“Форму на чэмпіянат свету мы шылі самі”. 21.by

“Форму на чэмпіянат свету мы шылі самі”

29.03.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Пераможца Вадзім Роліч разам з суддзёй.

Чацвёра  маладзечанцаў – Вадзім Роліч, Юлія Загорская, Юльян Мурадзян, Кацярына Масніцкая – прывезлі чатыры медалі з чэмпіянату свету па тайскім боксе сярод юніёраў, які праходзіў у Стамбуле (Турцыя) з 11 па 17 сакавіка.

Падчас размовы з прызёрамі высветлілася, што зламаны нос і выбітыя зубы – гэта ў парадку рэчаў, танец перад боем абавязковы ў тайскім боксе, а Стамбул хлопцам і дзяўчатам давялося пабачыць толькі праз вокны аўтобуса.

– Гэта першы чэмпіянат такога ўзроўню ў вашым жыцці?

Юля: Так. Чэмпіянат свету першы.

Юлія Загорская, ўладальніца сярэбранага медаля.


– Колькі краін прымала ўдзел у чэмпіянаце?

Юля: Сорак  камандаў з сарака краін свету. З Беларусі было дванаццаць удзельнікаў. І прывезлі адзінаццаць медалёў!  З Маладзечна былі чатыры чалавекі. І ўсе вярнуліся з медалямі. Вадзім Роліч заняў першае  месца, я і Юльян – другое, Кацярына – трэцяе.


– Як прымалі вас у Турцыі?

Каця: Доўга давялося чакаць рэгістрацыі, доўга чакалі нейкіх “важных” людзей. Цэлы дзень сядзелі галодныя, а так – класна. Праўда, жылі мы далёка ад цэнтра горада, таму Стамбул давялося ўбачыць толькі праз вокны аўтобуса.

Юля: І ў моры нават не паплавалі. Увесь час ішлі дажджы.

– Юля, вы сказалі, што ў вас з Юльянам другія месцы, у Кацярыны – трэцяе. Раскажыце пра гэта. Цяжка было?

Юля: Цяжка. Вельмі цяжка. Я білася з турчанкай, а яны вельмі моцныя сапернікі. Яна мяне яшчэ перад боем напалохала. Глядзіць такімі чорнымі вачыма.  Да таго ж, мая саперніца была на галаву вышэйшая. Узяла  мяне ў клінч (захоп, прыём у боксе). Ёй зручна было, яна ж вышэйшая. І з усёй моцы ўдарыла каленам ў печань. Так балела, як ніколі. Я не стрымалася, расплакалася пасля бою. Крыўдна.

Каця: А мне палічылі два накдаўны ў другім раўндзе. І ўсё – трэцяе месца.

Юльян (тлумачыць для мяне):  накдаўн – гэта калі пасля ўдару пачынаеш “плыць”. Адчуванне, што страчваеш прытомнасць. А я прайграў па ачках. Мой сапернік, англічанін, зламаў мне нос.


– Вы так лёгка пра гэта гаворыце. А ўвогуле траўмы часта бываюць?

Юля: Канешне. І пераломы, і сінякі. Як жа без гэтага. Гэта ж спорт. Бывае, што і пальцы на нагах ламаюць, зубы выбіваюць.

Каця: Так. Бывае, як урэжуць з усёй моцы нагой у зубы праз капу… Дастаеш капу, а там зубы.

Юля: Ага, класна… (усе смяюцца).


Дадам ад сябе: насупраць мяне сядзяць дзве прыгожыя дзяўчынкі. Напэўна, у спартсменаў так прынята... Я сабе нават і ўявіць не магу, як такія мініяцюрныя дзяўчаты могуць так проста  ўсміхацца, распавядаючы пра фізічны боль.

– Можа, у вас ёсць нейкія асаблівыя абрады, прыкметы?

Юля: У нас на галаву ёсць павязкі, якія называюцца мангкон. Вось яны перад боем асвячаюцца ў царкве. І ў рукі іх нікому не дазваляецца браць. Перад боем танцуюць вайкру, танец такі. Танцуюць разам з сапернікам. А потым бой.

Юльян: Усміхацца трэба. Заўсёды. Так лягчэй перамагчы, калі ты ўсміхаешся саперніку ў твар. Паверце мне.


– А хто прафінансаваў паездку?

Юля: Часткова бацькі, часткова спонсары, часткова дзяржава.

– А калі агучыць суму. Колькі каштуе з’ездзіць на чэмпіянат свету?

Юльян: Прыкладна 1500 еўра на чалавека.

Юля: Ну і так выдаткі розныя. Туды-сюды. Мы за свае грошы шылі форму. Каб аднолькавая бы­ла.


– Пытанне больш да дзяўчат. Чаму вы сярод шматлікіх відаў спорту выбралі менавіта бокс?

Кацярына: А чаму не? Вы думаеце, у гімнастыцы лягчэй?

Юля: Я тры гады таму прыйшла, паглядзела. Мне спадабалася. І засталася.

– Я чытала каментары ў інтэрнэце, сярод іх трапляюцца і такія: бедны муж будзе. Як вы ставіцеся да такога меркавання?

Юля: Усё гэта лухта. Мне ні разу не даводзілася ўжываць баявыя навыкі ў паўсядзённым жыцці.

– А калі давядзецца?

Юля: Не ведаю, блага, напэўна, будзе таму, каму давядзецца ўмазаць. (Смяецца)

Юльян: А мне даводзілася. Нічога.

Каця: Ну, гэта ж глупства кулакамі вырашаць праблему. Іншая справа на рынгу.

– Юльян, а як ты ставішся да дзяўчат-баксёрак?

– Нармальна. У паўсядзённым жыцці – як да дзяўчат. На рынгу – як да таварышаў па камандзе.

– А дзе вы займаецеся?

Юля: Клуб “Гладыятар”. Трэнеры вельмі добрыя, таму і вынік такі. Міхаіл Яўгенавіч Панцюхоў, Аляксандр Міхайлавіч Панцюхоў, Сяргей Міхайлавіч Панцюхоў вельмі падтрымліваюць. З імі ніколі не спрачаемся. Тут жалезнае правіла: трэнеру заўсёды лепей відаць.

– А як бацькі рэагуюць?

Каця: Падтрымліваюць.

Юля: Мама мая, дарэчы, думала, што гэта мой апошні чэмпіянат. Я да гэтага ніколі не прайгравала. Дваццаты бой гэта быў. І першы раз другое месца. Да гэтага толькі перамагала. Калі мне здымалі пальчаткі, думала: толькі б не заплакаць тут. Але наадварот з’явілася злосць: даказаць, што я ўсё ж такі мацнейшая.


– Жыццё далейшае плануеце звязваць са спортам?

Юля: Канешне. Плануем паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Дарэчы, там столькі ўжо чалавек з нашага клуба вучыцца, што хутка трэба будзе філіял універсітэта ў Маладзечне адкрываць.

– Цяпер будзеце адпачываць?

Каця: Якое там! У нас спаборніцтвы ўжо на гэтым тыдні!  Да наступнага чэмпіянату трэба рыхтавацца.

– А калі ён будзе? І дзе?

Каця: Хутка. У канцы мая ў Бразіліі і Венгрыі.

Юля: Некаму пашчасціць трапіць у Бразілію (глядзіць на Юльяна).

– Чаму толькі Юльяну?

Юльян: А я ўваходжу ў зборную Беларусі. Таму ў мяне перспектыў больш.

– Як да Бразіліі і да Венгрыі будзеце дабірацца?

Юля: Не ведаем. Чакаем падтрымкі спонсараў. Насамрэч, у Беларусі ў гэтым відзе спорту вялікая будучыня. Ужо цяпер на вось гэтым юніёрскім чэмпіянаце ў Турцыі Беларусь сябе паказала з самага найлепшага боку.

Наталля ТУР.

Фота забяспечана Наталляй ТУР.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чацвёра  маладзечанцаў – Вадзім Роліч, Юлія Загорская, Юльян Мурадзян, Кацярына Масніцкая – прывезлі чатыры медалі з чэмпіянату свету па тайскім боксе сярод...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика