Самага “народнага” акцёра вызначаць журналісты “Народнай газеты”. 21.by

Самага “народнага” акцёра вызначаць журналісты “Народнай газеты”

09.11.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Здаецца, толькі нядаўна мы віншавалі пераможцаў І Нацыянальнай тэатральнай прэміі, праведзенай летась Міністэрствам культуры. І вось у тэатральных дзеячаў Беларусі зноў з’явіўся шанц атрымаць галоўную тэатральную ўзнагароду краіны — бронзавую “Купалінку” вагой пяць кілаграмаў. Пераможцаў ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі вызначаць на тэатральных пляцоўках Мінска з 12 па 18 лістапада.

Сёлета конкурс тэатральнага мастацтва выклікаў яшчэ большую зацікаўленасць прафесійных калектываў краіны, чым у мінулым годзе. Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 39 заявак ад 28 драматычных, музычных, лялечных, а таксама Вялікага опернага тэатраў (летась было 27 заявак). Аднак адбор камісіяй Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у якую ўвайшлі мастацтвазнаўцы, крытыкі, вядучыя дзеячы тэатральнага, музычнага мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў Беларусі, Міністэрства культуры, прайшлі менш за палову.

Адбор спектакляў праходзіў у два этапы. Спачатку члены камісіі глядзелі іх відэаверсіі, а пасля непасрэдна выязджалі ў тэатры Брэста, Віцебска, Пінска, іншых гарадоў, дзе знаёміліся ўжо з арыгінальнымі версіямі пастановак. Пасля гэтага на пасяджэнні экспертаў шляхам галасавання было вызначана 16 намінантаў конкурсу. Сярод спектакляў-шчасліўчыкаў — “Аіда” Джузэпэ Вердзі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, “Вянчанне” Вітольда Гамбровіча Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Сродак Макропуласа” Карэла Чапека тэатра-студыі кінаакцёра, “Аднакласнікі” Юліі Чарняўскай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, “Чарадзейны пэндзлік” Алесі Сабела і Ігара Казакова Магілёўскага абласнога тэатра лялек і іншыя.

Пераможцы ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі будуць вызначаны ў наступных намінацыях: “Лепшы спектакль”, “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшы спектакль для дзяцей”, “Лепшая рэжысёрская работа”, “Лепшая жаночая роля”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшае музычнае афармленне спектакля”, “Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка”, “Лепшая пастаноўка паводле твора сучаснага беларускага аўтара”. Лепшы спектакль Беларусі будзе адзначаны грашовай прэміяй у 25 мільёнаў рублёў. Пераможцы ў астатніх намінацыях атрымаюць па шэсць мільёнаў.

“Народная газета”, якая ніколі не была абыякавай да культуры і ў прыватнасці да тэатральнага мастацтва, таксама далучылася да заахвочвання таленавітых тэатральных дзеячаў Беларусі і заснавала для намінантаў прэміі спецыяльны прыз “За народнасць і грамадзянскасць”. Імя самага “народнага” акцёра на думку журналістаў “Народнай газеты” будзе названа на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі вечарам 19 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Далучыцца да вялікага мастацтва і наведаць лепшыя беларускія тэатральныя пастаноўкі можна будзе ў сталічных тэатрах з 12 па 18 лістапада.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераможцаў ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі вызначаць на тэатральных пляцоўках Мінска з 12 па 18 лістапада.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика