У Крэўскім замку адкапалі турму, з якой пачаўся новы этап нашай гісторыі. 21.by

У Крэўскім замку адкапалі турму, з якой пачаўся новы этап нашай гісторыі

09.11.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сапраўды, можна лічыць, што гэта адбылося менавіта тут — у беларускім мястэчку Крэва, Крэўскім замку і яго скляпенні, дзе былі зняволеныя Ягайлам у выніку дынастычнай барацьбы яго брат Вітаўт і дзядзька Кейстут. Кейстут быў задушаны, але Вітаўт вырваўся з палону і стаў вялікім князем. Дзякуючы яму былі ўпісаны залатыя старонкі ў гісторыю ВКЛ, большую частку якога складалі беларускія землі.

Аднак дзе дакладна тыя таямнічыя скляпенні? Доўгі час яны былі схаваны ад вачэй турыста. Не знайшлі іх і журналісты “НГ”, калі ў верасні ў межах праекта “Сто мясцін, якія павінен наведаць кожны беларус” наведваліся ў Крэва. І вось літаральна праз некалькі тыдняў тая самая турма знойдзена!

Тры тыдні на Крэўскім замку вяліся археалагічныя раскопкі — супрацоўнікі Акадэміі навук і мінскай будаўнічай фірмы “Барбакан” рыхтавалі глебу для далейшай рэстаўрацыі крэпасці ў сувязі з пачаткам Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”. Згодна з праектам муры замка плануецца закансерваваць, а тую самую загадкавую Княжацкую вежу, якая і выклікае ў турыстаў найбольшую цікавасць, — рэканструяваць.

— Калі верыць летапісцам, у Княжацкай вежы (вы адразу трапляеце да яе, калі пад’язджаеце да замка з боку мястэчка) сапраўды знаходзіўся ў зняволенні Кейстут, там жа ён быў задушаны наёмнікамі Ягайлы, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. — Мы заклалі два шурфы глыбінёй да пяці метраў, якія дазволілі ўбачыць асаблівасці канструкцыі вежы, дабрацца да яе ніжніх ярусаў і падлогі скляпення. Мяркуем, Кейстут  знаходзіўся на цокальным ярусе гэтай вежы.

Вежа яшчэ адкрыта не на ўсёй плошчы. Праца, якая пакуль што спынена з-за кліматычных умоў, па словах Алега Іванавіча, будзе абавязкова працягнута. Праект рэстаўрацыі замка прадугледжвае максімальна захаваць аўтэнтычны выгляд вежы і яе канструкцыі. Таму скляпенне будзе накрыта і закансервавана. Нарэшце турысты на свае вочы змогуць убачыць, дзе ж адбылася тая знакавая гістарычная падзея і быў задушаны па загадзе свайго пляменніка Ягайлы князь Кейстут — яго галоўны сапернік, прэтэндэнт на трон вялікага князя літоўскага.

— Унізе, дарэчы, досыць цікава, — расказвае Алег Дзярновіч. — Акрамя таго што даследавалі канструкцыю вежы, знайшлі рэшткі жывапісу. Каля тысячы фрагментаў! Аказваецца, скляпенні былі атынкаваны і абмаляваны. Цікавая знаходка — рэшткі арбалетных балтоў. Відаць, захаваліся з ХVI стагоддзя, калі Свідрыгайла штурмаваў замак. А яшчэ — кельня будаўніка Крэўскага замка з XIV стагоддзя (!), якая апынулася ў скляпенні пасля будаўнічага абвалу.

Даследаваць вежу няпроста. Вядома, ужо ў XVI стагоддзі яна была ў разбураным стане. Асабліва моцна вежа пацярпела ў час Першай сусветнай вайны, калі праз Крэва праходзіла лінія расійска-нямецкага фронту.

— Работы з мэтай даследавання вежы і яе далейшай рэканструкцыі пачыналіся яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, — расказвае Алег Іванавіч. — Але яны хутка прыпыніліся з-за фінансавых праблем. Сёлета аднавіліся. Веру, перспектывы ў іх вельмі светлыя і радасныя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тры тыдні на Крэўскім замку вяліся археалагічныя раскопкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика