краме набываюць і самыя дарагія, прывезеныя з Францыі: па 1-2 кілаграмы ў дзень прадаецца.

Сёлета сапраўды вялікі ўраджай мясцовых яблыкаў, з гэтым пагаджаюцца і ў крамах. Але такога не бывае штогод. Таму прывазныя яблыкі заўсёды застануцца на прылаўках – кантракты з замежнымі фірмамі доўгатэрміновыя, разлічаныя на некалькі гадоў. Іначай магло б атрымацца так, што ва неўраджайны год беларусы ўвогуле б засталіся без яблыкаў.

Да таго ж, крамы не могуць закупляць садавіну ў прыватных асобаў, а толькі ў калгасаў. Таму тыя гаспадары, у якіх сёлета вельмі вялікі ўраджай, мусяць размяркоўваць яго уласнымі сіламі.

Беларусам не хапае “яблычнай культуры”

Лідзія Бондар адзначае: мясцовыя яблыкі, вядома, нічым не горшыя за прывазныя. Але прадаць іх больш складана. У гэтай сітуацыі варта звярнуць увагу на тое, як збіраюцца яблыкі, як яны перавозяцца і захоўваюцца.

За мяжой большая ўвага надаецца культуры вырошчвання садавіны. Так, замежныя фермеры не будуць чакаць, пакуль яблыкі пачнуць падаць з дрэў. Ад канца цвіцення яблыні яны адлічаць тэрмін, праз які дадзены від яблыкаў будзе ў “аптымальнай” форме: ужо не зялёны, але яшчэ і не пераспелы. У патрэбны дзень фермер здымае яблык з галінкі з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Такім чынам яблыкі не пашкоджваюцца ад падзення.

– Вы, напэўна, бачылі, як перавозяць нашы яблыкі? – кажа Лідзія Бондар. – Іх проста перасыпаюць з адной скрыні ў другую! Вядома, пры гэтым яны б’юцца. Ад гэтага губляецца не толькі іх знешняя прывабнасць для пакупніка. Пабітыя яблыкі хутка пачынаюць гніць і псавацца. Таму беларускі ўраджай не можа даляжаць да новага года.

Вядома, на тэрмін захоўвання замежных яблыкаў уплывае і іх знешняя апрацоўка. Часта можна набыць яблыкі, памазаныя спецыяльным воскам – гэта дапамагае і зрабіць іх больш прывабнымі, і захаваць даўжэй.

Але не апошнюю ролю іграе і беражлівая перавозка. Тыя ж французы упакоўваюць садавіну ў спецыяльныя скрыні, у якіх кожны яблык ляжыць у сваім латочку. Нават дарога ў тысячу кіламетраў не страшная для добра ўпакаванай садавіны.

Цяпер у маладзечанскіх крамах можна набыць мясцовыя яблыкі. Але ўжо з пачатку зімы ў большасці выпадкаў іх заменяць замежнай садавіной. Культура вырошчвання яблыкаў пакуль не прыжылася на Беларусі.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ўсе звяртаюць увагу на тое, якая ўрадлівая гэтая восень на яблыкі. Ці азначае гэта, што цяпер беларускія яблыкі можна будзе знайсці не толькі на рынку, але і ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика